А так хацелася лепшага, якой перамены. Толькі якой? Увогуле ён выдатна разумеў, што на спадзяванкі не было падставы, трэба было мірыцца з найгоршым. I з тым дажываць адмераны табе Богам і судзьдзямі тэрмін. Ды ўсё ня мог саўладаць з надзеяй. Здаецца, яна ўпарта і неадчэпна валодала ім.
Сьцяна была сьцюдзёная і цьвярдая. Спрэс шурпатыя бакі граніту, закамянелыя ад часу наплывы вапны. Дзе-нідзе, праўда, траплялі мякчэйшыя кавалкі, складзеныя з каменя-ракушачніку. I толькі ў кутку, у сырым і нават вільготным кутку ўнізе... Час ці, можа, вільгаць штосьці зрабілі нават з каменем ці з вапнавай зацьвярдзеласьцю — там, здалося яму, было трохі мякчэй. Вядома, ня так, каб можна было штось выдраць, які кавалак. Але калі парупіцца... Мусіць, варта было паспрабаваць.
I ён спрабаваў. Сьпярша кіпцямі, ды хутка пазламваў іх на абедзьвюх руках. Тады голымі пальцамі. Пальцамі, вядома, ня шмат дамогся, ды ўсё ж...
У яго зьявілася надзея, быццам нават цьмяная мэта жыцьця. Ён пачаў менш успамінаць былое, нават меней гаротна думаць. Толькі чакаў, як крокі наглядчыка трохі прыціхалі за дзьвярыма, тады кідаўся ў кут, сядаў на кукішкі і дзёр, калупаў, драпаў. Ён амаль не пазіраў туды, яму ўжо ня трэба было сьвятло, пальцы яго ведалі ўсе драбніцы каменя, увогуле надта цьвярдога, якога, здаецца, ня бралі ніякія ягоныя высілкі. Але на ражку, у самым кутку быццам было зручней — мякчэй, ці што. Менавіта там і сышліся цяпер усе ягоныя назапашаныя за гады воля і надзея.
Ён спаў у суткі, можа, якіх пару гадзін перад пабудкай — скорчыўшыся на трантах пад сушэйшай сьцяной, неяк забываўся, пакуль здалёку не далятаў гук гонга — сыгнал уставаць. Чакаў сьняданку, міскі чачавічнага сёрбава, якое зьядаў за хвіліну. Астатні час удзень і ўначы бавіў у куце — бы шашаль у дрэве, тачыў камень. Ражок каменя ўжо яўна вызначыўся на каменным рэльефе, мабыць, яго можна будзе паспрабаваць выдзерці першым. А там мо зьявіцца і дзірка. Ці хоць бы патанее сьцяна. Хоць бы каб маленькая дзірачка, ён бы, здаецца, пралез. Як было ў дзяцінстве, калі яны, падшыванцы, лазілі цераз агароджу ў суседзкі сад. Старэйшыя яго пасылалі першым, бо быў ён самы худзенькі-маленькі рухавы жэўжык, які пралазіў усюды, дзе толькі можна было пралезьці. I дзе не было ніякай магчымасьці — таксама. Ведаў з таго часу — калі пралазіла галава, магло пралезьці і ўсё цела. Такі быў жэўжык. Пакуль не падрос і не заняўся палітыкай. У палітыцы было інакш. Часам ня мог пралезьці ніхто. Не пралез і ён. Таму і папаўся.
Ён не лічыў дзён і ня ведаў, колькі мінула іх, як ён улёг у сваю бясконцую працу. Час для яго чаргаваўся пабудкай, ядой — двойчы на суткі, крокамі наглядчыка за дзьвярыма — туды і назад. Як зьявілася мэта, узьнікла нецярпеньне. Часам яно так жахліва ўзгаралася, што ён палохаўся. Ведаў, так нельга. Калі што і выйдзе, дык дужа няхутка, празь нялёгкае пераадоленьне каменя і часу. Для таго патрэбныя дні, месяцы, а то й гады. Трэба было запасьціся вялікім трываньнем, уменьнем скараць час. I ён запасаўся. Прывучаў сябе да павольнасьці, мэтадычнасьці, непасьпешнасьці. Трудна было да таго прызвычаіцца, засвоіць тую нетаропкасьць, д'ябальскую вытрымку, зрабіць яе другой уласнай натурай. Але ён стараўся, бо без таго ня стала б надзеі. Нецярпеньне нішчыла надзею, гэта ён ведаў пэўна. Надзея ж часам то зусім замірала, то ўзгаралася да нясьцерпнасьці. Неяк, калупаючы ўсё за ражком каменя, ён пачуў па той бок сьцяны нейкія адзнакі жыцьця: быццам піск птушаняці. Нутраным зрокам ён ужо ўбачыў там птушынае гнязьдзечка — недзе паблізу, у зарасьніку цярноўніка, маленькія жаўтаротыя птушаняты, і тое здалося яму дужа добрым знакам. Нецярпеньне ахапіла яго да роспачы. Спатрэбілася сьцюдзёная лёгіка развагі, каб астудзіць яе. Той піск мог быць зусім не птушыны, а мышыны, напрыклад. Значыць, там магла быць нара з агіднымі турэмнымі пацукамі. Але й нара, мусіць, вяла кудысьці з муру. Можа, таксама на волю.
Аднойчы на зыходзе глухой начы, якую ён перабыў амаль бяз сну, усё калупаючы ў сваім змрочным кутку, адчуў, што той вугалок-аскялёпак нібыта кратаецца пад ягонымі пальцамі. Ня надта каб дужа, але ягоныя чуйныя пальцы ўсё ж запрыкмецілі невялікі рух — уніз і ўгару. Тое надало яму незвычайнага імпэту. Ён напяўся, ірвануў, але тут жа і астудзіў сябе: сёньня ня трэба. Сёньня хай будзе ўсё, як было. Мабыць, выдзерці той аскялёпак трэба на пачатку ночы, а не ў канцы. Усё ж напачатку куды болей часу і болей магчымасьці. Зноў жа ўранку звычайна прыходзяць наглядчыкі.
Читать дальше