Другая частка горада ляжала на левым беразе р. Случы і ўжо ў XVІ ст. называлася Новым Слуцкам, ці Новым месцам. Яна таксама мела лінію бастыённых умацаванняў з абарончым ровам, у якую ўключаўся Новы замак, збудаваны яшчэ ў часы князёў Алелькавічаў. Кальцо ўмацаванняў вакол Старога і Новага Слуцка перарывалася толькі водамі р. Случы, якія запаўнялі роў перад земляным валам.
Па-за ўмацаваннямі знаходзіліся два неўмацаваныя прадмесці — з паўночнага ўсходу Востраў і з поўдня — Трайчаны, якія сфармаваліся каля Траецкага манастыра.
Маскоўскі дзяк Трыфан Карабеннікаў, які ў 1593 г. праязджаў праз Слуцак, зафіксаваў тут «около городка острог на городовое дело… а града в воротах и у острогу, — заўважыў назіральны падарожнік, — стоят воротники и стрельцы ружьямн (ручницами), а в острог иноземца не сказав, не пустят».
У горадзе мелася значная колькасць агнястрэльнай зброі. Большая яго частка ў 1595 г. трапіла да казакоў атрада Севярына Налівайкі, які захапіў горад восенню і вывез адсюль з сабою 12 лепшых гармат, 80 гакаўніц, 700 рушніц. Акрамя таго, С. Налівайка загадаў сабраць для яго 5000 коп грошаў літоўскіх, г. зн. каля 384 кг срэбра.
З 1612 г. Слуцак перайшоў ва ўласнасць Радзівілаў, якія валодалі ім з невялікім перапынкам (1695–1744 гг.) да пачатку ХІХ ст. У першай палове Слуцак меў комплекс першакласных умацаванняў. У спалучэнні з узброенымі фармаваннямі гараджан і моцным гарнізонам з абучаных наёмнікаў (венграў, немцаў, палякаў і шведаў) і выбранцаў (салдат-пехацінцаў, набраных з сялян, «вольных людзей», дробнай шляхты, якія атрымалі за сваю службу зямлю) ён набыў сабе славу «непрыступнага бастыёна».
Інвентарныя апісанні Слуцка XVІІ-XVІІІ стст. дазваляюць уявіць і апісаць структуру гарадскіх умацаванняў таго часу. Сярэдневяковы Горны, альбо Верхні, замак займаў круглае ў плане ўзвышэнне — «капец» плошчаю каля 1,5 га. Ён быў абкружаны і абараняўся водамі р. Случы і ручая Бычок, якія напаўнялі вадзяны абарончы роў. Траплялі на тэрыторыю замка па мосце праз высокую чатырох'ярусную браму, на якой знаходзіліся гарматы. Драўляныя ўмацаванні Верхняга замка — сцены і вежы — стаялі на магутным земляным вале. Яны ўзвышаліся не толькі над горадам, але і над усёй ваколіцай, што дазваляла паспяхова адбіваць атакі праціўніка. Яшчэ ў 1791 г. у замкавай вежы — браме былі ўстаноўлены тры гарматы.
Дольны (Ніжні) замак аддзяляўся ад Верхняга абарончым ровам з вадою і меў форму няправільнага шматвугольніка, умацаванага валам і драўлянымі абарончымі збудаваннямі. Характэрна, што абодва замкі ніколі не мелі бастыённых збудаванняў, захоўвалі старую структуру і традыцыйныя мясцовыя дрэва-земляныя абарончыя канструкцыі. Дзякуючы грэблям на Случы і Бычку абодва замкі абмываліся вадою і ў комплексе выступалі як сур'ёзныя перашкоды на шляху праціўніка.
Абарончая лінія Старога Слуцка мела від магутнага землянога вала, які дугою ахопліваў старую частку горада з усходу, поўначы і захаду і ўпіраўся сваімі канцамі ў Случ. Тут мелася 12 бастыёнаў рознай канфігурацыі і памераў. Перад земляным насыпам знаходзіўся вадзяны роў. Трапіць у Слуцак можна было праз тры брамы, «вымурованные в валу», — Астроўскую, Ільінскую (пазней Віленскую) і Капыльскую. Дакументы дазваляюць устанавіць, што гарадскі вал дасягаў у аснаванні шырыні не менш за 26,6 м, вышыні — прыкладна 8 м. Брамы Капыльская, Ільінская былі аднолькавых памераў у аснаванні — 25,6 х 36,6 м. Астроўская брама ў два разы меншая — 9,15 х 15,25 м. Доступ у вароты ішоў па пад'ёмных мастах, якія былі перакінуты праз вадзяны роў. На іх можна было трапіць праз дадатковыя прадмостныя ўмацаванні.
Цэнтрам абароны левабярэжнага Слуцка — Новага месца з канца XVІ ст. лічыўся Новы замак. У плане ён меў форму квадрата з чатырма бастыёнамі і адным равелінам. На бастыёнах і курцінах стаялі драўляныя вежы. Наяўнасць такіх вежаў, не характэрная для заходнеэўрапейскай бастыённай фартыфікацыі, з'яўляецца, мяркуючы па ўсяму, асаблівасцю мясцовага ваеннага дойлідства. Новы замак абкружаў шырокі вадзяны роў, злучаны з р. Случчу патаемным шлюзам. У цытадэль было даволі складана прайсці: трэба было пераадолець мост і ўваходную браму, якія размяшчаліся перад галоўным уваходам у Новы замак. Затым па мосце праз вадзяны роў траплялі ў замкавую браму. Яна размяшчалася ў тоўшчы вала, была двухпавярховай і мела вароты з двума палотнішчамі, збітымі з дубовых дошак.
Кварталы Новага месца абкружалі ярападобныя па канфігурацыі вал і роў, якія сваімі канцамі сыходзілі да Случы. Тут мелася сем бастыёнаў і адна ўязная брама Новамейская, зробленая з дрэва. Памеры яе невядомыя. Перад валам знаходзіўся значны вадзяны роў, праз які перакінулі пад'ёмны мост. Па ім траплялі ў браму.
Читать дальше