У галаве маладога інжынера маланкай бліснулі схемы і планы, дыяграмы, графікі. ЭВМ распрацавала ў далёкай сталіцы графік будоўлі дакладна і падрабязна, як дыспетчар — расклад руху цягнікоў…
…Цік-так… цік-так… Гадзіннік цікаў. Хранометр адлічваў секунды і долі секунды. Незлічоныя шасцерні круціліся і цягнулі бясконцую стужку блакітнай дарогі — далей, далей, у нетры гары. З поўдня на поўнач. Ад цывілізаваных раёнаў — у глуш, у глухамань. Кіламетр за кіламетрам, крок за крокам. А цяпер стары графік ушчыльнены да мяжы. Старыя метады паляцелі к чорту. Тэрмін перасунуўся, праглынуўшы два тыдні. Шасцерні круціліся з вар'яцкай хуткасцю…
У начальніка пачырванеў твар. Гэта не жарты, чалавечае жыццё! Праклятая ўпартая баба! Будзь яна хоць тройчы манахіня, усё роўна ўзляціць на паветра разам з сваёй гарой, калі спрацуе вадародная бомба — перайначаная на новы лад пякельная машына старажытнасці…
— Усім верталётам — узлёт! — хрыпеў начальнік. — Знайдзіце яе! Звярніцеся да яе па радыё! Гучнагаварыцелі, гук! Рабочыя і служачыя, якія не прымаюць непасрэднага ўдзелу ва ўзрыўных работах, неадкладна ў гару! Мабілізаваць усе ўсюдыходы… Часу ў абрэз. За трыццаць хвілін да выбуху прагучыць сірэна, і тады ўсім адразу ж эвакуіравацца!..
Людзі кінуліся да ўсюдыходаў. Завылі маторы. Маленькія, вёрткія машыны з крайняй хуткасцю памчаліся па горных схілах.
А над гарою бязвоблачнае блакітнае неба. І ў ім віселі верталёты — сучасныя серабрыстыя стракозы з дзюралю. І голас іх гучнагаварыцеляў быў пранізлівы і трывожны, зусім не такі, як шалясценне празрыстых крылаў сапраўдных стракоз.
Паўтары гадзіны прайшлі. Яны былі бясконца доўгія і вокамгненныя, як уздых. Таму што трывога расцягвае час да бясконцасці і сціскае стагоддзі да секунды.
Завыла сірэна. Апошняя перад выбухам. Магчыма, гэтая злавесная птушка смерці — стары груган — крычала і плакала, прадракаючы бяду?..
Пошукавы атрад вярнуўся. Без вынікаў.
Начальнік, чырвоны, як вараны краб, расшпіліў каўнер кашулі.
— Можа, яна сама эвакуіравалася?.. Не чакаючы паўторнага запрашэння?.. Спадзяюся, ніхто з пасланых не застаўся на гары?
— Адзін… — сказаў нехта. — Але ён таксама вяртаецца…
З гары спускаўся інжынер. Нібы падганяючы яго, яшчэ раз заплакала сірэна. Звярынае выццё лягло непасільным грузам на чалавечыя плечы — пятнаццаць хвілін да выбуху. І яшчэ адзін крык — дзесяць хвілін да выбуху.
— Эге-ге! — крыкнуў начальнік. — Спяшайся! Давай хутчэй у сховішча! — потым ён угледзеўся ў твар маладога інжынера. — Што з табою?
Той плакаў.
— Ты бачыў яе? Знайшоў? — Начальнік схапіў яго за руку. — Кажы!
Малады інжынер апусціўся на падлогу. Халодны бетон. Шэрыя сцены сховішча. І слёзы на запаленых чырвоных вачах.
— Я знайшоў яе, — сказаў ён.
— Ну і?.. Чаму ты не прывёў яе? — спазма сціснула горла начальніку. — Яна ж цяпер не паспее! Ды як жа мы?! Знайсці чалавека і не вывезці?! Ты адкажаш за гэта!
Інжынер пакруціў галавой.
— Не атрымалася, нічога не атрымалася… Гара загіне, і яна разам з ёй…
— Эх, вы!.. Моладзь зялёная! — адзін майстар са злосцю плюнуў. — Не маглі ўгаварыць… Сілаю прывялі б. Па мордзе надавалі б, ці што, але прывялі… Людзі што скажуць…
Інжынер апусціў галаву.
— Яна… Я знайшоў яе амаль на вяршыні… У келлі. Маленькая-маленькая келля. З бамбукавых жэрдак… А вакол — лес. І кветкі ў агародчыку. Дзівосныя, такіх няма больш на свеце — проста ў келлі, з падлогі, б'е крыніца. Яна пачаставала мяне чаем. Пустэльніца, дачка гары, з тварам прыгожым і маладым, як кветка сакуры… Колькі ёй гадоў… Можа, дваццаць, а можа, трыццаць, але ўжо ніяк не болей… Яна сядзела каля маленькага століка для сутраў. Мы пілі чай…
— Які дурань! — прастагнаў начальнік. — Падумаць толькі — яны пілі чай! І гэта ў такі час!.. Мы тут павар'яцелі, а ён…
— Яна вельмі доўга жыла, — працягваў інжынер, не звяртаючы аніякай увагі на начальніка. — Вы чулі калі-небудзь легенду пра Хапяку-бікуні, пустэльніцу, якая пражыла васемсот гадоў на свеце. Вельмі старая легенда. Яна нарадзілася на поўначы Японіі… Маладая дзяўчына з'ела рыбу, але гэта была не рыба, а русалка. І русалка падарыла ёй сваю вечную маладосць. І яна назаўсёды засталася маладой і стала пустэльніцай.
— Ты што — звар'яцеў? — майстар паглядзеў на маладога інжынера з адкрытай насмешкай. — Ці не хочаш ты сказаць, што гэтая ненармальная і ёсць сястрыца Хапяку-бікуні? Трэба ж, вучоны, а верыць у падобнае глупства! Ды калі Хапяку і жыла калі-небудзь на свеце, то ўжо даўным-даўно памерла…
Читать дальше