Але і войны не абміналі сваёй усёзнішчальнай хваляй гэтыя мірныя, утульныя і прывабныя куточкі краіны. Напалеонаўская навала 1812 г. знішчыла «беларускі Версаль» — палацава-паркавы ансамбль стылю ракако «Альба», загарадную рэзідэнцыю некаранаванага нясвіжскага караля Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Французамі знішчаны палацавы комплекс у Лахве (цяпер Лунінецкі р-н), спалены палац Бжастоўскіх у Міхалішках (Астравецкі р-н), сядзіба Тукалаў у Асцюковічах (Вілейскі р-н) і інш.
Секвестрацыя расейскім урадам мноства маёнткаў пасля паўстанняў 1830–1831 і 1863–1864 гг. не адбілася ракавым чынам на мастацкім стане парадна-рэпрэзентацыйных комплексаў. Але шэраг сядзіб, былыя ўладальнікі якіх нейкім чынам далучыліся да паўстанняў, значна пацярпелі. У 1831 г. быў секвестраваны абшырны сядзібна-паркавы комплекс графа Людвіка Паца ў Гарадзішчах (Баранавіцкі р-н), пасля чаго прыйшоў у заняпад і згінуў. Пры ліквідацыі паўстання 1863 г., адным з кіраўнікоў якога быў Свентаржэцкі — багацейшы землеўладальнік на Ігуменшчыне, яго палац у Багушэвічах (Бярэзінскі р-н) быў спалены па загаду самога Мураўёва. Згарэлі ў 1863 г. палацы Горватаў у Прылуках (Менскі р-н) і Каменьскіх у Міневічах (Мастоўскі р-н).
Катаклізмы XX стагоддзя, як ніякога іншага, нанеслі ўрон палацава-сядзібнай архітэктуры. Моцны разбуральны ўдар па гэтай адметнай галіне беларускага дойлідства прыпаў на першую сусветную вайну, якая пагібельным смерчам пранеслася па старасвецкіх маёнтках. Шматлікія панскія сядзібы пераўтвараліся ў казармы, палявыя штабы, шпіталі, часам і проста станавіліся мішэнямі для гарматаў. Маляўнічыя прысядзібныя паркі былі перарыты акопамі, знявечаны бліндажамі. У выніку ваенных дзеянняў у 1914 г. згарэў адзін з буйнейшых у Беларусі палацаў — рэзідэнцыя магнатаў Сапегаў у Ружанах (Пружанскі р-н). Разруха і спусташэнні панавалі паўсюдна. У заходняй частцы Беларусі, якая знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, знішчалася ўсё, што толькі было магчыма знішчыць, астатняе вывозілася. На панскія сядзібы ляглі вярыгі кантрыбуцыі. Усходнія землі пад кантролем царскіх войскаў апусцелі як ад пагалоўнай мабілізаці, так і ад поўнага гаспадарчага хаосу. У 1914 г. была спалена цудоўная загарадная сядзіба апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Аўгустове пад Горадняй. Сам горад у 1915 г. страціў цудоўны барочны палац А. Тызенгаўза, які вызначаў галоўны парадны ансамбль Гарадніцы. Не менш выдатны помнік барочна-класіцыстычнай архітэктуры — палац Храптовіча ў Шчорсах (Наваградскі р-н) таксама зруйнаваны ў 1914 г. У будынку размяшчаўся нямецкі бліндаж, які быў знішчаны разам з палацам. Між іншым на франтоне палаца меўся лацінскі надпіс «Мір і свабода». У гады вайны разбураны палацы ў Асвеі (Верхнядзвінскі р-н) і Дабраўлянах (Мядзельскі р-н). Цудоўная сядзіба Яблонскай у вёсцы Востраў (Мядзельскі р-н) знішчана з-за праходзячых па яе тэрыторыі нямецкіх і расейскіх акопаў. Пасля ваенных дзеянняў ад цудоўнай сядзібы Верашчакаў у Тугановічах (Баранавіцкі р-н), якая трапіла ў прыфрантавую паласу, засталіся замшэлыя фундаменты былых будынкаў, жахлівыя фрагменты пейзажнага парку. Адначасова разам з сядзібай загінула гістарычная мясціна, звязаная з імем паэта А.Міцкевіча. У час першай сусветнай вайны праз вёску Пясечна (Пінскі р-н) таксама праходзілі нямецкія акопы. У выніку жорсткіх баёў быў знішчаны адзін з буйнейшых на Палессі сядзібна-паркавых ансамбляў, заснаваны яшчэ ў XVIII ст. Друцка-Любецкімі. У імперыялістычную вайну былі значна пашкоджаны сядзіба Віславухаў у Пярковічах (Драгічынскі р-н) і палацава-паркавы ансамбль Агінскага «Паўночныя Афіны» ў Залессі (Смаргонскі р-н); знішчаны сядзібы Плятараў у Дунілавічах (Пастаўскі р-н), Стржалкоўскіх у Міневічах (Мастоўскі р-н), Тадэвуша Агінскага ў Гануце (Вілейскі р-н), палац Марыяны і Ежы Абрамовічаў у Варнянах (Астравецкі р-н). Падчас першай сусветнай вайны пашкоджаны палац у Манькавічах (Столінскі р-н) — цудоўная архітэктурная фантазія пачатку XX ст. на тэму Нясвіжскага замка, які неўзабаве і сам пацярпеў (згарэў пабудаваны ў ім Святаполк-Мірскі палац).
Не паспеўшы ачуцца ад ліхалецця імперыялістычнай вайны, дваранскія гнёзды нападкала наступная трагічная падзея: рэвалюцыя 1917 г. Працэс руйнавання панскіх сядзіб распаляўся яшчэ ў першую расейскую рэвалюцыю 1905 г. Мясцовыя памешчыкі з наваколля Краснаполля тэлеграфавалі міністру ўнутраных спраў: «Сяляне знішчаюць маёнткі, вінакурныя заводы, сякуць лес, збіраюцца на мітынгі, паліцыя бяссільная». Калі па Расеі была разгромлена кожная пятнаццатая памешчыцкая сядзіба, то каля Краснаполля — кожная другая. Летам 1906 г. сяляне спалілі сядзібу памешчыкаў Бекмана ў вёсцы Яноўка, Блюмгера ў Малюшыне і шэраг іншых. Лозунг «Мір хацінам, вайна — палацам» рэвалюцыйнай масай быў успрыняты літаральна. Заклік «Паразітам-памешчыкам смерць, усім паразітам-памешчыкам усяго свету!», натуральна, адносіўся і да іх маёмасці. Маёнткі памешчыка Скірмунта ў Пінскім павеце (Парэчча, Моладава і інш.) як старшыні створанага ў сакавіку 1917 г. контррэвалюцыйнага Беларускага нацыянальнага камітэта былі разгромлены сялянамі і салдатамі. Вялікія выпрабаванні выпалі на долю Гомельскага палаца — у час контррэвалюцыйнага мяцяжу ў сакавіку 1919 г. у ім узнік пажар, у выніку якога згарэла шмат памяшканняў.
Читать дальше