Акiян пад высокiм чырвоным сонцам здаваўся чарнейшым, чым звычайна. Рыжы туман на гарызонце спалучаў яго з небам. Дзень быў неверагодна гарачы i, здавалася, абяцаў адну з тых страшных вiхур, якiя зрэдку, некалькi разоў за год, бушуюць на планеце. Ёсць падставы меркаваць, што адзiны жыхар планеты кантралюе клiмат i сам выклiкае вiхуры.
Яшчэ некалькi месяцаў мне выпадала глядзець на яго з iлюмiнатара, з вышынi назiраць за свабодай белага золата i стомленай чырванi, якiя час ад часу пералiваюцца ў нейкiм вадкiм вывяржэннi, у срабрыстым пухiры сiметрыяды, сачыць за рухам нахiленых супраць ветру тонкiх "мiгценнiкаў", сустракацца з напаўразбуранымi мiмоiдамi, якiя асыпаюцца. Калi-небудзь усе экраны вiдэафонаў загавораць, засвецяцца, ажыве даўно змоўклая электронная сiгналiзацыя, якую прывядуць у рух iмпульсы, пасланыя здалёку, з адлегласцi сотнi тысяч кiламетраў. Сiгналы нагадаюць аб наблiжэннi металiчнага велiкана, якi з працяглымi грымотамi гравiтатараў апусцiцца над Акiянам. Гэта будзе або "Улiс", або "Праметэй", а мо нейкi iншы вялiзны крэйсер далёкага касмiчнага плавання. Калi я апушчуся па трапе з пляскатай страхi Станцыi, то ўбачу на палубах шэрагi масiўных робатаў у белых панцырах. Робаты не тое, што людзi яны бязгрэшныя i бязвiнныя, яны выконваюць кожны загад - ажно да знiшчэння сябе або перашкоды на шляху, калi такая праграма закладзена ў крышталях памяцi. А затым карабель мякка ўздымецца, паляцiць хутчэй за гук, пакiдаючы за сабой грукат, якi дасягне Акiяна i будзе нагадваць розныя басовыя актавы. Ад думкi пра вяртанне дамоў твары людзей прасвятлеюць.
Але ў мяне няма дома. Зямля? Я думаў пра вялiзныя, шумныя, шматлюдныя гарады, у якiх я згублюся, знiкну, як мог знiкнуць дзве цi тры ночы таму, калi хацеў кiнуцца ў Акiян, што цяжка варочаў хвалi ў цемры. Я патану ў натоўпе. Буду маўклiвы, уважлiвы, i таму мяне пачнуць паважаць у грамадстве, у мяне з'явiцца шмат знаёмых, нават сяброў, будуць жанчыны, а мо толькi адна жанчына. Нейкi час я буду прымушаць сябе ўсмiхацца, кланяцца, уставаць, выконваць тысячу дробных дзеянняў, з якiх складаецца зямное жыццё, пакуль не прывыкну. З'явяцца новыя захапленнi, новыя заняткi, але я не здолею ўжо нiчым захапiцца цалкам. Нiчым i нiкiм. Магчыма, ноччу я буду пазiраць туды, дзе скопiшча касмiчнага пылу чорнай заслонай хавае на небе ззянне двух сонцаў, згадваць усё, нават тое, пра што я зараз думаю, згадваць з паблажлiвай усмешкай, у якой будзе крыху горычы i перавагi, маё шаленства i надзея. У далейшым я не буду горшым за таго Кельвiна, якi быў гатовы ахвяраваць усiм дзеля справы - дзеля Кантакту. I нiхто не будзе мець права асудзiць мяне.
У пакой увайшоў Снаўт. Ён азiрнуўся навокал, пасля паглядзеў на мяне; я ўстаў i падышоў да стала.
- Ты нешта хацеў?
- Мне здаецца, табе няма чаго рабiць?.. - спытаўся Снаўт, мiргаючы. - Я мог бы прапанаваць табе сякiя-такiя разлiкi, праўда, не надта тэрмiновыя...
- Дзякуй, - усмiхнуўся я, - але гэта непатрэбна.
- Ты так лiчыш? - спытаўся ён, пазiраючы ў акно.
- Так. Я думаў пра розныя рэчы i...
- Я хачу, каб ты менш думаў.
- Ах, ты зусiм не ведаеш, у чым справа. Скажы мне... ты верыш у Бога?
Снаўт пранiзлiва зiрнуў на мяне.
- Што? Хто сёння верыць...
Яго вочы гарэлi неспакоем.
- Усё гэта не так проста, - пачаў я знарок абыякавым голасам. - Мяне цiкавiць не традыцыйна зямны Бог. Я не надта дасведчаны ў рэлiгiях i мо нiчога новага не прыдумаў, але ты часам не ведаеш, цi iснавала калi-небудзь вера ў Бога... няўдачнiка?
- Няўдачнiка? - здзiвiўся Снаўт. - Як ты гэта разумееш? У пэўным сэнсе Бог кожнай рэлiгii быў няўдачнiкам, бо яго надзялялi чалавечымi рысамi, толькi перабольшанымi. Бог Старога запавету, напрыклад, прагнуў пакланення i ахвяраў, зайздросцiў iншым багам... грэцкiя багi з-за сваiх сварак i сямейных звадак таксама былi па-чалавечы няўдачнiкамi...
- Не, - перапынiў я яго, - я маю на ўвазе Бога, недасканаласць - галоўная, iманентная рыса. Гэта Бог, абмежаваны ў сваiм усёведаннi, усемагутнасцi, ён памыляецца ў прадказаннях будучынi сваiх пачынанняў, лёс якiх залежыць ад абставiн i можа палохаць. Гэта Бог... калека, якi заўсёды прагне больш, чым можа, i не адразу разумее гэта. Бог, якi сканструяваў гадзiннiк, а не час, якi ён паказвае, вынайшаў сiстэмы цi механiзмы, што служаць пэўным мэтам, а яны перараслi гэтыя мэты i здрадзiлi iм. Ён стварыў бясконцасць, якая павiнна была засведчыць яго ўсемагутнасць, а стала прычынай яго поўнага паражэння.
- Некалi манiхейства... - няўпэўнена пачаў Снаўт.
Дзiўная стрыманасць, з якой ён звяртаўся да мяне апошнiм часам, знiкла.
Читать дальше