Па хуткім часе ў экране акна я ўжо маю прыемнасць бачыць яе выгоністую, падобную да тэлевежы, паставу. Бабароза, на хуткую руку апранутая ў пляшывую ваўчыную дублёнку, з бура-аранжавай выбівалкай і нашым чырвоным кілімам пад пахаю, ідзе проста па снезе. Хоць на белым покрыве вольнай прасторы наўкола процьма, аднак да мяне праз усе слаі акон даносіцца лямант, яе ваяўнічая сірэна, яе харавы фальцэт, якім яна выпуджвае мужчын з вотчыннай тэрыторыі, не раўнуючы прусакоў з серванта. Глядзець, як яна локцямі і лямантам працярэблівае свайму кіліму самае снежнае месца – аччу не адвесці.
…Гэты крыкаспеў мае паралізуючы эфект. Бабароза працуе на нейрарэгістрах і яўна мае дачыненне да зброі масавага паражэння. Ад ерыхонскай трубы яе царкоўнага фальцэту пад шапкай дыбяцца валасы. Чыгунеюць або ватнеюць ногі. Язык у роце разбухае і адмаўляецца варушыцца. Увесь галасавы апарат ахвяры, да смерці напалоханы жудаснай канкурэнцыяй, апускаецца ў страўнік і ўжо адтуль вяшчае свае прыглушаныя пасланні эмігранцкага ўрада.
Вось мы. Стаім на кухні, схіліўшы, як школьнікі перад завучам, галовы. Мармычам вартыя жалю апраўданні. Глытаем слёзы і смаркі. Бабароза дае прачуханца за падгарэлую патэльню або за недапаліваную кветку, а яе дачка Бабагруня, а таксама мае бацькі Галя і Андрэй зрабіліся падобныя да маіх старэйшых братоў і сёстраў, якіх я ніколі не меў. У такія імгненні ўсе мы: бацькі, іншыя бабулі і дзяды разам са мною – апынаемся ў адной дзіцячай лізе. Пранізлівы крыкаспеў спавівае нас усё роўна як мух павучынне.
Бабароза, і так выгоністая, як менская тэлевежа, яшчэ больш расце, мажнее. Сягае некуды туды, пад кухонную столь, дзе пачынаюцца жырандоль і аблокі. У гэтай найвышэйшай лізе дарослых вольным духам лунае толькі яна, жахлівая і немажлівая. Скуль і пануе светам.
Сваёй найласкавейшай ласкай проста за сталом пасярод святкавання народзінаў забараняе ўсім дваццаці гасцям браць у рот торт “Ленінградскі” і ўласнаруч вырывае ў іх сподкі з ласункам, бо шакаладны крэм асабіста ёй падаўся кіславатым. Уладным жэстам падчас сямейнага прагляду на нуль скручвае тэлевізійную плешку проста пасярод любоўнай сцэны. “Гэты смарклівы сапляж, Галечачка!”
Здаецца, я неяк нават зрабіўся сведкам таго, як Бабароза ставіла ў кут зяця сваёй дачкі, майго бацьку Андрэя. Прынамсі пасля нейкай сваркі ён доўга таптаўся ў праёме за сервантам і ціхенька так румзаў. Бабароза пры гэтым гняўліва грукала посудам і паўтарала:
– Кандзідат навук… Бачылі мы такіх кандзідатаў! Матрыярхат па поўнай праграме, без права перапіскі. Вяршэнства Бабарозінай улады пашыраецца на самыя далёкія куты гаспадарства. На прусакоў у кухоннай шафцы і вычварнага павука ў гасцёўні. (“А хто там скажа, Ігар, можа, нават і на атамы”, – сцішаным голасам каментуе мама).
Прынамсі людзі, жывёла і прадметы імгненна шыхтуюцца “на зважай”, калі Бабароза ўлятае ў кватэру раз’юшаным дыбукам. Пры яе ўраганным набліжэнні талеркі на сушылцы ўвачавідкі круглеюць, а келіхі ашаломлена падзынькваюць. Калі Бабароза падымае голас, электрычнасць у лямпачцы гусцее і наліваецца аранжавым страхам.
Даўжэзная, як змяя, ейная правіца здабывае мясную руду ў маразілцы. Жвавая і не менш змяістая левіца лічыць шакаладныя цукеркі ў навісной шафцы-слупку насупраць. Кісцей і пальцаў я не бачу, таму здаецца, што жылістыя драты Бабарозіных рук цягнуцца і цягнуцца бясконца. Кудысьці туды, у кішкі пракаветнай даўніны, ці наадварот – мацаюць за вымя далёкую будучыню.
Вось яна. Са сваімі зырка-бурачковымі пазногцямі, якія распраўляе веерам ля сэрца. Нібыта які-небудзь пірат-кінжальшчык, што гатовы ў любы момант пусціць сваю крывавую зброю ў дзеянне, па другім ці па сотым коле. З дзяцінства мама прыгадвае апельсін, які Бабароза лупіла без дапамогі пальцаў – лёгкім і спрытным рухам тых пазногцяў. І падавала малой маме ўжо злупленага чалавечка з паўпразрыстай аранжавай галавой, насунутага на выпрастаны паказнік. За маёй памяццю гэтыя па-ранейшаму пафарбаваныя ў сляпучую чырвань пазногці збольшага пакояцца без справы. Не раўнуючы кіпцюры заснулага пасля праведнай працы васіліска.
Але з фасаду ўсё ціха й мірна. Бабароза ж ніколі не будзе браць удзелу ў сумнеўных праектах! Каб у выпадку новай вайны не галадаць, яна адразу ў 1946-м пойдзе працаваць у рэстаран “Рэстаран” на Валадарскага, 9 (там цяпер месціцца “Чабурэчная”). А ў 1951-м Бабарозу, рэстаранную прыбіральніцу, разам з дырэктаркай пасадзяць за раскраданне сацмаёмасці, сістэматычныя прыпіскі ды падробку накладных.
Читать дальше