Эмігранты разумелі гэта. Як Лісабон гуляў у працвітанне, так яны гулялі ў перакананасць, што неўзабаве вернуцца. Якая пяшчотная, салодкая адсутнасць блуднага сына! Гэта не сапраўдная адсутнасць, калі недзе ёсць бацькоўскі дом. Выйшлі вы ў суседні пакой ці адправіліся на другое паўшар'е зямлі — розніца не істотная. Іншы раз прысутнасць сябра, з якім вы нібыта ў расстанні, можа быць болей яўная, чым рэальная прысутнасць. Гэткая рэальнасць малітвы. Ніколі не любіў я так горача свой дом, як у Сахары. Ніколі жаніхі не былі бліжэй да сваіх нявест, чым брэтонскія маракі XVI стагоддзя, якія агіналі мыс Горн і старэлі ў змаганні з сустрэчнымі вятрамі. Ледзь пакінуўшы родныя берагі, яны ўжо вярталіся дамоў. Паднімаючы спрацаванымі рукамі ветразі, яны ўжо рыхтаваліся ў дарогу дамоў. Самы кароткі шлях з якога-небудзь порта Брэтані да дома нявесты пралягаў праз мыс Горн. Але мае эмігранты ўяўляліся мне брэтанскімі маракамі, у якіх адабралі нарачоных. Ніводная брэтанская нявеста не запальвала на падаконніку сціплага свяцільніка. Яны не былі блудныя дзеці. Яны былі бяздомныя блудныя дзеці, якім няма куды вярнуцца. У іх пачалося сапраўднае блуканне, блуканне па-за самімі сабою.
Як нарадзіцца нанова? Як пераматаць у сабе цяжкі клубок успамінаў? Гэты прывідны карабель, нібы чысцец, быў загружаны душамі, якія яшчэ не нарадзіліся. Сапраўды жывымі, настолькі жывымі, што іх хацелася пакратаць рукой, здаваліся толькі тыя, якія складалі неад'емную частку карабля і з усведамленнем уласнай годнасці, якую надавала ім сапраўдная справа, насілі абеды, драілі медзь, чысцілі абутак і з ледзь улоўнай пагардай абслугоўвалі мерцвякоў. Гэту лёгкую пагарду эмігранты выклікалі ў карабельнай прыслугі зусім не беднасцю. Не грошай ім не хапала, а яўнасці. Яны перасталі быць людзьмі з гэтага вось дома, зведзенымі сяброўствамі з гэтым вось чалавекам, якія мелі гэтыя вось абавязкі. Яны сіліліся гуляць ва ўсё гэта, але ўсё гэта было лухта. Ніхто не меў у іх патрэбы, ніхто не паклікаў бы іх на дапамогу. Які цуд — тэлеграма, якая скаланае вас, паднімае вас ноччу з пасцелі і прымушае імчацца на вакзал: «Прыязджай! Ты мне патрэбен!» Лёгка знайсці сяброў, якія гатовы памагчы нам. Цяжка заслужыць сяброў, якія патрабуюць нашай дапамогі. Мае здані нікому не ўнушалі нянавісці альбо рэўнасці, ніхто не прагнуў іх прыхільнасці. Ніхто не любіў іх адзінай сапраўднай любоўю. Я думаў: «Не паспеюць яны сысці на бераг, як іх пачнуць запрашаць на кактэйлі, ім пачнуць выказваць спачуванне і строіць банкеты. Але хто загрукоча ў іх дзверы з патрабаваннем пусціць: «Адчыні! Гэта я!»? Трэба прывучыць немаўля да грудзей, каб яно калі-небудзь прад'явіла правы на тваю дружбу. Трэба, каб не адно пакаленне спусціла свае маёнткі дзеля старога замка, над якім навісла пагроза руйнавання, — і толькі тады ты навучышся любіць яго.
I вось я думаў: «Самае важнае, каб недзе прадаўжала існаваць усё тое, чым ты жыў. I звычкі. I сямейныя святы. I дом, які зберагае ўспаміны. Самае важнае — жыць дзеля вяртання…» Кволасць далёкіх полюсаў, ад прыцяжэння якіх я залежаў, пагражала самой маёй істоце. Я рызыкаваў спазнаць сапраўдную пустыню і пачынаў разумець таямніцу, якая даўно займала мяне.
Я пражыў тры гады ў Сахары. I, як шмат іншых людзей, я трызніў яе чарамі. Кожны, хто аднойчы трапіў у Сахару, дзе вы быццам адрэзаны ад усяго свету, аплаквае дні, праведзеныя ў пустыні як самыя шчаслівыя ў жыцці. Але словы «настальгія пяску», «настальгія самотнасці», «настальгія прасторы» — усяго толькі літаратурныя штампы, яны нічога не тлумачаць.
I вось, толькі тут, на параходзе, знізу даверху запакаваным мітуслівымі пасажырамі, я, здаецца, зразумеў, што такое пустыня.
Канечне, Сахара — як вокам сягнуць — гэта толькі аднастайнасць пяску, ці, дакладней, — таму што барханы ў пустыні рэдкасць, — бязмежжа галькі. У пустыні чалавек апынаецца ў самой першааснове нудоты. Аднак нябачныя божышчы ствараюць вакол яго нябачныя цянёты кірункаў, схілаў і знакаў — яе патаемную і жывую мускулатуру. I аднастайнасці як не было. Усё падначалена сілавым лініям. I нават адна цішыня там непадобна на другую цішыню.
Бывае цішыня міру, калі плямёны не варагуюць і калі ў вечаровай прахалодзе ты быццам прычаліў з апушчанымі ветразямі да спакойнай гавані. Бывае цішыня поўная, калі пад сонцам замірае жыццё душы і цела. Бывае зманлівая цішыня, калі паўночны вецер заціхае, а з'яўленне насякомых, выхапленых, як кветкавы пылок, з глыбінных аазісаў, абвяшчае пясчаную буру з усходу. Бывае цішыня змовы, калі даведваешся, што далёкае племя нешта задумвае. Бывае цішыня таямніцы, калі арабы вядуць паміж сабой свае непасцігальныя перагаворы. Бывае напружаная цішыня, калі запазняецца вястун. Трывожная цішыня, калі з затоеным дыханнем услухоўваешся ў ноч. I бывае сумная цішыня, калі згадваеш любімых.
Читать дальше