На пачатку XVII ст. праваслаўная царква яшчэ ўтрымлівала дастаткова моцныя пазіцыі, асабліва ва ўсходніх ваяводствах Вялікага Княства Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Смаленскім, дзе вунія насаджалася гвалтоўна, што выклікала народныя хваляванні, «частые бунты и разрухи». Падчас паўстання ў Віцебску 12 лістапада 1623 г. адбылося забойства вуніяцкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча, пасля чаго праваслаўныя цэрквы былі запячатаны, разбураны ці пераведзены ў вунію. Мсціслаўскі кашталян Канстанцін Палубенскі хацеў прывесці жыхароў горада да вуніі «прозбою и грозбою», як адзначана ў адным з дакументаў таго часу. У кнігах полацкага магістрата ёсць шэраг накіраваных супраць схізматыкаў каралеўскіх указаў, забараняўшых праваслаўным будаваць і рамантаваць цэрквы. Указ караля Ўладзіслава IV ад 14 лютага 1641 г. адзначае, што «у Віцебску, Полацку і Наваградку ніколі ніводнай царквы невуніяты мець не будуць».
Аднак у другой палове XVII ст. сітуацыя мяняецца. «На працягу 69 гадоў ад стварэння вуніі, яна, з Божай дапамогай, пашырана была вуніятамі ў Літве і на Русі», — так зазначана ў «Данясенні холмскага вуніяцкага епіскапа Іакава Сушы рымскаму папе аб бядотным становішчы вуніяцкай царквы і ўціску вуніятаў католікамі». Пачаўся новы этап ідэалагічнай барацьбы, накіраваны на акаталічванне вуніі. Аб гэтым сведчаць. напрыклад, шматлікія магілеўскія акты «аб крыўдах вуніятаў ад каталіцкіх манашаскіх ордэнаў і польскіх чыноўнікаў». Мяжа XVII і XVIII стст. адзначана забаронай беларускай мовы ў дзяржаўным справаводстве (1697) і прыняццем соймавага закону (1712), адпаведна якому праваслаўныя канчаткова засталіся без аховы законаў Рэчы Паспалітай. Гэтыя сацыяльна-палітычныя працэсы як у люстэрку адбіліся ў характары і эвалюцыі культавага будаўніцтва Беларусі таго часу.
У пачатку XVII ст. рух супраць вуніі ў абарону праваслаўя ўзначаліў падкаморы мсціслаўскі Багдан Сцяткевіч, які заснаваў шэраг праваслаўных манастыроў Магілеўскай епархіі: ў 1623 г. Куцеінскі Богаяўленскі мужчынскі манастыр пад Воршай, у 1631 г. там жа — Успенскі жаночы манастыр, у 1633 г. — Богаяўленскі брацкі сабор у Магілеве, у 1641 г. — Баркалабаўскі манастыр каля Старога Быхава, у 1643 г. — Буйніцкі манастыр каля Магілева. Апошнія фундацыі пазначаны яго жонкаю Аленаю, з роду Саламарэцкіх.
Традыцый праваслаўя на той час прытрымліваліся і многія іншыя буйныя феадалы. У 1637 г. князь Леў Самуіл Агінскі заснаваў полацкі Богаяўленскі манастыр. Фундушавы запіс на заснаванне праваслаўнага Маркава манастыра ў Віцебску зроблены Л. С. Агінскім і яго жонкаю 6 жніўня 1642 г., але ўжо пасля пабудовы там саборнага храма, распачатай у 1633 г.
Багаты шляхціц Канстанцін Іпацій Маскевіч заснаваў у 1641 г. галоўны храм Святога Духа Тупічэўскага манастыра пад Мсціславам. Характэрна, што К.І.Маскевіч змяніў гвалтоўную тактыку сваёй рэлігійнай барацьбы, калі пераканаўся, што дзеянні і сродкі «лацінян» больш надзейныя і мэтанакіраваныя, а менавіта: адукацыя юнацтва, будаўніцтва храмаў, і стаў карыстацца імі ж.
Галоўныя саборныя храмы ўсіх вышэйназваных і іншых праваслаўных манастыроў таго часу былі драўлянымі. Выкарыстанне таннейшага будаўнічага матэрыялу ў пэўнай ступені абумоўлена палітычным уціскам, што вымушала праваслаўных вырашаць свае філасофска-рэлігійныя задачы больш простымі і даступнымі прыёмамі.
Найбольш раннія драўляныя саборныя цэрквы Богаяўленскага Куцеінскага манастыра пад Воршай і Святадухаўскага Тупічэўскага манастыра пад Мсціславам складаліся з чатырох зрубаў роўнай вышыні, размешчаных папарна па ўзаемна перпендыкулярных восях. Заходні зруб з уваходам ставіўся простакутным, а алтарны і бакавыя — пяціграннымі. Усе зрубы накрываліся вальмавымі дахамі з галоўкамі ў месцы злучэння схілаў, а прастора сяродкрыжжа ўвенчвалася светлавым васьмігранным барабанам з цэнтральным купалам. Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя гэтых помнікаў мела план і сячэнне на ўзроўні карніза ў выглядзе роўнаканцовага грэчаскага крыжа. У ёй прагледжваецца генетычнае ўздзеянне кампазіцыйнай структуры мураваных крыжова-купальных храмаў старажытнарускага перыяду.
Ёсць падставы меркаваць, што аналагічную кампазіцыю атрымалі таксама саборныя цэрквы Баркалабаўскага і Буйніцкага манастыроў. У фундушавым запісе на Святадухаўскі манастыр у Буйнічах, які падпарадкоўваўся Богаяўленскаму Куцеінскаму пад Воршай, пазначана ўмова — заўжды залежаць ад канстанцінопальскага патрыярха. Пераважнае выкарыстанне пры будаўніцтве найбольш манументальных праваслаўных сабораў таго часу архітэктурнага тыпу чатырохзрубнага цэнтрычнага крыжова-купальнага храма мела на мэце падкрэсліць пераемную сувязь з візантыйска-рускімі традыцыямі.
Читать дальше