Трэба адзначыць, што Чорна-Троіцкая царква — першы вядомы ў беларускім дойлідстве помнік пяцізрубавага «крыжовага» тыпу. Ён адзначыў пачатак пераходнага перыяду ад барока да класіцызму ў спецыфічных формах мясцовага драўлянага будаўніцтва. Выразны маляўнічы сілуэт царквы прыцягваў многіх мастакоў. Ужо ў савецкі час яна з'яўляецца на гравюрах віцебскіх мастакоў С. Юдовіна і Я.Мініна, але ў 1930-ыя гг. помнік знішчылі.
Усяго ў XVIII ст. у Віцебску налічвалася 11 драўляных вуніяцкіх цэркваў: Іаана Багаслова, Спаса-Праабражэнская, Свята-Троіцкая (на Пескаваціку), Задунаўская, Раства Багародзіцы, Васкрасенская (Заручаўская), Мікалаеўская, Святадухаўская, Петрапаўлаўская, Богаяўленская і Ільінская. Акрамя іх існавалі яшчэ два мураваныя вуніяцкія храмы: Васкрасенская царква, якая ў адрозненне ад драўлянай Васкрасенскай, што знаходзілася ў Зарэччы, мела назву Рынкаўскай, і Ўспенская царква пры базыльянскім манастыры. Гэтыя манументальныя збудаванні фармавалі буйнейшыя плошчы горада, іх выразныя сілуэты стваралі непаўторныя краявіды старажытнага Віцебска. Ніводзін з гэтых храмаў на наш час не існуе — гэта яскравы паказчык тых непамерных страт, што пацярпела наша культурная спадчына.
На плане цэнтральнай часткі Віцебска канца XVIII ст. адлюстравана ўзаемазвязаная сістэма гарадскіх плошчаў. Яны мелі рознае функцыянальнае прызначэнне, але разам стваралі цэласную горадабудаўнічую кампазіцыю, на якой грунтавалася ўся забудова цэнтра горада.
Крыху воддаль на ўсход ад галоўнай воднай артэрыі горада — Заходняй Дзвіны, па абодва бакі яе прытока, рэчкі Віцьбы, размяшчаліся дзве плошчы, злучаныя паміж сабою мастом. На паўднёвым беразе Віцьбы, на тэрыторыі былога Ніжняга замка, знаходзілася вялікая ў форме трапецыі плошча, якая атрымала назву Саборнай. Яе паралельныя бакі фармавалі з захаду будынкі ваяводства, з усходу — езуіцкага калегіума з манументальным Мікалаеўскім саборам. Насупраць яе, ля сутокаў Віцьбы і ручая, што агінаў старажытнае замчышча, на мысападобнай пляцоўцы былога Ўзгорскага замка, знаходзілася Ратушная, ці Рынкавая, плошча. Ужо на найбольш раннім вядомым плане Віцебска 1664 г., так званым чарцяжы, тут пазначаны драўляны будынак ратушы і шматлікія крамы па перыметру плошчы.
У адпаведнасці з рэльефам Рынкавая плошча мела няправільную канфігурацыю, і толькі пасля будаўніцтва ў 1775 г. мураванай ратушы яна набыла пэўную сістэмнасць і завершанасць. Глыбінна-прасторавая кампазіцыя плошчы была пабудавана на законах адваротнай перспектывы, як у знакамітых рымскіх плошчаў: на Капіталійскім узгорку, створанай геніяльным Мікеланджала, ці перад саборам святога Пятра, сфармаванай майстрам барока Берніні. З моста праз Віцьбу адкрывалася шматпланавая панарама плошчы, падобная да тэатральнай сцэны, што выдатна адлюстравана на акварэлі І.Пешкі пачатку XIX ст. Першы план, накшталт куліс ці брамы, фармавалі дзвюхвежавыя фасады велічных гмахаў Васкрасенскай царквы і касцёла святога Антонія з кляштарам бернардзінцаў. Ад іх крыху пад вуглом разыходзіліся працяглыя дамы гасціннага двара з мерным рытмам лучковых аркад. Прыгожы барочны будынак ратушы са шмат'яруснай гадзіннікавай вежай франтальна замыкаў плошчу і акцэнтаваў цэнтр кампазіцыі ансамбля. Ад ратушы па баках веерам разыходзіліся дзве вуліцы, утвараючы яшчэ больш далёкую перспектыву. Ад гэтага выдатнага горадабудаўнічага ансамбля ў стылі позняга беларускага барока на наш час ацалеў толькі будынак ратушы, пасля рэстаўрацыі ў 1970-ыя гг. прыстасаваны пад Віцебскі абласны краязнаўчы музей.
Важную ролю ў ансамблі Рынкавай плошчы адыгрывала вуніяцкая Васкрасенская царква. Храм арыентаваўся алтаром на поўнач, а галоўным фасадам, як і ратуша, — да Віцьбы. На яе месцы раней стаяла драўляная праваслаўная, таксама Васкрасенская, царква, арыентаваная алтаром на ўсход. Выява гэтай царквы прадстаўлена на чарцяжы Віцебска 1664 г. Яна складалася з трох квадратных у плане зрубаў: асноўнага, алтарнага і бабінца з вежай над ім, накрытых асобнымі шатровымі дахамі з галоўкамі. Новая мураваная царква была ўзведзена па фундацыі віцебскага мешчаніна вуніята Мікалая Смыка і асвячона ў 1772 г. Прыгожы гмах у стылі позняга барока вызначаўся маляўнічым сілуэтам, цякучымі абрысамі вежаў і франтонаў, вертыкалізмам прапарцыянальнага ладу. Аднанефавы храм меў паўкруглую алтарную апсіду з рызніцамі па баках, якія надавалі плану простакутную форму, што дазваляла яму шчыльна прылягаць да будынка гандлёвых радоў. Вышэй рызніц уздымалася светлая апсіда алтара, завершаная выгнутым фігурным атыкавым франтонам, што добра бачна на другім малюнку плошчы І.Пешкі з боку ратушы. Дзвюхвежавы галоўны фасад вылучаўся складанай хвалістай паверхняй, якая стваралася дынамічнай групоўкай моцна выцягнутых вертыкальных ордэрных элементаў. Пластыка фасадаў узбагачалася дугападобнымі лініямі карнізаў, ажурнымі вежамі з фігурнымі купалкамі, дынамічным разваротам карынфскіх калон па вуглах выступаючага нартэкса.
Читать дальше