Аднак чалавек на сцэне, як вiдаць, - мужчына: коратка стрыжаныя валасы, пiнжак, штаны. Калi перавесцi позiрк, можна заўважыць, што ён ужо ля дзвярэй, павярнуўся да iх тварам - гэта значыць, па-ранейшаму - спiнай да залы. Здаецца, ён намагаецца нешта пачуць - тое, што адбываецца там, па той бок.
Але ў зале не чуваць нi гуку. Нарэшце не азiраючыся чалавек пачынае адыходзiць задам да рампы, не зводзiць вочы з дзвярэй. Наблiзiўшыся да стала, кладзе правую руку на рог i...
- Павальней, - прамаўляе голас з залы.
Безумоўна, нехта гаворыць у рупар: слова гучыць надта моцна.
Чалавек спыняецца. Голас паўтарае:
- Павальней, той самы рух! Пачнiце зноў ад дзвярэй: спачатку ступаеце адзiн крок, назад - толькi адзiн - i спыняецеся, секунд на пятнаццаць-дваццаць. Потым зноў, задам, адыходзiце да стала, але намнога павальней.
Iзноў чалавек ля дзвярэй, павярнуўся да iх тварам - гэта значыць, па-ранейшаму - спiнай да залы. Здаецца, ён намагаецца нешта пачуць - тое, што адбываецца там, па той бок. У зале не чуваць нi гуку. Не азiраючыся, чалавек ступае адзiн раз - назад - i нерухомее. Праз нейкi час - зноў, задам, пачынае адыходзiць да стала, дзе яго чакае твор, - вельмi павольна, роўнай, бязгучнай хадой, ступае дробна, не зводзiць вочы з дзвярэй. Рухаецца па прамой, увесь час з аднолькавай хуткасцю. Ногi ледзь варушацца, цела - абсалютна нерухомае, абедзве рукi - таксама, крыху разведзеныя, не датыкаюцца да бакоў, ледзь прыкметна сагнутыя.
Наблiзiўшыся да стала, ён кладзе правую руку на рог i, каб абысцi стол з левага боку, трошкi мяняе напрамак руху. Цяпер, мацаючы край стала, ён iдзе перпендыкулярна рампе... потым, калi мiнае рог, - паралельна... i зноў сядае на крэсла, засланяе шырокаю спiнай паперу, якая ляжыць перад iм.
Глядзiць на паперу, потым - на чырвоныя фiранкi акна, потым зноў - на дзверы; i, пазiраючы ў гэты бок, невыразна прамаўляе некалькi словаў, чатыры цi пяць.
- Гучней! - кажа рупар у зале.
- Тут, зноў, маё жыццё, цяпер... - прамаўляе натуральны голас - голас чалавека на сцэне.
- Гучней! - кажа рупар.
- Тут, зноў, маё жыццё, цяпер... - паўтарае чалавек, павышаючы голас.
Потым зноў схiляецца над творам.