- А можа быць, вы любiце толькi харошанькiх дзяцей? Гэтакiх прывабных херувiмчыкаў з малюсенькiмi носiкамi?
- Дзецi заўсёды застаюцца дзецьмi, доктар Хоскiнс, - адказала мiс Фэлоўз, - i здараецца, што менавiта непрыгожыя дзецi больш за iншых маюць патрэбу ў падтрымцы.
- Дапусцiм, што мы возьмем вас...
- Вы хочаце сказаць, што згодны наняць мяне?
На яго шырокiм твары мiльганула ўсмешка, надаўшы яму на нейкае iмгненне дзiўную прывабнасць.
- Я хутка прымаю рашэннi, - сказаў ён. - Пакуль што я нiчога не прапаноўваю вам, i можа стацца, што адпушчу вас нi з чым. А самi вы гатовы прыняць маю прапанову?
Сцiснуўшы рукамi сумачку, мiс Фэлоўз з усёй хуткасцю, на якую яна была здольная, стала падлiчваць моўчкi тыя выгоды, якiя абяцала ёй новая работа, але, падпарадкоўваючыся раптоўнаму iмпульсу, адкiнула раптам усе разлiкi.
- Так.
- Цудоўна. Сёння вечарам мы збiраемся пусцiць Стасiс у ход, i я думаю, што вам неабходна прысутнiчаць пры гэтым, каб адразу ж прыступiць да сваiх абавязкаў. Гэта адбудзецца ў восем гадзiн вечара, i я спадзяюся, што ўбачу вас тут у сем трыццаць.
- Але, што...
- Добра, добра. Пакуль усё...
Па сiгналу ўвайшла сакратарка i, усмiхаючыся, правяла яе з кабiнета.
Выйшаўшы, мiс Фэлоўз нейкi час моўчкi глядзела на зачыненыя дзверы, за якiмi застаўся мiстэр Хоскiнс. Што такое Стасiс? Якiя адносiны да дзяцей мае гэты вялiзны, падобны на адрыну, будынак, служачыя з незразумелымi значкамi на адзеннi, доўгiя калiдоры i тая характэрная атмасфера менавiта тэхнiчнага прадпрыемства, якую нi з чым нельга зблытаць?
Яна пыталася ў сябе, цi варта вяртацца сюды вечарам, цi не лепш не прыходзiць зусiм i тым самым правучыць гэтага чалавека за яго пагардлiвую паблажлiвасць. Але ў той самы час яна не сумнявалася, што вернецца, хоць бы толькi з незадаволенай цiкаўнасцi. Яна павiнна высветлiць, пры чым жа тут усё-такi дзецi.
Калi роўна а палове восьмай яна зноў прыйшла, то адразу звярнула ўвагу на тое, што ёй не спатрэбiлася нiчога пра сябе паведамляць. Усе, хто трапляўся ёй на дарозе, як мужчыны, так i жанчыны, здавалася, вельмi добра ведалi не толькi тое, хто яна, але i характар яе будучай работы. Яе адразу правялi ў будынак.
Яна ўбачыла доктара Хоскiнса, але той, мелькам зiрнуўшы на яе i невыразна назваўшы яе iмя, нават не запрасiў яе сесцi. Яна сама спакойна падсунула да парэнчаў крэсла i села.
Яны былi на балконе, з якога адкрываўся вiд на вялiзную шахту, запоўненую нейкiмi прыборамi, падобнымi на штосьцi сярэдняе памiж пультам кiравання касмiчнага карабля i кантрольнай панеллю электроннай лiчыльнай машыны.
У другой частцы шахты ўзвышалiся перагародкi, якiя служылi сценамi для кватэры без столi. Гэта быў як бы гiганцкi лялечны домiк, унутранае абсталяванне якога праглядвалася як на далонi з таго месца, дзе сядзела мiс Фэлоўз.
Яна выразна бачыла ў адным з пакояў электронную плiту i халадзiльную ўстаноўку, а ў другiм - абсталяванне ваннай. А прадмет, якi ёй удалося разгледзець у трэцiм пакоi, мог быць толькi часткаю ложка, маленькага ложка...
Хоскiнс размаўляў з нейкiм мужчынам. Хоскiнс iх не пазнаёмiў, i мiс Фэлоўз нiчога не заставалася, як спадцiшка назiраць за iм. Гэта быў худы мужчына сярэднiх гадоў, даволi прыемнай знешнасцi, у яго былi маленькiя вусiкi i жывыя вочы, якiя, здавалася, усё бачаць.
- Я зусiм не збiраюся, доктар Хоскiнс, рабiць выгляд, што мне ўсё гэта зразумела, - гаварыў ён. - Я хачу сказаць, што разумею сёе-тое ў тых межах, якiя даступны дастаткова iнтэлiгентнаму неспецыялiсту. Але, нават улiчваючы межы маёй кампетэнцыi, я хачу заўважыць, што адзiн бок праблемы мне менш зразумелы, чым другi. Я маю на ўвазе выбарачнасць. Вы здольны прайсцi вельмi далёка, дапусцiм, гэта можна, зразумець. Чым далей вы рухаецеся, тым больш туманныя, расплывiстыя робяцца аб'екты, а гэта патрабуе вялiкай затраты энергii. Добра. Але ў той жа час вы не можаце дасягнуць больш блiзкага аб'екта. Вось гэта i ёсць загадка для мяне.
- Калi вы дазволiце мне скарыстаць аналогiю, Дэвенэй, я паспрабую паказаць вам праблему ў такiм святле, каб яна здавалася менш парадаксальнай.
Iмя незнаёмага, якое прамiльгнула ў размове, мiжволi зрабiла на мiс Фэлоўз уражанне, яна адразу здагадалася, хто ён. Гэта, вiдаць, быў сам Кандзiд Дэвенэй, якi пiсаў для тэлевiзiйных навiн нарысы на навуковыя тэмы, той Кандзiд Дэвенэй, асабiстай прысутнасцю якога былi адзначаны ўсе сама буйныя падзеi ў навуковым свеце. Цяпер ягоны твар здаўся ёй знаёмым. Вядома ж, гэта менавiта яго яна бачыла на экране, калi аб'явiлi пра пасадку касмiчнага карабля на Марс. А калi гэта сапраўды той самы Дэвенэй, то гэта магло азначаць толькi тое, што доктар Хоскiнс збiраецца зараз прадэманстраваць нешта вельмi важнае.
Читать дальше