Хлопец успомніў, як ён нядаўна, гэтай вясною, вяртаючыся познім вечарам з Плёхава, ад цёткі, свіснуў на скрыжаванні за сваёю вёскай. Кажуць, што, калі там свіснуць апоўначы, — з'явіцца чорт. Хлопец свіснуў, а чорт не з'явіўся. Можа, таму, што яшчэ не поўнач была? Яму, аднак, стала страшна, ён спачатку пайшоў памалу, а потым не вытрымаў — азірнуўся, пайшоў хутчэй і, нарэшце, пабег. І толькі ўжо на вуліцы, а яшчэ больш на сваім двары падумаў, што вось і не вельмі спалохаўся.
Успомніў хлопец таксама і тое, як летась у жніво была вялікая навальніца, а пад вечар, калі яна сціхла, маці паслала яго на далёкае поле, паправіць паваленыя ветрам і ліўнем жытнія мэндлі. Уранні таго дня, яшчэ задоўга да навальніцы, у Ніжніх Байдунах было накідана «афішак» (так у нас называлі лістоўкі), у якіх не па-польску, але па-нашаму было надрукавана, каб не плаціць панам-пілсудчыкам падаткаў, дамагацца школы на роднай мове, свабоды зняволеным палітвязням, дамагацца, каб і тут, як у Савецкім Саюзе, была ўлада рабочых і сялян. Хлопец ціха ішоў па мокрым бадылістым жытнім іржышчы, набліжаўся да мэндляў, адны з якіх былі абернуты, а з іншых толькі пазбівала шапкі, ішоў і думаў, што тыя смелыя і таямнічыя, хто раскідаў «афішкі», цяпер — сядзяць у мэндлях… Яму было сцішнавата, і ён пачаў ціха напяваць. З дзвюх песняў, якія ўжо трохі ведаў — «Ад веку мы спалі» і «Вставай, проклятьем заклейменный». Спяваў не так для смеласці, як дзеля таго, каб пачулі тыя, што недзе тут сядзяць у мэндлях, а ноччу зноў пойдуць па вёсках, спяваў, каб пачулі і зразумелі, што ён ім — свой…
А што ж ён будзе рабіць цяпер, калі прыйдуць уланы — па іхні авёс? Няўжо толькі крычаць? Няўжо яны тады адразу вернуцца, уцякуць?..
Навокал сакаталі конікі, у небе паміргвалі, таксама незлічоныя, зоркі, у вёсцы амаль зусім аціхла гамана, вось-вось павінен быў пачуцца горн адбою… Лета гарачае канчалася, але дні былі яшчэ ўсё па-летняму доўгія. Хлопец, пастух, устаў вельмі рана, за дзень набегаўся, а потым, пад вечар, і нагледзеўся. На цёплым аўсе, пад дзяругай і кажушком, нядаўна павячэраўшы, было так цёпла, што песню горна хлопец пачуў ужо як праз сон. А потым — каб і стралялі яны, з усіх сваіх карабінаў — і таго не пачуў бы…
Уранні ён прахапіўся раней, чым у вёсцы пачуўся сігнал вайсковай пабудкі. Мэндляў абапал яго — не было!.. Нейкі момант ён, яшчэ седзячы, лыпаў вачыма, тужыўся разгадаць, што ж гэта адбылося, а потым, устаўшы, убачыў свой авёс. Крокаў за трыццаць далей, трохі за ўзгорачкам, відаць толькі крайнія шапкі. Падбег туды, палічыў. Усе пятнаццаць, без таго, шаснаццатага, на якім спаў. І пастаўлены хораша, нібы тут яны і стаялі.
Спачатку хлопец занёс туды і паставіў шаснаццаты, потым ішоў дахаты і на Цівунчыкавым двары, дзе спалі і ўланы і коні, сустрэў дзядзьку Алісея.
— Здароў, Іванко, — адказаў той на прывітанне, нібы нічога ніякага, як і заўсёды. Але па ўсмешцы дзядзькавай малому стала ўсё ясна, хоць і смяяўся Рыўка «навыварат», гаворачы за ўланаў «па-польску»:
— Як богем кохем, ніц не вем!..
…Анечка прала на маленькай прасніцы гадоў… хутка сорак таму назад. Нядаўна мы з ёю, Ганнай Андрэеўнай, тэхнікам на льнозаводзе, весела ўспаміналі тое прадзенне. Я бачыў яго тады разам з яе бабуляй і мамай, адна з якіх мая маці, а другая братавуха.
Снапы я вартаваў яшчэ на некалькі гадоў раней.
Дзядзька Алісей быў тады, на аўсяным іржышчы, пад зоркамі зусім адзін. Але я дагэтуль бачу, хоць і не бачыў, як ён стаіць над сонным хлапчуком і сам сабе ўсміхаецца…
Ёсць такая пара, на стыку вясны і лета, калі нядзеля ў мужыка свабодная, калі ён можа не ў працы, але «па-панску» палюбавацца прыродай. Тым больш што яна тады — у самым росквіце.
Мы, пастушкі, занятыя былі і ў нядзелю. Ды ў нас, у хлопцаў, былі ж і сяброўкі, якія маглі «адпусціць», калі ўжо такая патрэба. Час мы мералі не гадзіннікам — на ўсю вёску іх са два, можа, і было — а даўжынёю ўласнага ценю. «Пусці мяне на ступак, на паўтара, на два…» У самы поўдзень каровы, прыгоненыя «з ранак», былі дома, але і тады, калі мы іх зноў выганялі на пашу, цень быў яшчэ ўсё кароткі, мы мералі яго з дакладнасцю да палавіны і да чвэрткі ступака, у хлопцаў невялікага, а ў дзяўчатак яшчэ меншага. А што да патрэбы, дык дзе там ужо большая за тую, калі з вёскі па выгане, цераз падсохлае балота, на луг да рэчкі ідзе вялікая грамада — мужчыны, хлопцы, свабодныя ад пасты хлапчукі! Ясна, што будзе…
Калі грамада збіралася ў вёсцы на выхад трохі раней, а нашы каровы яшчэ стаялі ці ляжалі кожная на сваім двары, мы дамаўляліся з дзяўчатамі дома; калі ж трохі пазней, дык мы ўжо на пашы мералі цень ступакамі і з крыкам, у падскоках даганялі тую грамаду.
Читать дальше