Як толькі яны ступілі пад вербы, у густы, вільготны змрок ночы, Янінка, нічога не кажучы, раптам кінулася лезці кудысь па травяністым схіле ўгору. Ён спыніўся ў нерашучасці, ашчаджаючы свае хромавыя выхадныя боты, але яна з цемры падбадзёрыла яго — давай, давай! — і сама хутка палезла між калючых кустоў, усё вышэй, на кручу. Ён не бачыў, што было наверсе, паўнеба там закрывала нешта, падобнае на раскідзістую крону дрэва, але ён адчуў у яе голасе змоўніцкі азарт таямніцы і таксама палез у зараснікі.
Скінуўшы з ног туфлі, Янінка караскалася ўсё вышэй, зводдаль прыгаворваючы яму напаўголаса:
— Зараз ты нешта пабачыш. Зараз, зараз…
Праз якую хвіліну ён адолеў самае крутое месца і хоць абадраў да крыві руку, але ўзлез на край нешырокай, абнесенай рашоткай тэрасы, ад гладкіх камянёў якой яшчэ ішло прыемнае дзённае цяпло. Побач, закрыўшы палову неба, высілася магутнае старое дрэва і паднімалася стромкая сцяна нейкай будыніны. Вакол было ціха і цёмна, знізу, з-пад вербаў, ледзьве даносіўся ціхі плёск Нёмана, пахла вапнай ад сцен і кропам з недалёкіх, напэўна, гародаў.
— Ну, ты зразумеў? Ты зразумеў, што гэта такое?
— А што?
— Каложа — во што! Дванаццатае стагоддзе, ты зразумеў?
— Цяпер зразумеў. Але каб паглядзець…
— Пабачыш! — проста запэўніла Янінка. — Паспееш. А цяпер ідзі сюды…
Яна зноў матлянулася ў цемру, лёгенька пралезла праз негустую рашотку агароджы, нырнула ў пралом у сцяне, і яе светлая кофтачка зусім знікла ў змроку. Каб не згубіць яе, ён заспяшаўся следам, пакуль не апынуўся на невялікім глухім травяністым двары. Неба тут спрэс закрывалі дрэвы, было цёмна, і ў гэтай цемры ледзьве ўгадвалася шэрая сцяна побач. Прыслухоўваючыся да наваколля, замерла побач Янінка. Але вакол было ціха, бы ў склепе, і яна падкралася да нізенькіх дзвярэй у нішы. Там паклала ў доле туфлі і, пацягнуўшы да сябе дзверы, па-змоўніцку шапнула яму: «Лезь!» Ён ледзь прашчаміўся ў вузкую шчыліну, затым знутры таксама патрымаў дзверы, каб магла пралезці яна. Калі дзяўчына апынулася побач, дзверы самі сабой зачыніліся, і абаіх агарнула такая цемра, што ён зусім перастаў бачыць яе і, каб не згубіць, лёгенька прытрымліваў яе за плечы. У насцярожанай цішыні ўверсе штось заварушылася, залапатала.
Янінка здрыганулася ў ягоных руках, але тут жа паспяшалася супакоіць яго:
— Не бойся: то галубы.
— Я не баюся, — шэптам адказаў Ігар, хоць яму было і цікава, і страшнавата адначасна.
— Гэта іканастас, гэта аналой. А тут вось…
Нячутна ступаючы ў цемры па каменнай шархоткай падлозе, яна падвяла яго да нейкай сцяны, дзе прымусіла сесці, затаіцца, а сама, прыўстаўшы, крыкнула:
— О-о!
— О-о! О-о! О-о! — адгукнулася ў розных месцах мноствам таямнічых галасоў, ад якіх яму зусім ужо стала страшна.
— О-о-о! — паўтарыла яна мацней.
— О-о-о-о! О-о-о-о!.. — пакацілася кудысьці далей, мабыць, пад нябачныя ў цемры скляпенні прытвораў, і нарэшце заглухла ўгары, напэўна, у званіцы.
— Галаснікі, зразумеў? — ціха шапнула Янінка.
— Якія галаснікі?
— Не ведаеш? Эх ты!.. Ідзі сюды… Во сюды, сюды…
Яна зноў павяла яго ў цемру, трымаючы за руку, як відушчы водзіць сляпога, дзесьці спынілася, лёгенька таўханула ў бок.
— Во, мацай. Ты ж вялікі, напэўна, дастанеш?
Ён пачаў мацаць цагляную сцяну, пакуль не наткнуўся рукамі на нейкія гладкія, адпаліраваныя дзіркі ў ёй, але зразумець нічога не мог, хоць ні пра што не пытаў ужо і не дзівіўся. Ён ужо прывык за сённяшні дзень да такога мноства загадак і ўражанняў, што, каб разабрацца ў іх, напэўна, патрэбны быў час.
А часу якраз было мала, самая кароткая ноч у годзе хутка імкнулася насустрач дню, і калі яны выбраліся з царквы, над горадам ужо гаслі зоркі, і далёкі сонечны водсвет затрапятаў на ўсходнім ускрайку неба. Янінка таропка, не даючы Ігару апамятацца, гаварыла і гаварыла штосьці аб тым значымым і цікавым, што бачыла, ведала, чым абавязкова хацела падзяліцца з ім. Падхапіўшы ў рукі туфлі, яна ўжо лезла кудысь цераз калючыя зараснікі на абрыве, і ён ледзьве спраўляўся за ёю, ужо не клапоцячыся пра свае выхадныя боты, якім, напэўна, дасталося за гэтую ноч.
- Ідзі, ідзі сюды! Ну што ты такі непаваротлівы! Не бойся, не ўпадзеш. Я падтрымаю…
Яны пералезлі змрочны глыбокі роў і зноў выйшлі на бераг зусім яшчэ соннай, засланай лёгкім туманам ракі. Але Янінка пабегла і яшчэ ніжэй — па голых камянях да вады.
- Ідзі сюды. Пакуль татка спіць, я табе пакажу мой кветнік. Ужо зацвілі мацейкі. Пахнуць на досвітку — страх!
Читать дальше