Валерый КАЗАКОЎ
«ЧОРНЫ КОТ»
Раман
1
- Ягор Кузьміч, а ці была наогул гэтая «Чорная котка»? Я вунь у нашых падручніках шукаў, у бібліятэках і ў адкрытых, і ў сакрэтнай шукаў, увесь айчынны інтэрнэт і літаратуру перашуфляваў - нідзе нічога няма. Нешта каламутнае толькі «з-за бугра» праскоквае - і ўсё. Можа, гэта звычайная выдумка, што прыляцела да нас з Захаду?
- Якія вы маладыя ўсе скорыя, - стары з цяжкасцю падняўся са свайго фатэля, нейкі час пастаяў, упёршыся рукамі ў паясніцу, нібы даючы магчымасць бітаму-перабітаму хрыбетніку выпрастацца, шчыльней зацягнуў на поясе тоўстую, ужо амаль выцертую пуховую хустку і, ледзь адрываючы ногі ад падлогі, рушыў да велізарнай -ва ўсю сцяну - кніжнай шафы. Наогул, трэба сказаць, што жытло гэтага чалавека, які ўжо дажываў свой век, у асноўным складалася з кніг і сотняў, а можа і тысячаў разных тэчак. Стэлажы былі ўсюды, нават у прыбіральні, па абодва бакі ад дзвярэй віселі паліцы з нейкімі часопісамі і кнігамі.
Рухаўся стары амаль бязгучна, ён не цягнуў ногі і не шаргацеў па сцёртым паркеце такімі ж, як і сам, старымі растаптанымі тапкамі. Ён плаўна адрываў ступні на нейкія міліметры ад падлогі, сунуў іх наперад і асцярожна апускаў; атрымлівалася складна і нават пластычна.
- Кот, Слаўка, кот тады вадзіўся ў нашых лясах, а не котка. Наогул, дурная гэта была гісторыя, і здарылася яна ў самы дурны час. Наогул жа... - стары спыніўся і, апусціўшы акуляры амаль на самы кончык носа ды гледзячы на свайго маладога суразмоўцу, дадаў з хітрынкай у голасе: - На нашым з табой фронце толькі дурны час і ёсць, іншага там і не бывае. - Ягор Кузьміч спыніўся перад стэлажом, паправіў акуляры, прыгледзеўся да кніжных шэрагаў і адразу ж дастаў худую тэчку з зеленаватага кардона, заціснутую паміж таўшчэзных кніг. - Кот, кот, а чаму кот - ніхто толкам тады і не ведаў. Помню, начальства вельмі неўзлюбіла гэтую жывёліну, і варта было нам, маладняку, штосьці сказаць пра кашэчае жыццё - усё, разнос быў гарантаваны, - стары ціхенька засмяяўся.
- Вы чаго смеяцеся? Пра разнос ці пра катоў нешта ўспомнілі?
- А-а, пра тое і пра другое. Мы тады з лясоў вярталіся, стомленыя, брудныя, зарослыя, але амаль заўсёды шчаслівыя, калі ўсім жывымі даводзілася выбрацца. Жыць тады, Слава, хацелася, аж дыханне перахоплівала. Вайна ж скончылася. Мір, радуйся, жыві! Многія хоць і маладыя, а паваявалі ўжо. А тут на табе: і мір, і вайна, усё табе разам. Ад горада ад’ехаў нейкіх кіламетраў з дваццаць - і вунь яна, смерць, ужо з-за куста ці з лагчынкі за табой сочыць. Ліхі, кажу, тады быў час.
Дык вось, з гэтых сваіх паездак пачалі мы ва ўпраўленне цішком прывозіць кацянят, і стараліся, каб кацяняты тыя былі чорненькія. Прывязем, пакормім, жывёліна куды-небудзь зашыецца і спіць. Мы па дамах. Ды якое там па дамах! Амаль усе ў інтэрнаце жылі. А раніцай толькі і чуваць: чорны кот, чорны кот! Дзе, хто, адкуль?! Усе кідаліся лавіць і выкідваць бяскрыўдную істоту. Дзень пачынаўся весела. Нам бы хто з начальства хоць намякнуў што пра ката гэтага чорнага... Сам Цанава забараніў не тое што згадваць, але і думаць аб тым.
І вось у часе адной з аперацый бралі мы пад Маладзечнам паліцаяадзіночку, усё прайшло спакойна, нават без страляніны. Колька Смоліч на тым закінутым хутары ўзяў з сабой здаравеннага кашака, чорнага, як вугаль, толькі кончыкі пярэдніх лапак дымчатыя, прыгожыя. Дадому ўзяў. І трэба ж было яму, адразу пасля прыезду ў Мінск, на ганку ўпраўлення амаль нос у нос сутыкнуцца са самім наркамам. Кот на руках мурлыкае... Колька выцягнуўся, як і належыць, руку да брыля - а кот да лакаваных ботаў Самога і скаціўся!
- Што гэта? - пытаецца Цанава.
- Кот, таварыш наркам! - адказвае яму Колька і спрабуе ката нагой адагнаць.
- Які яшчэ кот?
А гэты дурань вазьмі ды ляпні:
- Чорны!
Што тут пачалося! Думалі, і Кольку, і нам усім, хто стаяў побач, канец прыйшоў. Тады расправа хуткай была. Ці жарт: самому Цанаву не дагадзілі, а ён не проста генерал, а асабісты стаўленік Берыі, ягоны зямляк!.. - Памаўчаў і дадаў: - Добра, давай глядзець, што тут у нас...
- Ягор Кузьміч, ну нельга ж так! Справа з катом чым закончылася?
- Добра закончылася. Цанава гарланіць, а кот давай аб ягоны бот церціся, разумны кот трапіўся. Наркам сумеўся. «Што гэта з ім?», - пытаецца. Колька выразна яму і дакладвае: «Дык гэта ён чуе, хто ў доме гаспадар!» Цанава зарагатаў, і ўсе за ім. Так і абышлося. Кольку, праўда, праз тыдзень перавялі ў Гродна, з вачэй далей, там ён у Налібоцкай пушчы і загінуў. Ды досыць аб тым, на вось, глядзі, - працягнуў Ягор Кузьміч хлопцу тэчку, - а я пакуль пайду тваёй гарбаткі завару. Песціш старога, у самога, мусіць, грошай як той кот наплакаў?
Читать дальше