Час цягнуўся павольна, і Магда -- так звалі гэтую жанчыну -- паклала перад сабой некалькі вучнёўскіх сшыткаў -- яна выкладала родную мову й літаратуру ў сярэдняй школе -- і пачала выпраўляць памылкі, час ад часу заглядаючы цераз акно на вуліцу. І тады, паміма сваёй волі, захаплялася прыгожасьцю начы, і ёй хацелася выскачыць, як бывала, на вуліцу й пабегаць па марозна-скрыпучым сьнезе.
Раптам улавіла вухам далёкі шум аўтобуса -- чыгункі ў гэтым невялікім месьце ня было, -- і цераз якіх-колечы дзесяць-пятнаццаць хвілін пачуліся доўгачаканыя знаёмыя галасы. Магда хуценька ўскочыла зь мейсца, схавала сшыткі зноў у шуфляду, крыху паправіла перад люстэркам свае сівыя валасы і, накінуўшы на плечы цёплую вязаную хустку, выбегла на ганак спатыкаць гасьцей.
-- О птушаняткі! -- прамовіла нарасьпеў мэлёдычнай беларускай мовай. -- Заходзьце-ж хутчэй, заходзьце! Пазамерзьлі мо’ у гэтай зялезнай скрыні аўтобуса?
«Птушаняткі» гэтыя былі два досыць высокія хлопцы й гаварылі, як на падбор, абодвы густым басам.
-- Нічога, мамка! Усё ў парадку із тваімі птушаняткамі. Перажывем, не прападзем!
-- Дык разьбірайцеся-ж, бо ў хаце сёньня натоплена добра з прычыны сьвята.
Было ўжо каля адзінаццатай, і яна зараз-жа ўзялася за падрыхтоўку стала.
-- А я чакала, чакала, -- працягвала гаворку. -- Божанькі, ці прыедуць хаця?!
Паставіла на стол пахкі студзень із сьвіных ножак і расклала па талерках пласьцікі шынкі й каўбас.
-- Ну, як-жа вам там паводзіцца ў тым Менску?
-- А от жывем, дый усё! -- адказаў старэйшы, Зьміцер, гісторык і беларусазнаўца.
Магда ўсьміхнулася.
-- Вось гэтак і ён адказваў: «Яміла, дый усё!»
-- Хто гэта?
-- Ды адзін хлапчук, зь якім вы мо’ сёньня спаткаецеся...
І яна зноў усьміхнулася. А потым сур’ёзна:
-- Жаніцца вам трэба, тады ня будзе «жывем, дый усё!» -- будзе нейкі інтэрас!
«Птушаняты» напоўнілі пакой бадзёрым рогатам.
-- Ну, а чаго-ж тут сьмяяцца?
-- Як-жа, мамка, жаніцца, калі навет ложак няма дзе паставіць? -- адказаў малодшы, Алесь, як больш баёвы, беларускі таленавіты паэта.
Магда задумалася й нічога не адказала. Дадала да пастаўленай на стол ежы дзьве бутэлькі пітва: адну гарэлкі -- зуброўкі, другую -- слабенькага такаю, відочна, і дзеля сябе. Калі ўсё было цалкам падрыхтавана, селі за стол. Зьміцер як старэйшы адкаркаваў бутэлькі й наліў усім кілішкі.
-- Ну, як-бы там ня было, -- прамовіла Магда, узьняўшы свой кілішак, -- а сабраліся перад сьвятам разам. Дык вып’ем-жа за здароўе нас усіх!
-- І за тых, хто мо’ ў гэты час у дарозе або ў такіх умовінах, якія не дазваляюць выпіць... -- дадаў Зьміцер.
І раптам ягоны позірк спыніўся на рэчах, што ляжалі на ложку.
-- А што гэта за рэчы на ложку, мамка?
-- Гэта?! А я думаю, мае найдаражэйшыя, цяперака, як мой волас стаў ужо сівым, узяць шлюб, бо раней ня было як! -- бяз ценю ўсьмешкі адказала Магда.
«Птушаняты» паставілі на стол келіхі й зьдзіўлена глядзелі на яе, чакаючы тлумачэньня. Але Магда не сказала больш нічога.
-- Мамка, але-ж ружы твае шлюбныя зусім пазавялі й павысыхалі, што гэта ёсьць?
-- Ну, вось бачыце? Пакуль я чакала на свой шлюб, дык і ружы пазавялі й павысыхалі!.. І ня дзіва, даражэнькія: шмат часу працякло!..
-- Зноў загадка, мамка! Ці гэта па нашай нацыянальнай традыцыі -- забаўляцца загадкамі перад новым годам?!
-- Паспрабуйце адгадаць.
-- А нашто, калі вы самі можаце нам сказаць, бо вы-ж заўсёды былі добрай!..
Магда выпіла свой келіх, і на ейным ператомленым твары зьявіўся румянец. Яна абаперлася лакцямі на край стала й цяжка дыхала. Сьціснула далонямі скроні. Зьміцер і Алесь перапалохана пазіралі на яе. Гэта працягвалася хвілін пяць. Потым яна, як-бы набраўшы сілы, ускінула ўверх галаву й прамовіла:
-- Вы кажаце: добрая! Можа, і нядобрая часам была, але ня хочу вас больш таміць, растлумачу вам гэтую загадку...
Падышла да ложка, узяла той, складзены ў чатыры, кавалак пажоўклай паперы й сказала:
-- Вазьміце і прачытайце!
Зьміцер асьцярожна разгарнуў паперку й пачаў:
Дачушка, любая!
Ня маем ніякай магчымасьці паведаміць табе больш падрабязна аб няшчасьці, якое звалілася нечакана на нас. Сама дагадаешся! Толькі ўсе мы просім цябе: прыгарні, з ласкі божай, вось гэтае маленства -- сваіх пляменьнікаў, Зьміцера і Алеську! Захавай ім жыцьцё! Цалуем цябе!
На тварах «птушаняткаў» выявіўся жах і непаразуменьне.
-- Што гэта значыць?! -- прамовілі разам.
-- Не дайшло да вас?!
-- Выслалі? Усіх разам? І маму й тату, і дзеда й бабку? Жудасна!..
Читать дальше