— Няўжо ж ён такі нікчэмны? — здзівіўся Мірон.
— Зімою ён белы, а цяпер якраз змяняе зімовае адзенне на летняе. Самая галоўная яго адзнака — канец хваста, які заўсёды бывае чорным.
Гарнастай тым часам знік з вачэй.
Мірон зняважліва паціснуў плячыма.
— А я думаў — гарнастай немаведама што такое. Раней жа ніхто не меў права насіць гарнастаевыя футры, апрача цароў ды князёў.
— Я думаю, каб цары прысвоілі сабе таксама выключнае права на лапці, тады і лапці лічыліся б найбагацейшай і самай моднай рэччу, — усміхнуўся Віктар.
Праз некаторы час натрапілі на вожыка. Убачыўшы небяспеку, небарака зараз жа скруціўся ў клубок. Хлопцы падышлі да яго і пачалі меркаваць, што з ім рабіць.
— Каб былі дома, то ўзялі б яго жывым на пацеху, а тут што з ім будзеш рабіць? Есці, мусіць, яго нельга, — разважаў Віктар.
— А трэба было б і яго як-небудзь скарыстаць, — напружана думаў Мірон. — Могуць, напрыклад, спатрэбіцца ягоныя іглы ў якой-небудзь справе.
— А ведаеш што? — схапіўся Віктар. — Калі ўзяць яго скуру ды абкруціць ёю канец нашай дубіны, дык будзе такая булава, што з ёю хоць на мядзведзя ідзі!
— Вось бачыш!
— Але ж як шкада забіваць гэтае мілае стварэнне! — уздыхнуў Віктар.
Аднак прыйшлося забіць. Да журавін і змяінай скуры далучыўся вожык. З гэтай здабычай яны і вярнуліся дадому.
Было яшчэ рана, не пазней за поўдзень. Часу заставалася досыць для гаспадарскай працы. Паабедалі рыбай, арэхамі і журавінамі.
Скуру змяі павесілі сушыцца, а з вожыка пачалі рабіць булаву. Але ж і папакутавалі, пакуль знялі з яго скуру сваім «нажом»! Скрывавілі ўсе чатыры рукі. Затое булава выйшла на славу! Толькі Мірон усумніўся ў ёй.
— Супраць чалавека, — сказаў ён, — лепшай і не трэба. А што ты зробіш са зверам? Для яго гэтыя іглы — нішто.
— А ўсё ж такі лепш, як голая дубіна, — цешыўся Віктар.
Цяпер, калі непасрэдная пагроза голаду адсунулася, яны мацней адчулі недахват адной дробязі — пасудзіны ці якога чарапка для вады. Увесь час ім прыходзілася піць жменямі, а калі вада спала, то зусім дрэнна зрабілася: часам да чыстай вады нельга было даступіцца так, каб дастаць яе абедзвюма рукамі, і даводзілася піць брудную.
— Гэткае глупства ды так перашкаджае! — злаваў Віктар. — Пойдзем шукаць гліны, можа, злепім які чарапок.
— Хадзем на рыбу і па дарозе пашукаем, — згадзіўся Мірон. — Да захаду сонца застаецца яшчэ гадзін з пяць.
Але не так лёгка было знайсці гліну, як гэта здавалася. То пяскі, то балота — а гліны ні знаку. Усё далей і далей зварочвалі яны ўбок. Падыходзячы да аднаго балотца, здалёк заўважылі, што на беразе яго нехта капошыцца. Хлопцы прыпыніліся і пачалі ціхенька красціся. Але чым больш набліжаліся, тым болей дзівіліся: гэты «нехта» не быў падобны ні на звера, ні на птушку. Проста штосьці круглае круцілася на месцы, станавілася рубам.
— Чарапаха! — прашаптаў Віктар.
Хлопцы спыніліся і пачалі наглядаць за ёй. Чарапаха была велічынёю з шапку. Яна неяк смешна і нязграбна прыстасоўвалася, каб хвастом выкапаць у зямлі ямку, і была так занята сваёю справай, што нічога не заўважала навакол. Хлопцы падпаўзлі зусім блізка.
— Што яна робіць? — прашаптаў Мірон.
— Ямку капае, каб пакласці туды яечкі, — шэптам адказаў Віктар.
— Ці не пачакаць, пакуль яна паложыць? Кажуць, яе яечкі вельмі смачныя.
— Можа, яны і сапраўды смачныя, — сказаў Віктар, — але і яна не дурная: яна ўмее зрабіць так, каб такія ласуны, як ты, іх не елі.
— Якім чынам?
— Вельмі проста: палажыўшы яйкі, яна мочыць іх нечым вельмі непрыемным.
— Не можа быць! Хто табе казаў?
— У кніжцы чытаў.
— Тады ўперад! На чарапаху! — крыкнуў Мірон.
Хлопцы выскачылі і схапілі бездапаможную жывёліну. Бедная чарапаха схавалася ў свой панцыр.
— Як жа да яе даступіцца? — казаў Віктар, варочаючы яе ў руках.
— Прыйдзецца праз дзірку закалоць.
З жалем выканалі яны гэты непрыемны абавязак.
— Я думаю, не трэба нам цяпер далей ісці, — сказаў Мірон. — Адразу маем і вячэру, і пасудзіну.
Вярнуліся дадому. Нялёгка было выцягнуць чарапаху з яе панцыра, але вячэру на гэты раз хлопцы мелі выключную. Пасудзіну таксама атрымалі добрую. Толькі крыху перашкаджаў ніжні, з чэрава, панцыр. Аднак Мірон лічыў, што гэта нават і лепш.
— Набіраць ваду і піць не перашкаджае, а разам з гэтым маем міску з накрыўкай.
— А ці нельга будзе ў ёй гатаваць ваду? — запытаўся Віктар. — Вельмі хочацца якога-небудзь чаю ці юшкі.
— Мусіць, нельга, бо яна рагавая і павінна смаліцца. Пачакай! — схамянуўся Мірон. — Мы ж можам мець чай, нават салодкі!
Читать дальше