- Дык навошта табе чацвёрка? - сказала Багiра. Пазiраючы на яго палаючымi вачамi, яна пераступала з нагi на нагу i мурлыкала ўсё мацней. - Я магу затрымаць iх, Маленькi Брат. Гэтыя спевы i людзi, што караскалiся на дрэвы, распалiлi мяне. Я гналася за iмi цэлы дзень - пры святле сонца, у самы поўдзень. Я пiльнавала iх, як ваўкi пiльнуюць аленяў. Я Багiра, Багiра, Багiра! Я скакала з iмi, як скачу са сваiм ценем. Глядзi!
I вялiкая пантэра падскочыла, як кацяня, i пагналася за лiстком, што падаў з дрэва; яна бiла па паветры лапамi то ўправа, то ўлева, i паветра свiстала пад яе ўдарамi, потым бясшумна стала на ўсе чатыры лапы, зноў падскочыла ўгору, i зноў, i зноў, i яе вуркатанне i бурчанне рабiлiся ўсё мацнейшымi i мацнейшымi, як спяванне пары ў катле, што закiпае на агнi.
- Я Багiра - сярод джунгляў, сярод ночы! - i мая сiла ўся са мною! Хто вытрымае мой нацiск? Дзiцяня, адным ударам лапы я магла б размажджэрыць табе галаву, i яна стала б пляскатай, як дохлая жаба ў летнюю спёку!
- Што ж, бi! - сказаў Маўглi на мове вёскi, а не на мове джунгляў.
I чалавечыя словы адразу спынiлi Багiру. Яна адскочыла назад i, уся калоцячыся, прысела на заднiя лапы, так што яе галава апынулася на адным узроўнi з галавою Маўглi. I зноў Маўглi пачаў глядзець, як глядзеў на непакорных ваўчанят, проста ў зялёныя, як смарагд, вочы, пакуль у глыбiнi зялёных зрэнкаў не пагас чырвоны агонь, як гасне агонь на маяку, пакуль пантэра не адвяла позiрку. Яе галава апускалася ўсё нiжэй i нiжэй, i нарэшце чырвоная тарка языка драпнула нагу Маўглi.
- Багiра, Багiра, Багiра! - шаптаў хлопчык, настойлiва i лёгка пагладжваючы шыю i дрыготкую спiну. - Супакойся, супакойся! Гэта ноч вiнаватая, а зусiм не ты!
- Гэта ўсё начныя пахi, - сказала Багiра. Яна апамяталася. - Паветра быццам клiча мяне. Але адкуль ты гэта ведаеш?
Паветра вакол iндыйскай вёскi напоена ўсякiмi пахамi, а для звера, якi прывык чуць i думаць носам, пахi азначаюць тое самае, што музыка або вiно для чалавека.
Маўглi яшчэ некалькi хвiлiн супакойваў пантэру, i нарэшце яна легла, як кошка перад агнём, склаўшы лапы пад грудзьмi i прыжмурыўшы вочы.
- Ты наш i не наш, з джунгляў i не з джунгляў, - сказала яна нарэшце. - А я толькi чорная пантэра. Але я люблю цябе, Маленькi Брат.
- Яны штосьцi доўга гамоняць пад дрэвам, - сказаў Маўглi, не зважаючы на яе апошнiя словы. - Балдзео, мабыць, расказаў iм не адну гiсторыю. Яны хутка прыйдуць для таго, каб выцягнуць гэтую жанчыну з мужам з пасткi i кiнуць iх у Чырвоную Кветку. I ўбачаць, што пастка апусцела. Хо-хо!
- Не, паслухай, - сказала Багiра. - Няхай яны знойдуць там мяне! Мала хто асмелiцца выйсцi з дому, пасля таго як пабачыць мяне. Не ўпершыню мне сядзець у клетцы, i наўрад каб iм удалося звязаць мяне вяроўкамi.
- Ну, дык будзь разумнiцай! - сказаў Маўглi смеючыся.
А пантэра ўжо пракралася ў хацiну.
- Брр! -прынюхалася Багiра. - Тут пахне чалавекам, але ложак якраз гэткi ж, на якiм я ляжала ў княжацкiм звярынцы ва Ўдайпуры. А цяпер я лягу!
Маўглi пачуў, як зарыпела вяровачная сетка пад цяжарам вялiкага звера.
- Клянуся зламаным замком, якi вызвалiў мяне, яны падумаюць, што злавiлi важную птушку! Iдзi сядзь побач са мною, Маленькi Брат, i мы разам пажадаем iм добрага палявання!
- Не, у мяне iншае ў галаве. Чалавечая чарада не павiнна ведаць, што я таксама ўдзельнiчаю ў гэтай гульнi. Палюй адна. Я не хачу iх бачыць.
- Хай будзе так, - сказала Багiра. - Вось яны iдуць!
Гамонка пад смакоўнiцай на тым краi вёскi станавiлася ўсё больш шумнай. Пад канец узняўся крык, i натоўп павалiў па вулiцы, размахваючы дубiнкамi, бамбукавымi кiямi, сярпамi i нажамi. Наперадзе ўсiх бег Балдзео, але i астатнiя не адставалi ад яго, яны крычалi:
- Ведзьмара i вядзьмарку сюды! Падпалiце страху над iх галавой! Мы iм пакажам, як няньчыцца з пярэваратнямi! Не, спачатку аддубасiм iх! Факелаў! Болей факелаў.
Тут выйшла невялiкая затрымка з дзвярной засаўкай. Дзверы былi замкнуты вельмi моцна, але натоўп вырваў засаўку, i святло факелаў залiло пакой, дзе, расцягнуўшыся на ўвесь рост на ложку, скрыжаваўшы лапы i злёгку звесiўшы iх з аднаго краю, чорная i страшная, ляжала Багiра. Хвiлiну ўсе маўчалi, ахопленыя жахам; пярэднiя рады з усяе сiлы пачалi прадзiрацца назад на вулiцу. I ў гэты момант Багiра пазяхнула, старанна i ўсiм напаказ, як пазяхнула б, хочучы зняважыць роўнага сабе. Вусатыя губы прыўзнялiся i рассунулiся, чырвоны язык загарнуўся, нiжняя скiвiца абвiсала ўсё нiжэй i нiжэй, так што вiдаць было гарачае горла; вялiзныя iклы бялелi ў чорным правале рота, пакуль не ляснулi, быццам стальныя затворы. У наступную хвiлiну вулiца апусцела.
Читать дальше