Лена. Ну, а хто ж тваіх дзяцей хрысціць будзе?
Каралёў. Не-е! Хто заўгодна, толькі не ты!
Юля. Лена! Ігар! Ну, Божа мой! Я ад вас стамілася. Колькі можна? (Паўза.) Кім не прыедзе?
Каралёў. 3 дзецьмі застаўся... Заявіў, што доўгія провады — лішнія слёзы...
Лена. Перажывае момант адчурання.
Юля. Які момант?
Лена. Ты ж для яго была і сястрой і маці, а цяпер вунь каго песціш.
Каралёў. Зноў?
Лена. Камплексуе падлетак...
Пауза. Юля застагнала.
Каралёў. Што такое?
Юля. Мне дрэнна...
Заціскаючы рукой рот, выбягае.
Каралёў. Юля!!! (Да Лены.) Чаго ты сядзіш?!
Лена. А што мне рабіць?
Каралёў. Ёй дрэнна!
Лена. Ну й што?
Каралёў. Як што? Ёй жа моташна стала!
Лена (абыякава). На здароўе...
Каралёў. Ты... Памажы ёй!
Лена. Чыя гэта жонка? Мая ці твая? Сам дапамагай... Каралёў. Чым я ёй дапамагу?!
Лена. Агуркоў салёных купі на дарогу!
Каралёў ( пасля паузы ). Што... Што...
Лена. Сто! Я ж казала, што ты жлоб...
Каралёў (насоўваецца на яе і шэпча радасна). Лена... Лена-а-а...
Лена. Што такое? Не чапай мяне! Пусці! Пусці табе сказана!
Каралёў (абдымае яе). Ленка!
З’яўляецца Хадзееў.
Хадзееў. Што тут адбываецца?
Лена. А вы не бачыце. Гвалт над чэснай дзяўчынай у міжнароднай зале аэрапорта.
Хадзееў. А дзе Юля?
Юля (з’яуляецца). Я тут.
Каралёў. Як ты?
Юля. Нармальна.
Хадзееў. Дакладваю. Нас з табой сустракаюць. Я забіраю дачку і гэтым жа рэйсам вяртаюся. Ты будзеш жыць у яе пакоі. Гэта два крокі ад клінікі. Прафесар Шварц рэкамендуе дзённы стацыянар.
Каралёў. Гэта што?
Лена. Як што? Увесь дзень лечышся, а потым усю ноч здароўе гробіш.
Хадзееў. Ужо абвесцілі рэгістрацыю. Лена, пайшлі багаж афармляць. Мы каля пятай стойкі будзем.
Хадзееў і Лена выходзяць.
Юля. Што гэта з табой?
Каралёў. Нічога...
Юля. А чаго ты так глядзіш?
Каралёў. Та-ак... Я праз тыдзень у адведкі прыеду.
Юля. Навошта табе грошы траціць!
Каралёў. Грошы трэба не эканоміць! Грошы трэба зарабляць! У цябе ж свой пакой будзе. Ты днём у стацыянар, а я ў піўбар... А ноччу буду сачыць за тым, каб ты сваё здароўе не гробіла...
З’яўляецца Кім, ведучы за рукі хлопчыка і дзяўчынку. Канечне ж гэта Піня з Баранесай.
Кім. Яны дасталі мяне!
Юля. Кім!
Кім. Калі я сказаў, што ты паехала ў аэрапорт, яны такі вой паднялі... Увесь пад’езд на вушы паставілі! Суседка выклікала міліцыю, бо падумала, што я іх забіваю... Адразу дваіх...
Каралёў. I што?
Кiм. Міліцыя нас і прывезла сюды. Вунь машына стаіць. (Да дзяцей.) Ну што? Вось ваша мэм... Цалуйцеся!
Юля падбягае і абдымае спачатку маленькіх дзяцей, а потым Кіма.
Так яны і стаяць абняўшыся.
Каралёў павольна-павольна падыходзіць да іх. На гэтым мы з імі і развітаемся. Дай вам Бог шчасця!
Канец