Ён разгортвае запіску радыста:
«Дзе мы?»
Фаб'ен сам дорага даў бы за тое, каб гэта ведаць. Ён адказвае: «Не ведаю. Ідзём па компасе праз навальніцу».
Ён зноў нахіляецца. Яго непакоіць пук выхлапнога полымя, які завіс на маторы, як агнявы букет; полымя такое бледнае, што, калі б раптам раз'яснілася, яно адразу б растварылася ў месячным святле; але ў гэтай цемрадзі нябыту яно ўбірае ў сябе ўвесь відочны свет. Пілот глядзіць, як вецер туга звівае языкі полымя, падобныя на вогненныя паходні.
Кожныя паўхвіліны Фаб'ен нахіляецца да прыбораў, каб праверыць гіраскоп і компас. Ён ужо не асмельваецца болей уключаць чырвоныя лямпачкі: яны надоўга асляпляюць яго, але ад прыбораў з фасфарэсцэнтнымі лічбамі ліецца бледнае зорнае ззянне. Тут, сярод стрэлак і лічбаў, пілот адчувае зманлівую бяспеку; такое пачуццё бывае ў чалавека ў каюце карабля, калі хвалі перакочваюцца цераз палубу. З гэткаю жахлівай няўмольнасцю на самалёт коціцца ноч і з ёю ўсё, што нясе яна ў сваім мораку: скалы, абломкі, узгоркі…
«Дзе мы?» — зноў пытаецца радыст…
…Фаб'ен пачынае здагадвацца: надзвычайная бура, якая бушавала над Андыйскімі Кардыльерамі, перамяніла фронт і рушыла да мора. Раней чым Фаб'ен зможа дэбрацца да гарадоў, на іх абрынецца цыклон.
«Даведайцеся пра надвор'е ў Сан-Антоніо».
«Сан-Антоніо адказвае: узнімаецца заходні вецер; на захадзе — бура. Неба амаль поўнасцю зацягненае хмарамі. У Сан-Антоніо кепская чутнасць: шум. Я таксама чую кепска. Думаю, хутка буду змушаны зняць антэну — перашкаджаюць разрады. Вы не намераны павярнуць? Якія вашы планы?»
«Пакіньце мяне ў спакоі. Запытайцеся пра надвор'е ў Байя-Бланка».
«Байя-Бланка адказвае: хвілін праз дваццаць з захаду на Байя-Бланку абрынецца моцная навальніца».
«Запытайцеся, што ў Трылью».
«Трылью адказвае: ураганны вецер трыццаць метраў у секунду, заходні; страшэнны лівень».
«Перадайце ў Буэнас-Айрэс: абложаныя з усіх бакоў; фронт буры разгортваецца на тысячу кіламетраў; поўная страта бачнасці. Што нам рабіць?»
Для пілота гэтая ноч была бязмежная. Яна не вяла ні да порта (усе яны здаваліся недасягальнымі), ні да світання: праз гадзіну сорак хвілін скончыцца бензін. Рана ці позна, так нічога і не бачачы, яны абрынуцца ў прорву.
Калі б можна было дачакацца дня…
Світальная зара ўяўлялася Фаб'ену залатым пясчаным пляжам, да якога іх магло прыбіць пасля выпрабаванняў злавеснай ночы. Пад крылом самалёта ўзніклі б выратавальныя берагі раўнін. Мірная зямля несла б свае сонныя фермы, статкі, узгоркі. Усе тыя невядомыя прадметы, якія перакочваюцца зараз у мораку, імгненна набылі б бяскрыўдны выгляд. О, калі б толькі было можна — як бы памкнуўся ён насустрач дню!..
Ён падумаў: «Кола замкнулася». І што б ні адбылося — усё мусіць вырашыцца яшчэ да світання, у непрагляднай цемрадзі.
Толькі гэтак. А было ж, першыя гадзіны світання былі яму як гаючыя лекі…
Але цяпер няма чаго ўзірацца на ўсход, туды, дзе жыве сонца: паміж самалётам і сонцам пралеглі прадонныя глыбіні ночы; з іх — не выбрацца.
— Паштовы з Асунсьёна ідзе добра. Гадзіны ў дзве прыбудзе. Але чакаецца сур'ёзнае запазненне паштовага з Патагоніі; відаць, яму давядзецца нялёгка.
— Так, месье Рыўер.
— Не выключана, што мы адправім эўрапейскі самалёт, не чакаючы прылёту патагонскага. Вы атрымаеце распараджэнне, як толькі прыбудзе асунсьёнскі. Будзьце напагатове.
Цяпер Рыўер перачытваў тэлеграмы, прынятыя ад паўночных аэрапортаў. Яны рассцілалі перад эўрапейскім паштовым месячную дарожку: «Неба чыстае, свеціць поўня, ветру няма». Горы Бразіліі, выразна акрэсленыя на зіхоткім небе, акуналі ў срэбныя хвалі мора свае зарослыя чорным лесам вяршыні. На гэты лес, не фарбуючы яго, нястомнай залевай ліліся месячныя промні. І астравы — таксама чорныя, як абломкі пасля караблекрушэння на марской пространі. І гэтая нястомная поўня на ўсім шляху — зіхоткі прамяністы ліхтар.
Калі Рыўер дазволіць адпраўленне, экіпаж эўрапейскага паштовага ўступіць у празрысты свет мяккага, праменнага ззяння. У свет, дзе нішто не пагражае парушыць раўнавагу паміж масамі цемры і святла. У свет, куды не пранікаюць нават ласкавыя дотыкі лёгкіх ветрыкаў, якія — варта ім толькі пасвяжэць — могуць за некалькі гадзін завалачы ўсё неба гнілымі хмарамі.
І ўсё-такі, гледзячы на гэтае ззянне, Рыўер вагаўся, быццам шукальнік золата на мяжы забароненага ўчастка. Тое, што тварылася зараз на поўдні, гучала абвінавачвальным прыгаворам Рыўеру, адзінаму абаронцу начных палётаў. Катастрофа ў Патагоніі можа настолькі ўмацаваць пазіцыі праціўнікаў, што, магчыма, яго перакананасць акажацца бяссільнай перад імі. Але перакананасць Рыўера засталася ранейшай; магчыма, гэтая драма — вынік нейкага праліку, але яна сведчыла толькі пра гэты прыватны пралік і ні пра што болей. «Магчыма, трэба ўстанавіць назіральныя пункты і на захадзе… Трэба падумаць пра гэта. Як бы там ні было, у мяне ўсё тыя ж важкія прычыны стаяць на сваім; цяпер магчымасць няшчасных выпадкаў паменшыцца: адна прычына ўжо выяўленая». Няўдачы гартуюць мужных. На жаль, з людзьмі даводзіцца весці гульню, у якой амаль не бярэцца ў разлік сапраўдны сэнс рэчаў. Выйгрыш альбо пройгрыш залежыць ад нейкіх чыста знешніх акалічнасцей. І ўяўная відавочнасць пройгрышу звязвае цябе па руках і нагах.
Читать дальше