За два гады да таго, як я, выпускнiк Iнстытута, стаў працаваць у лабараторыi Гiбарыяна, быў заснаваны фонд Мета - Iрвiнга, якi прызначаўся для заахвочвання тых, хто знойдзе спосаб выкарыстання для патрэб чалавека энергii акiянiчнага глею. Гэта зваблiвала i раней, i неаднойчы касмiчныя караблi дастаўлялi на Зямлю груды плазматычнага сцюдзеню. Доўга i настойлiва вывучалi спосабы яго кансервацыi, скарыстоўвалi высокiя або нiзкiя тэмпературы, штучныя мiкраатмасферу i мiкраклiмат, што адпавядалi салярысным, фiксавалi апраменьванне, прымянялi тысячу хiмiчных рэактываў - i ўсё дзеля таго, каб назiраць больш або менш вялы працэс распаду, зразумела, як i ўсе iншыя шматразова выкладзены сама найлепшым чынам у розных стадыях: самазнiшчэння, высыхання, звадкавання, пярвiчнага i другаснага, ранняга або позняга. Аналагiчныя вынiкi давалi ўсе пробы, якiя бралiся ў розных частках Акiяна i з утварэнняў плазмы. Адрознiвалiся толькi шляхi, якiя вялi да вынiку, а ён быў аднолькавы: лёгкая, як попел, металёва блiскучая, вытанчаная аўтаферментацыяй субстанцыя. Яе састаў, суадносiны элементаў i хiмiчныя формулы кожны салярыст мог назваць нават у сне.
Усе спробы захаваць па-за планетай жыццё (альбо хоць часовую вегетацыю, нават пры звышнiзкiх тэмпературах) большай або меншай часткi пачвары, заканчвалiся няўдачай. Гэта паклала пачатак тэорыi, якую распрацавала школа Менье i Прароха, аб тым, што трэба адкрыць адну-адзiную таямнiцу, i калi да яе будзе падабраны адпаведны ключ, усё стане зразумела...
На пошукi гэтага ключа, гэтага фiласофскага каменя Салярыс дарэмна гублялi час i энергiю людзi, якiя часта не мелi нiякiх адносiн да навукi, а ў чацвёртай дэкадзе iснавання салярыстыкi стала гэтулькi камбiнатараў-маньякаў, якiя выйшлi з асяродкаў, не звязаных з навукай, i апантаных сваiм захапленнем мацней, чым iхнiя папярэднiкi - прарокi "перпетуум-мобiле" i "квадратуры круга", што гэта ўжо набыло характар эпiдэмii i турбавала некаторых псiхолагаў. Аднак праз некалькi гадоў страсцi сцiхлi. Калi я рыхтаваўся да палёту на Салярыс, праблема Акiяна i шум вакол яе ўжо даўно знiклi са старонак газет i з размоў, гэтыя пытаннi больш не абмяркоўвалiся.
Ставячы на палiцу том Гравiнскага, я заўважыў - бо кнiгi стаялi ў алфавiтным парадку - маленькую, ледзь прыкметную сярод iншых фалiянтаў брашурку Гратэнстрама, якая таксама была адным з кур'ёзаў кнiжнай салярыстыкi. Гэта была праца, скiраваная - у барацьбе за разуменне звышчалавечага - супраць самiх людзей, супраць чалавека, гэта своеасаблiвы пасквiль на род чалавечы, праца самавука, хоць i вызначалася яна матэматычнай сухасцю. Спачатку ён надрукаваў шэраг нязвыклых дадаткаў да некаторых надта спецыфiчных i другарадных раздзелаў квантавай фiзiкi. У гэтай сваёй галоўнай, хоць усяго на некалькi старонак, працы ён высiльваўся паказаць, што навука, нават на першы погляд сама абстрактная, найбольш тэарэтычная, матэматычна абгрунтаваная, у сапраўднасцi дасягнула не надта шмат - на крок альбо два аддалiлася ад дагiстарычнага, груба пачуццёвага, антрапамарфiчнага разумення акаляючага нас свету. Вышукваючы ва ўраўненнях тэорыi адноснасцi, у тэарэмах сiлавога поля, парастатыцы, гiпотэзе адзiнага касмiчнага поля сляды цела, усё, што з'яўляецца вытворным нашых органаў пачуццяў, будовы нашага арганiзма, абмежаванасцi i ўбоства жывёльнай фiзiялогii чалавека, Гратэнстрам прыходзiў да канчатковых высноў - нi пра якiя "кантакты" з нечалавекападобнымi цывiлiзацыямi не павiнна быць i нiколi не будзе нiякай гаворкi. У пасквiлi на ўвесь чалавечы род нi разу не згадваўся Акiян, якi мае мажлiвасць мыслiць, але яго прысутнасць, у форме пагардлiва ўрачыстага маўчання, адчувалася амаль у кожнай фразе. Ва ўсякiм разе, калi я ўпершыню знаёмiўся з брашурай Гратэнстрама, я ўспрымаў яе менавiта так. Гэта была дзiўная праца, якая не мела адносiн да салярыстыкi ў звыклым разуменнi. Яна знаходзiлася ў класiчным зборы толькi таму, што туды паставiў яе сам Гiбарыян, якi, зрэшты, i даў яе мне пачытаць.
З дзiўным, падобным на павагу, пачуццём я асцярожна паставiў на палiцу тонкi, без вокладкi адбiтак. Я дакрануўся да зялёна-карычневага "Салярыстычнага альманаха". Хоць i панавалi вакол нас хаос i безнадзейнасць, нельга, аднак, аспрэчваць, што дзякуючы таму, што мы перажылi на працягу некалькiх сутак, мы разабралiся з шэрагам галоўных праблем, якiя на працягу многiх гадоў служылi тэмай бясплодных спрэчак, дзеля вырашэння якiх было змарнавана мора чарнiла.
Упарты i схiльны да парадоксаў чалавек мог па-ранейшаму сумнявацца, што Акiян - жывы. Але аспрэчваць iснаванне яго псiхiкi - усё адно, што разумець пад гэтым словам, - было ўжо нельга. Стала вiдавочна, што Акiян рэагуе на нашу прысутнасць. Такое сцвярджэнне закрэслiвала цэлы напрамак у салярыстыцы, якi даказваў, што Акiян - "свет у сабе", "жыццё ў сабе", што ў вынiку паўторнага адмiрання ён пазбаўлены ранейшых органаў пачуццяў i таму нiяк не рэагуе на знешнiя праявы i аб'екты; што Акiян сканцэнтраваны толькi на кругавароце вялiзных цячэнняў, адрознасць якiх у здольнасцi думаць, а iх крынiца, творца i стваральнiк знаходзiцца ў безданi, якая бурапенiць пад двума сонцамi.
Читать дальше