Калі папалам раздзялю я дружыну, —
Мендогу малая апора;
Калі ж к Навагрудку я ўсю яе кіну, —
То вам тут адным будзе гора!“
Кажу яму: „Бацька, вядзі сваю сілу,
Ідзі, куды клікнула слава!
Нас Бог абароніць, анёла я сніла, —
Над горадам нашым ён плаваў,
Маланкаю-мечам абвіў наўкол Свіцязь,
Раскрыў залацістыя пёры,
Сказаў мне: „Спакойна працуйце і спіце,
Я з вамі — не будзеце ў горы“.
Паслухаў Туган — удагон за дружынай…
Ды толькі, як ноч наступіла, —
І грукат, і тупат — то грознай лавінай
Варожая копіцца сіла!
Як грымнуць тараны, град ядраў, камення.
Упалі са скрогатам брамы.
Старыя, жанчыны — на плошчу ў імгненне,
Услед бягуць дзеці за мамай.
І крыкі, і лямант: „Што будзе тут з намі?
Русь хлынула, Русь атакуе!
Ах! Лепей жыцця мы пазбавімся самі, —
Ад ганьбы хай смерць уратуе!“
І ў гневе паходні распальваюць ярка,
Кастры палыхаюць траскуча:
У попел — нажыткі, у дым — гаспадаркі,
А крыкі — са злобай пякучай:
„Праклён жа таму, хто сам сёння не згіне!“
Да смерці да ўласнай гатовы,
Ужо і сякеры блішчаць лязом сінім, —
І людзі схіляюць галовы…
Ці здасца — ў палоне звіняць ланцугамі,
Жыць рабскім жыццём непрыгожым?
Або сябе знішчыць сваімі рукамі?..
— Дзе выйсце, — крычу я, — о Божа?!
Калі ўжо скарыцца нам ворагу трэба,
Калі бярэ верх яго сіла, —
Няхай нас ударыць гром з яснага неба,
Хай прыме жывых нас магіла!“
І раптам праменнае нешта між ночы
Мяне абвіло белізною.
У дол апускаю спалохана вочы —
Зямлі ўжо няма пада мною!
Мы так уцяклі, не пайшлі ў паланянкі
Да ворага… Глянь — зеляніна:
І зелле, і кветкі — то ўсё Свіцязянкі, —
Нас Бог абярнуў у расліны.
Лісты ўсе зялёныя, нібы ў яліны
Ігліцы, як выбеліць іней.
Плывуць над вадою, як пух лебядзіны,
Бялеюць над безданню сіняй.
Як знак чысціні, і вось гэтай парою
У колер у белы адзеты.
І той, хто кранецца крывавай рукою, —
Не ўбачыць ён белага свету.
Адчуў на самім сабе цар рускі гэта,
Адчула ягоная світа:
Нарвалі на беразе возера кветак, —
Галовы вянкамі абвіты.
Ды толькі хто браў кветкі гэтыя ў рукі, —
Была ў іх жахлівая сіла, —
Той падаў і енчыў, і корчыўся ў муках,
Таго смерць адразу касіла.
Прайшлі з таго часу, мінулі стагоддзі,
Ды ў памяць аб тым пакаранні,
„Царамі“ завуць тыя кветкі ў народзе.
У песні старой, у паданні…»
І вось адыходзіць красуня памалу,
Чаўны патанулі і сеці…
Шум чуецца ў пушчы, ўздымаецца хваля
І грозна на бераг нясецца.
Да дна расхінаюцца раптам глыбіні,
Ўскіпае віроў завіруха:
Туды праваліліся ў бездань дзяўчына,
І болей — ні слуху, ні духу.