Думаю пра Прэво, якi ўсё не вяртаецца. Я не пачуў ад яго нiводнай скаргi. Гэта вельмi добра. Мне было б невыносна чуць нечыя скаргi. Прэво сапраўдны мужчына.
Ага, вось ён, за пяцьсот метраў ад мяне, махае сваiм лiхтарыкам! Ён згубiў свой след! У мяне няма лiхтарыка, няма чым пасiгналiць у адказ — я ўстаю, крычу, але ён не чуе…
Яшчэ адзiн лiхтарык успыхвае за дзвесце метраў ад мяне, трэцi. Божа мiлы, ды гэта ж ратунак, мяне шукаюць!
Крычу:
— Аге-ей!
Але мяне не чуюць.
Тры лiхтары заклiкальна сiгналяць, зноў i зноў.
Я ж яшчэ не звар'яцеў. Я добра адчуваю сябе. I я спакойны. Пiльна ўглядваюся. За пяцьсот метраў ад мяне гараць тры лiхтары.
— Аге-ей!
Але мяне па-ранейшаму не чуюць.
I мяне ахоплiвае хвiлiнная панiка. Адзiная, якую я спазнаў. Ах, я ж яшчэ магу бегчы! "Пачакайце!.. Пачакайце!.." Зараз яны павернуць назад! Пойдуць шукаць у iншым месцы, а я загiну! Загiну на парозе жыцця, калi ўжо раскрылiся абдымкi, гатовыя мяне падтрымаць!..
— Эге-ей! Эге-ей!
— Эге-ей!
Пачулi! Я задыхаюся, я задыхаюся, але бягу. Бягу на голас, на крык "эгей!". Бачу Прэво — i падаю.
— О, калi я заўважыў гэтыя лiхтары!..
— Якiя лiхтары?
Так, ён адзiн.
На гэты раз я не адчуваю роспачы, толькi закiпае нейкi глухi гнеў.
— Ну, як ваша возера?
— Я iшоў да яго, а яно ўсё аддалялася. Я iшоў да яго цэлых паўгадзiны. I ўсё роўна было яшчэ вельмi далёка. I я вярнуўся. Але цяпер я ўпэўнены, гэта сама сапраўднае возера.
— Вы з глузду з'ехалi, вы проста з глузду з'ехалi! Навошта вы зрабiлi гэта?.. Навошта…
Што ён зрабiў? Што — навошта? Мяне душаць слёзы ад абурэння, хоць я i не ведаю, чым я так абураны. А Прэво хрыпла тлумачыць:
— Мне так хацелася знайсцi вады… У вас такiя белыя вусны!
Ах! Мой гнеў спадае… Я тру далонню лоб, я нiбы ачынаюся, i мне робiцца сумна. Цiха расказваю:
— Я ўбачыў тры агеньчыкi — зусiм выразна, вось як вас зараз бачу, i тут не можа быць нiякай памылкi… Паверце, Прэво, я бачыў iх!
Прэво доўга маўчыць.
— Ну вось, — прызнаецца ён нарэшце, — справы дрэнь.
У пустынi, дзе паветра не мае вадзяной пары, зямля хутка астывае. Робiцца вельмi холадна. Я ўстаю i пачынаю хадзiць. Але неўзабаве мяне ахоплiваюць невыносныя дрыжыкi. Мая абязводжаная кроў ледзьве цячэ па жылах, мяне працiнае ледзяны холад, — i гэта ўжо не проста холад ночы. Мяне ўсяго калоцiць, зуб на зуб не пападае. Я ўжо не магу ўтрымаць лiхтарык, так трасуцца рукi. Нiколi не быў адчувальны да холаду, а сканаю ад холаду — дзiўна, што толькi вытварае з чалавекам смага!
Я кiнуў недзе свой плашч, стамiўся несцi яго ў спёцы. А прастору спакваля запаўняе вецер. I я раблю адкрыццё, што ў пустынi няма жаднага прытулку. Пустыня гладкая, як мармур. Удзень тут не знойдзеш нi пасмачкi ценю, а ноччу яна аддае вас ва ўладу ветру. Нi дрэўца, нi кусцiка, нi каменя, дзе можна было б схавацца. Вецер налятае на мяне, як кавалерыя ў чыстым полi. Я кручуся, як ваўчок, каб уцячы ад яго. Кладуся на зямлю i зноў падымаюся, але цi ляжу я, цi стаю, мяне ўсё роўна сячэ гэтая ледзяная пуга. Я не магу бегаць, я не маю сiлы, я не магу ўцячы ад гэтых катаў, — i я падаю на каленi, ашчаперваю галаву рукамi i чакаю — зараз апусцiцца меч забойцы!
Трошкi пазней лаўлю сябе на тым, што я падняўся i, нiбы ў лiхаманцы, зноў iду, сам не ведаю куды! Дзе гэта я? Вось яно што — я пайшоў, i Прэво мяне клiча! Гэта яго воклiчы прывялi мяне ў прытомнасць…
Вяртаюся да яго, трасуся ўсiм целам, сутаргава ўздрыгваю. I разважаю: "Гэта не ад холаду. Гэта нешта iншае. Гэта канец". Усё маё цела высахла, у iм не засталося вiльгацi. Я гэтулькi хадзiў учора i пазаўчора, калi адправiўся на разведку адзiн.
Крыўдна памiраць ад холаду. Я ахвотней рушыў бы ў свае выдуманыя мiражы. Гэты крыж, гэтыя арабы, гэтыя лiхтары. У рэшце рэшт, гэта рабiлася нават цiкава. Я не хачу, каб мяне лупцавалi, як раба…
Але вось я зноў на каленях…
Мы захапiлi з сабой сёе-тое з аптэчкi. Сто грамаў чыстага эфiру, сто грамаў дзевяностаградуснага спiрту i бутэлечку з ёдам. Спрабую выпiць два-тры глыткi эфiру. Такое ўражанне, быццам я глытаю нажы. Бяру спiрт — не, адразу перацяло горла.
Выграбаю ў пяску ямку, кладуся ў яе i засыпаю сябе пяском. Наверсе толькi твар. Прэво адшукаў нейкiя кусцiкi i раскладвае цяпельца, якое адразу ж гасне. Прэво адмаўляецца закопвацца ў пясок. Лiчыць за лепшае прытанцоўваць. А што толку?
Горла ў мяне па-ранейшаму перацiснута, гэта кепская прыкмета, аднак я чуюся лепей. Я спакойны. Надзеi больш няма, а я спакойны. Звязанага па руках i нагах, нясе мяне пiрацкi карабель, плыву пад зоркамi, i спынiцца — не ў маёй уладзе. Але, бадай, я не гэткi ўжо й няшчасны…
Читать дальше