Гэта праўда, падумаў Іваноўскі, магчыма, і дарма. Зусім можа быць, што іх намаганні ў адносінах да Хакімава акажуцца марнымі. Хутчэй за ўсё так і будзе. Столькі часу баец у непрытомнасці, ды яшчэ гэтая калатнеча, сцюжа, — закачанее, і ўсё. Верагоднасць такога канца была надта вялікай. Але бяда ў тым, што фізічныя здольнасці параненага, мусіць, кепска дапасоўваліся да сілы байцоў, якія могуць выдыхнуцца раней, і тады ўсім будзе кепска. Іваноўскі, не прызнаючыся нават сабе, пачынаў невыразна адчуваць, што Хакімаў паволі, але, напэўна, воляю франтавога лёсу ператвараецца з харошага байца і таварыша ў міжвольнага іх мучыцеля, калі не больш. Ніхто пра тое яшчэ не сказаў ніводнага слова, але відавочна ўсе яны пачалі адчуваць нешта падобнае ў адносінах да гэтага бедалагі.
Навучаны горкім уласным вопытам, лейтэнант выдатна разумеў, якая гэта бяда — паранены ў групе. І справа тут не толькі ў страце яшчэ аднаго патрэбнага байца. Гэта раненне нязносным фізічным грузам клалася на ўсіх і ставіла пад пагрозу выкананне баявой задачы. Цяпер яны, безумоўна, спозняцца, не здолеюць у цемры перайсці шашу, застануцца ў снезе на полі, дзе на іх проста могуць наткнуцца немцы. Але як ні перажываў Іваноўскі ад усведамлення такой бязрадаснай перспектывы, ён не мог дапусціць і думкі, каб пакінуць параненага. Абавязак камандзіра і чалавека ўладарна дыктаваў яму, што лёс гэтага небаракі, пакуль ён жывы, не можа быць выдзелены з іх агульнага лёсу. Кожны з іх павінен зрабіць для яго ўсё, што зрабіў бы для самога сябе. Гэтае правіла было законам для разведчыкаў Волаха, такім яно застанецца і ў групе Іваноўскага.
Як і ўсе ў групе, яе камандзір амаль выбіўся з сілы за гэтую надзвычай цяжкую ноч. З натугай пераадольваючы не моцны, але несціханы боль, ён ледзьве варушыў параненай нагой. Тым не менш, утаіўшы ад астатніх сваё раненне, ён заставаўся ў вачах байцоў роўны з усімі ў сваіх фізічных магчымасцях, і гэта без скідкі накладвала на яго роўныя з іншымі абавязкі. З нейкага часу ён пачаў адчуваць у сабе некаторую няёмкасць за тое, што, вымушаючы іншых на звышчалавечыя намаганні, сам ішоў улегцы, узяўшы ў якасці дадатковай нагрузкі толькі вінтоўку Піваварава. Ён не мог многага, але абавязак таварыскасці патрабаваў сумленна падзяліць з астатнімі ўсе іх дарожныя нагрузкі.
Яны абышлі хвойны ўзлесак і зноў рухаліся ўздоўж рэчышча, якое здавалася Іваноўскаму адносна бяспечным участкам шляху. На карце тут значыліся толькі лугі, хмызнякі і балоты, вёсак паблізу не было, і сустрэча з немцамі меркавалася найменш верагоднай. Дзве перамеценыя снегам дарогі яны перайшлі ўдала, нікога на іх не сустрэўшы. Цяпер заставалася апошняя — вялікая і, вядома, па-тылавому ажыўленая шаша, перайсці якую можна толькі ўначы. Але да шашы было яшчэ кіламетраў пяць-сем, і лейтэнант, хістаючыся ад знямогі, пачакаў Краснакуцкага.
— Ну як?
— Ды во, хутка выцягнуся. Далі б глыкнуць, ці што?
Лейтэнант даў яму пляшку, той зрабіў некалькі зацяжных глыткоў.
— Ну, лепш?
— Нібыта. Хутка зашабашым?
— Хутка, хутка. Давайце памагу. Удвох пацягнем.
— Ну якое ўдвох! Толькі тузацца будзем. Ужо сам як-небудзь… Быццам буран сціхае?
Лейтэнант азірнуўся і, на здзіўленне сваё, убачыў, што завея сапраўды амаль сціхла. Чорнае неба прыўзнялося, аддзялілася ад зямлі, унізе ляжала надзіва спакойнае белае поле, нібыта прыпухлае ад сакавітай начной белізны. Па баках зноў паявілася шэрая блытаніна хмызняку з рэдкімі плямамі маладых елачак. Мабыць, набліжаўся ранак. Ацяжэлай рукой лэйтэнант дастаў з кішэні гадзіннік — было чвэрць на сёмую.
— Ого! Яшчэ адзін рывок — і канец. Прывал да самага вечара.
Новы непакой на нядоўгі час надаў сілы, і лейтэнант энергічна заслізгаў лыжамі. З'явілася новая прыкрасць ад таго, што так не ў час сціхла завея, якая цяпер была б куды як дарэчы. Без завеі перайсці шашу будзе трудней, тым больш калі яны спозняцца. Здаецца, ім не хопіць якой гадзіны цёмнага часу, і гэтая гадзіна можа вырашыць усё. Генерал у кароткім наказе перад выхадам настойліва раіў максімальна выкарыстаць цемнату — толькі ноч абяцала ім нейкую надзею на поспех, удзень, згледзеўшы іх, немцы, вядома, пастараюцца знішчыць усіх да апошняга. Што гэта іменна так, лейтэнант выдатна разумеў без доказаў, і ўсё ж ён быў удзячны генералу за яго клопат і добрую параду, у якой адчувалася нешта зусім не генеральскае, а болей бацькоўскае ў адносінах да ўсіх і да лейтэнанта таксама. Вядома, яны разумелі, што на іх ускладвалася і што з гэтай ночы рабіліся поўнымі ўладарамі ўласнага лёсу, бо ў трудную хвіліну дапамагчы ім не зможа ніхто — ні генерал, ні сам Бог. Але ўсю дарогу ў гэтай шалёнай ночы лейтэнант нёс у сабе ціхенькую іскрынку ўдзячнасці генералу за яго зусім не генеральскае стаўленне да іхняга лёсу. Гэтая іскрынка грэла яго, вяла і таіла ў сабе маленькую жаданую надзею на поспех.
Читать дальше