Галоўны неф быў перакрыты скляпеннем, «апранутым» у васьмігранную вежу, пасярэдзіне касцёла. Галоўны фасад храма, павернуты да горада, як і фасад касцёла бернардзінак, толькі складанасцю і шматпланавасцю будовы нагадваў фасады віленскага барока. Падобна касцёлу дамініканцаў, фасад уключае дзве вежы, не выяўленыя на фасадзе. Тут яны яшчэ больш замаскіраваны і займаюць значна менш месца. На фасадзе касцёла брыгітак асабліва выразна акрэслена цэнтральная вось, і ўвесь фасад трактуецца як агромністая трыумфальная арка. Пілястры, што аздабляюць вежы, падтрымліваюць магутны антаблемент, над якім узвышаецца разарваны франтон і вышэй яго — фігурны шчыт, аздоблены вазамі і статуямі. Звонку касцёл быў атынкаваны і накрыты дахоўкай.
Унутры храм аздоблены стука. У інтэр'еры каля кожнага слупа стаялі белыя з пазалотай скульптуры святых. Акрамя вялікага, разнога з дрэва алтара ў прэсбітэрыі было яшчэ 10 драўляных разьбяных алтароў, белых з пазалотай. Падлога да сярэдзіны касцёла перад вялікім алтаром насцелена са шведскага мармуру, у астатніх частках выкладзена з цэглы.
З паўднёвага боку касцёла па папярочнай восі авала размяшчалася вялікая капліца, у якой падчас богаслужэння маліліся манашкі — рыса, якая адрознівала гэты кляштар ад іншых жаночых манастыроў. Манашкі знаходзіліся таксама ў правай, злучанай з кляштарам сакрысціі, у левай бываў капелан. Паміж сакрысціяй і капліцай прадугледжвалася месца для скарбніцы.
Будынак кляштара, адпаведны абмерным чарцяжам, быў незакончаны. На першым паверсе мясціліся трапезная, кухня, жыллё капелана, тры келлі і кладоўка, на другім — 15 келляў. Абодва паверхі перакрывалі скляпенні, дах накрыты дахоўкай.
На тэрыторыі манастыра існавала шмат разнастайных гаспадарчых пабудоў: стайня, хлявы, рымарня, лямусы і г.д. Да іх прылягаў сад і агарод. Перад галоўным фасадам касцёла былі невялікія могілкі.
На найбольшай адлегласці ад цэнтра горада ў Кобрынскім прадмесці, на тым жа шляху, што і кляштар дамініканцаў, знаходзіўся мураваны касцёл трынітарыяў, заснаваны ў 1737 г., закладзены ў 1738 г. і асвячоны ў імя святой Барбары ў 1761 г. Верагодна, што яго будаваў той жа архітэктар, які ўзводзіў касцёл брыгітак, ці яму гэты касцёл служыў узорам. У абодвух храмах аснову кампазіцыі складае вялікае, авальнае ў плане скляпенне. Рысы падабенства прасочваюцца і ў кампазіцыі фасада: у абодвух выпадках пілястры падтрымліваюць разарваны франтон, над якім узвышаецца фігурны шчыт. Але пры аднатыпнай схеме пабудовы фасад касцёла трынітарыяў вылучаюць больш простыя архітэктурныя элементы. Менш развіты бакавыя часткі фасада, адсутнічае скульптурны дэкор. Замест яго на шчыце была намалявана фрэска з выявай анёла, які трымаў у адной руцэ нявольніка-хрысціяніна, а ў другой — маўра, што з'яўлялася сімвалам ордэна трынітарыяў, заснаванага з мэтай вызвалення нявольнікаў. Пазней фрэска замянілася крыжам. Авальны неф і купал асвятляў ліхтарык у выглядзе гранёнай вежачкі. Распор ад купалаў перадаваўся магутным, складаным у плане апорам, паміж якімі размяшчаліся вокны. Касцёл быў атынкаваны ўнутры і звонку, дах накрыты гонтай.
У інтэр'еры знаходзіліся 7 разьбяных, аздобленых скульптурай алтароў. Праходы па баках вялікага алтара вялі ў сакрысцію і ў кляштарны калідор. Мураваныя часткі кляштара, а таксама драўляныя (трапезная, кухня, кладоўка) сведчаць аб тым, што ён быў задуманы як асіметрычнае адносна восі касцёла збудаванне. Аналагічнае размяшчэнне касцёла і кляштара не сустракаецца болей у беларускай архітэктуры.
Перад галоўным фасадам касцёла, павернутым да Віленскай вуліцы, знаходзіўся вялікі, амаль простакутны двор, абнесены мураванай агароджай, з унутранага боку апрацаванай вялікімі нішамі. Двор кляштара трынітарыяў яшчэ больш падкрэсліваў рэгулярнае размяшчэнне пабудоў і вылучаў манументальны, просты, але выразны па формах касцёл.
Архітэктура манастырскіх пабудоў, амаль усіх у Берасці, вызначаецца аскетычнай прастатой. Верагодна, берасцейскія будаўнікі не мелі дастатковых сродкаў, як, напрыклад, манахі езуіцкіх калегіумаў, і вымушаны былі абмежавацца толькі ўпрыгожаннем касцёлаў.
На плане Берасця ёсць яшчэ адзін мураваны касцёл XVIII ст. — фарны, у імя Святога Крыжа і Ўвазнясення Божай Маці, заснаваны ў 1412 г. Вітаўтам. Першапачаткова драўляны, ён размяшчаўся на тым жа месцы, што і ў XVIII ст., на адным з кароткіх бакоў Рыначнай плошчы. Мураваны фарны касцёл узведзены ў 1766 г. і асвячоны ў 1769 г. З прычыны слабых падмуркаў сцены яго хутка разбурыліся і ў 1805 г. фара была пераведзена ў езуіцкі касцёл. У 1808 г. абодва храмы згарэлі, і функцыі фарнага адышлі да касцёла бернардзінцаў. Магчыма, з прычыны нездавальняючага стана касцёла пры будаўніцтве крэпасці яго ўвогуле не сталі выкарыстоўваць і рабіць абмеры.
Читать дальше