- Разумееш... у мяне ж не было чаго есцi, i на трэцiя суткi хады... маё сэрца пачувалася не надта добра... I вось аднойчы караскаюся я па амаль вертыкальным схiле, - пада мной урвiшча, прорва, выбiваю ў снезе ямкi, каб уперцiся кулакамi i падцягнуцца - i тут сэрца церпiць аварыю. То сцiхне, то зноў заб'ецца. Ды няўпэўнена, няроўна. Адчуваю - памарудзь яно яшчэ секунду i я сарвуся. Замiраю i слухаю яго, слухаю. Нiколi, чуеш, нiколi ў самалёце я не адчуваў сябе такiм залежным ад матора, як за гэтыя некалькi iмгненняў адчуў залежнасць ад свайго сэрца. Я ўгаворваю яго: "Ну, яшчэ адно намаганне! Пастарайся яшчэ..." Але сэрца аказалася што трэба! Павагалася, павагалася трошкi, потым зноў застукала роўна... Каб ты ведаў, як я iм ганарыўся!
Задыхаючыся, ты нарэшце засынаў. А я сядзеў там, у Мендосе, ля тваёй пасцелi i думаў: калi б з Гiёмэ загаварылi пра яго мужнасць, ён толькi пацiснуў бы плячыма. Але i ўсхваляць ягоную сцiпласць было б маной. Ён вышэй гэтай пасрэднай вартасцi. А пацiсне плячыма таму, што ўмудроны вопытам. Ён ведае: людзi, якiх спасцiгла катастрофа, ужо не баяцца. Людзей страшыць толькi невядомасць. А калi чалавек сутыкаецца з небяспекай твар у твар, яна перастае быць несвядомасцю. Асаблiва ж калi сустракаеш яе з такой цвярозай засяроджанасцю. Мужнасць Гiёмэ гэта перш за ўсё праяўленне ягонай сумленнасцi.
Ягоная сапраўдная годнасць зусiм не ў гэтым. Яго велiч - у адчуваннi адказнасцi. У адказнасцi за самога сябе, за пошту, за надзеi таварышаў. Ён трымае ў сваiх руках i iхняе гора, i iхнюю радасць. Ён у адказнасцi за ўсё, што ствараецца там, сярод жывых, у стварэннi чаго павiнен прыняць удзел i ён. Ён у адказе за лёс чалавецтва - бо ён залежыць i ад яго працы.
Ён з тых шырокiх натур, якiя, падобна вялiкiм аазiсам, здольны шмат што ўмясцiць i даць прытулак у сваёй засенi. Быць чалавекам якраз i азначае быць адказным за ўсё на свеце. Гарэць ад сораму за галечу, хоць мо яна i не па тваёй вiне. Ганарыцца перамогай, якую атрымалi таварышы. Адчуваць, закладваючы ў фундамент камень, што ты памагаеш будаваць свет.
Гэткiх людзей часам блытаюць з тарэадорамi цi iгракамi. Ухваляюць iх пагарду да смерцi. А мне чхаць на пагарджанне смерцю. Калi каранi яго не ва ўсведамленнi адказнасцi, то гэта ўсяго толькi адмета духоўнай беднасцi альбо занадтай палкасцi маладзёнаў. Мне прыгадваецца адзiн юны самазабойца. Не ведаю ўжо, якая няшчасная любоў штурхнула яго на гэта, але ён акуратна выпусцiў сабе кулю ў сэрца. Не ведаю, пад якога лiтаратурнага героя падстройваўся ён, нацягваючы перад гэтым белыя пальчаткi, але помню - ад гэтага вартага жалю тэатральнага жэсту на мяне павеяла не высакароднасцю, а галечай. Так, за гэтымi прывабнымi рысамi твару, у галаве, дзе павiнен быў мясцiцца чалавечы розум, не мелася нiчога, анiчога. Толькi воблiк нейкай дурнiчкi, якiх на свеце процьма.
У роздуме над гэтым незайздросным лёсам мне прыгадалася iншая смерць, сапраўды вартая чалавека. Смерць аднаго садоўнiка, якi казаў мне:
- Ведаеце... часам, было, капаю, - а сам потам аблiваюся. Рэўматызм дапякае, ногi баляць, кляну, было, гэтую катаргу на чым свет стаiць. А цяпер, здаецца, капаўся б i капаўся б у зямлi. Гэта такi цудоўны занятак! Тады так вольна дыхаецца! I хто ж гэта цяпер будзе падстрыгаць мае дрэвы?
Ён пакiдаў уробленую зямлю. Уробленую планету. Ён быў звязаны любоўю з усiмi палямi i садамi, з усiмi дрэвамi нашай зямлi. Вось хто высакародны чалавек, шчодры, вялiкi чалавек! Вось хто, падобна Гiёмэ, сапраўды мужны чалавек, таму што ён змагаўся са смерцю ў iмя Стваральнiцтва.
III. САМАЛЁТ
Не гэта важна, Гiёмэ, што тваё рамяство прымушае цябе дзень i ноч назiраць за прыборамi, падтрымлiваць раўнавагу па гiраскопах, услухоўвацца ў дыханне матораў, абапiрацца на пятнаццаць тон металу: задачы, якiя ўзнiкаюць перад табой, гэта, урэшце, - задачы агульначалавечыя, пагэтаму ты ў сваёй аснове непасрэдна датычны да высакароднасцi горца. Ты не горш ад паэта ўмееш цешыцца ранiшняй зарой. Як часта ў прорве нялёгкiх начэй ты прагнуў, каб там, далёка на ўсходзе, над чорнымi нетрамi зямлi ўзнiк першы слабы проблiск, першы сноп святла. Здаралася, ты ўжо рыхтаваўся да смерцi, але ў мораку паволi прабiвалася гэтая дзiвосная крынiчка - i вяртала табе жыццё.
Карыстанне мудрагелiстым начыннем не ператварыла цябе ў сухога тэхнара. Мне здаецца, тыя, каго жахае iмклiвы тэхнiчны працэс, проста блытаюць мэту i сродак. Сапраўды, той, хто дамагаецца адзiна матэрыяльнага дастатку, не пажынае нiчога, дзеля чаго варта жыць. Але машына - не мэта. Самалёт - не мэта: ён прылада. Гэткая ж прылада, як плуг.
Читать дальше