А сабака? Калі хтосьці хацеў скарыстацца атрутай, чаму б спярша не праверыць, ці не страціла яна моц? Сабаку я не прадбачыў, але сэнс здарэння зразумеў, і яно толькі пацвердзіла маю думку.
Цяпер вы разумееце? Вашая жонка баялася гэтага. Яна бачыла, як на дзіця напалі, і выратавала яго жыццё, але ўсю праўду сказаць вам баялася, бо ведала, як вы любіце хлопчыка і як вам будзе балюча.
— Джэкі!
— Я назіраў за ім, калі вы песцілі малое. У шыбе, зацемненай аканіцаю, ягоны твар адлюстроўваўся вельмі выразна. І я заўважыў такую рэўнасць, такую жорсткую нянавісць, якія на чалавечым твары бачыў рэдка.
— Мой Джэкі!
— Вам трэба прыняць гэта, містэр Фэргюсан. Гэта яшчэ больш пакутліва ад таго, што ім кіравала скажоная, ненармальна вялікая, маніякальная любоў да вас і, мабыць, да памерлай маці. Яго душу спапяляе нянавісць да гэтага дзівоснага дзіцяці, чыё здароўе і прыгажосць так кантрастуюць з яго ўласнай нядужасцю.
— Святы Божа! Гэта неверагодна!
— Я сказаў праўду, мадам?
Жанчына рыдала, схаваўшы твар у падушку. Потым яна павярнулася да мужа.
— Як я магла сказаць табе, Боб? Я здагадвалася, якім гэта будзе для цябе ўдарам. Лепш было чакаць, каб ты дазнаўся пра ўсё ад кагосьці іншага, не ад мяне. Калі гэты джэнтльмен, які, мабыць, мае чарадзейную сілу, напісаў, што ён усё ведае, я суцешылася.
— Я прапісаў бы маладому Джэкі год на моры, — сказаў Холмс, падымаючыся. — Толькі адно ўсё яшчэ не высветлена, мадам. Мы цудоўна разумеем прычыну вашых нападаў на Джэкі. Існуе мяжа і матчынаму цярпенню. Але як вы рызыкнулі пакінуць дзіця на два апошнія дні?
— Я расказала ўсё місіс Мэйсан. Яна ведала.
— Зразумела. Я так і думаў.
Фэргюсан, задыхаючыся, стаяў каля ложка. Яго працягнутыя да жонкі рукі трэсліся.
— Думаю, Ўотсан, нам самы час сысці, — шэптам сказаў Холмс. — Калі вы возьмеце занадта адданую Далорэс пад адну руку, я вазьму пад другую. Ну вось, — дадаў ён, зачыніўшы за сабой дзверы, — думаю, астатняе яны ўлагодзяць самі.
Да гэтай гісторыі засталося дадаць толькі адзін ліст, напісаны Холмсам у адказ на той, якім гісторыя пачынаецца. Вось ён:
Бэйкер-стрыт,
21 лістапада
Адносна вампіраў.
Шаноўны сэр!
У адказ на ваш ліст ад 19 лістапада паведамляю, што я расследаваў справу вашага кліента, містэра Фэргюсана, “Фэргюсан і Мюрхэд”, пастаўшчыкі гарбаты на Мінсінг-лэйн, і што справа паспяхова закрытая. З удзячнасцю за рэкамендацыі,
Шчыра ваш,
Шэрлак Холмс