- Джунглi паглынуць гэтыя шкарлупiнкi, - сказаў спакойны голас сярод руiнаў. - Спачатку трэба звалiць агароджу.
I Маўглi, паблiскваючы мокрымi ад дажджу плячамi, адскочыў ад сцяны, якая асела на зямлю, як стомлены буйвал.
- Усё ў свой час, - прахрыпеў Хатхi. - О праўда, у Бхаратпуры мае бiўнi пачырванелi ад крывi! Да агароджы, дзецi мае! Галавою! Усе разам! Ну!
Стаўшы адзiн каля аднаго, усе чацвёра налеглi разам. Агароджа пахiснулася, трэснула i ўпала, i людзi, анямелыя ад жаху, убачылi ў няроўным праломе выпацканыя глiнай галовы разбуральнiкаў. Людзi кiнулiся ўцякаць унiз па далiне, застаўшыся без прытулку i без ежы, а iхняя вёска быццам раставала ззаду, растаптаная, разбураная i разнесеная на шматкi.
Праз месяц ад вёскi застаўся рыхлы пагорак, зарослы кволай маладой зелянiнай, а калi прайшлi дажджы, джунглi забуялi на тым самым месцы, дзе ўсяго паўгода назад былi ўзараныя палеткi.
КНЯЖАЦКI АНКУС
Каа, вялiкi горны ўдаў, змянiў скуру - пэўна, двухсоты раз з дня нараджэння, - i Маўглi, якi нiколi не забываў, што аднойчы ноччу ў Халодных Бярлогах Каа выратаваў яму жыццё, пра што, магчыма, памятаеце i вы, прыйшоў яго павiншаваць. Мяняючы скуру, змяя бывае панурая i зласлiвая да таго часу, пакуль новая скура не зробiцца блiскучай i прыгожай. Каа больш не пасмейваўся з Маўглi. Як i ўсе ў джунглях, ён лiчыў яго Гаспадаром Джунгляў i расказваў яму ўсе навiны, якiя, само сабою, даводзiцца чуць удаву яго велiчынi. Тое, чаго Каа не ведаў пра сярэднiя джунглi, як iх называюць, пра жыццё, якое iдзе каля самай зямлi або пад зямлёй, пра жыццё каля валуноў, купiн i лясных пнёў, змясцiлася б на сама маленькай яго лускавiнцы.
У той дзень Маўглi сядзеў памiж вялiкiх кольцаў Каа i перабiраў пальцамi лускавiнiстую старую скуру, якую ўдаў скiнуў сярод камянёў. Каа ласкава падставiў сваё цела пад шырокiя голыя плечы Маўглi, i хлопчык сядзеў, нiбы ў жывым крэсле.
- Яна ўся цэлая, нават i лускавiнкi на вачах цэлыя, - нягучна сказаў Маўглi, забаўляючыся скiнутай скурай. - Як дзiўна бачыць каля сваiх ног тое, што закрывала галаву!
- Так, але ног у мяне няма, - адказаў Каа, - i я не бачу тут нiчога дзiўнага, гэта звычай майго народа. Хiба ты нiколi не адчуваеш, што скура ў цябе сухая i цвёрдая?
- Тады я iду купацца, Пляскатагаловы, хоць, праўда, у вялiкую гарачыню мне хочацца скiнуць скуру зусiм i бегаць без скуры.
- Я i купаюся i мяняю скуру. Ну, як табе падабаецца маё новае адзенне?
Маўглi правёў рукой па косых клетках вялiзнай спiны.
- У чарапахi спiна цвярдзейшая, але не такая стракатая, - сказаў ён у задуменнi. - У жабы, маёй цёзкi, яна больш стракатая, але не такая цвёрдая. З выгляду вельмi прыгожа, нiбы стракаты ўзор у чашачцы жоўтага гарлачыка.
- Новай скуры патрэбна вада. Да першага купання колер усё яшчэ не той. Хадзем купацца!
- Я панясу цябе, - сказаў Маўглi i, смеючыся, нагнуўся, каб прыўзняць вялiзнае цела Каа там, дзе яно здавалася сама тоўстым.
Гэта было ўсё роўна што падняць водаправодную трубу двухфутавай таўшчынi, i Каа ляжаў нерухома, цiха пыхкаючы ад асалоды. Потым у iх пачалася звычайная вячэрняя гульня - хлопчык у росквiце сiлы i ўдаў у цудоўнай новай скуры пачалi барукацца адзiн з адным, выпрабоўваючы зоркасць i сiлу. Вядома, Каа мог раздушыць сотню такiх, як Маўглi, калi б даў сабе волю, але ён гуляў асцярожна, нiколi не выкарыстоўваў i дзесятай долi сваёй магутнасцi.
Як толькi Маўглi стаў дастаткова дужы, каб з iм можна было барукацца, Каа навучыў хлопчыка гэтай гульнi, i яго цела зрабiлася пасля такiх практыкаванняў надзвычай гнуткiм. Iншы раз Маўглi стаяў, абкручаны амаль да горла гiбкiмi кольцамi Каа, намагаючыся вызвалiць адну руку i ўхапiць яго за шыю. Тады Каа, увесь абмякшы, паслабляў хватку, а Маўглi сваiмi шпаркiмi нагамi не даваў знайсцi пункт апоры вялiзнаму хвасту, якi выцягваўся назад, намацваючы камень або пень. Яны пагойдвалiся ўзад i ўперад, галава каля галавы, кожны выбiраючы момант для нападу, i нарэшце прыгожая, як статуя, група ператваралася ў вiхор чорных з жоўтым кольцаў i мiльгаючых ног i рук, каб зноў i зноў падняцца.
- Ну-ну-ну! - гаварыў Каа, робячы галавой выпады, якiх не магла адбiць нават шпаркая рука Маўглi. - Глядзi! Вось я дакрануўся да цябе, Маленькi Брат! Вось i вось! Рукi ў цябе анямелi, цi што? Вось зноў!
Гэтая гульня заўсёды заканчвалася аднолькава: прамым, iмклiвым ударам галавы Каа заўсёды збiваў хлопчыка з ног. Маўглi так i не навучыўся абараняцца супраць гэтага вокамгненнага выпаду; i, як казаў Каа, на гэта не варта было трацiць часу.
- Добрага палявання! - прабурчаў нарэшце Каа.
Читать дальше