Жыжка, малодшы брат нябожчыка. Быў ён каржакаваты, шыракаплечы, крыху як-бы на раскірэчаных нагах, што сьведчыла аб ягонай станоўкасьці і спрыце ў працы. На ім быў шэры кулёк із сукна хатняга вырабу, якія ў нас насілі тады, як мелі права браць воўну ад сваіх авечак для хатніх патрэб. На макаўцы лысаватай галавы -- ён быў бяз шапкі -- віднеўся як-бы гузак: казалі, гэта шышка таленту. Міхайла таксама падышоў да кастра.
-- Ну, як у вас тутака? -- спытаў мяккім і прыемным барытонам, пазіраючы то на Чарняўчыка, то на Залатавуста. -- Клеіцца што-небудзь?
Чарняўчык адказаў:
-- Гэбаль нікуды ня варты, хоць коўзайся па ім пэўным мейсцам. Дый цьвікоў нідзе не знайсьці!
-- А вы ня думайце пра цьвікі: па іх, можа, прыйшлося-б аж у Маскву ехаць! Ды ў народзе кажуць, труну й ня зьбіваюць цьвікамі: яна павінна быць на сашчэпах па канцох, як, прыкладам, робяцца сундукі. Ня ведаю, ці гэта забабон, ці вымогі тэхнікі?
-- Ясна, -- заўважыў Залатавуст, -- зялезны цьвік хутка дасьць акісьленьне, і дошка пачне гніць, а нашы прашчуры верылі, што, паміраючы, ён пачынае жыць у іншым сьвеце, і труна -- жыльлё ягонае -- мусіць быць моцным; гэтак і стварылася традыцыя: ня зьбіваць труну зялезнымі цьвікамі...
-- Не клапаціцеся дужа! -- адказаў Міхайла. -- Калі ня знойдзем адпаведнага начыньня выдзеўбці дзюркі для сашчэпаў, дык возьмем канцы дошак у драўляныя цьвікі, добра заклінаваўшы іх звонку. Моцна будзе, уга як!
Міхайла павярнуў ужо ў хату, як яго перапыніў Чарняўчык.
-- Міхайла, а скажы, калі ласка, як гэта ўсё здарылася?
-- Што?
-- Ну, ды зь нябожчыкам Захарам, вашым братцам. Гэта-ж проста нельга ўзяць да галавы: ня было амаль паўвеку, а потым раптам, -- як сьнег на галаву... Дзе быў, што рабіў, нічога ня ведама...
-- Усё ведама, Чарняўчык!
-- Ну, як-жа?
-- У партыі быў. Шмат разоў узнагароджаны за адданасьць...
-- Каму?
-- Партыі, зразумела, а не народу! Супроць народу якраз! Ну, а што яшчэ?
-- Ці ён табе пісаў, што прыедзе паміраць у бацькаву хату?
-- Нязручна яму было пісаць гэта...
-- Дык ён прытупаў пехатою ад станцыі?
-- Мабыць! Дужа позна зацягнулася паседжаньне праўленьня калгасу. Выйшаў я дахаты, можа, гэтак а другіх ужо пеўнях. Іду, цемра хоць вока выкалі. А спаць -- млее ўсё цела! І халіпа якраз, сьлізка. Думаю, от, каб крыху падмарозіла яшчэ ўночы, дык назаўтра добра было-б гной вывезьці. І раптам бачу: каля хаты нехта сноўдаецца -- то туды, то сюды... Думаю: у помраку ад «гары» нехта ня можа знайсьці тропу. А потым гэтакая думка: можа, з раёну хто-кольвек, ды няшчасьце якое здарылася, ды пакалечаны ці што? Якраз меўся прыехаць гэты наш Хведарчук па справе насенных фондаў... І так, прыбавіўшы кроку, апынуўся я каля сваіх варотаў. Не, бачу, і не Хведарчук і ня хто-небудзь з падвыпіўшых: хоць і цемра, а гузікі блішчаць на шынялі, і нешта мырмоча сабе пад нос...
-- Хведарчук у гэты час гарэлку піў у Мітраханавых, -- ізь сьмехам заўважыў Чарняўчык.
-- Ага, я так неяк усумніўся: ці сплю я? Ведама, прыляжаш штораз на дзьве-тры гадзінкі, дык той сон падпільноўвае цябе на кожным кроку. Не, ня сьплю, чуваць плёханьне пад нагамі чалавека. Падыходжу крыху бліжэй і тады ўжо зусім выразна бачу: чалавек хоча дастацца ў двор, ды ці ня ўмее адчыніць хворткі, ці сілы не хапае... -- Вы каго, таварыш, шукаеце? -- пытаюся.
-- Міхаіла Жыжку, -- адказвае.
Я бачу, чалавек як-бы аслаб -- хапіўся за шульлё... Я падтрымаў яго й кажу:
-- Я і ёсьць Міхайла Жыжка. А што вам трэба?
-- Во калі спаткаліся! -- адказвае. -- Не пазнаеш Захара?
І ўжо зусім гатовы паваліцца да долу. Карцела мне тут сказаць: брацец, цураўся ты нас якіх сорак год і ня толькі цураўся, але й рабіў усякае плюгаўства супроць народу нашага, дык паварочвай, брацец, аглоблі назад. Але падумаў: гэта я так магу сказаць яму як брат, а як паставіліся-б да яго бацькі нашыя? Паўстрымаўся я й дапамог яму ўвайсьці ў хату. Жонка кінулася запальваць сьвятло, а ён загадаў ні аб чым не турбавацца, быццам ведаў мой настрой. І зараз-жа палез на печку...
-- Цікава! -- ня ўстрымаўся Чарняўчык.
-- Ага, слухайце: заціх там, на печцы. А за гэты час, як у тым кіне, праз маю голаву прайшло ўсё наша сумеснае жыцьцё, навет тое, як біліся аднаго разу за невашта: ён дае мне бухлянкі, а я злаўчыўся ды ўкусіў яго з-пад нізу. І вось ён прыйшоў сюды аддаць, бачу, астатні ўздых. Гэта значыць, нешта робіцца ў ягоным сэрцы?! Нешта такое іншае, ня тое, што было ў ім гэныя сорак год?! І шкада мне стала яго, да таго шкада, што хоць вазьмі ды зараві на ўсю ваколіцу. А зь печы ўсё ніякага гуку. Думаю, заснуў! Ну, і хвала Богу! Назаўтрае аб усім пагутарым. А жонка ўсё турбуецца: каб ён хаця-б не памёр там? Ну, што Бог дасьць, -- адказваю. І ў гэты час чую голас Захараў, але такі няпэўны, слабы, што мяне аж за сэрца хапіла.
Читать дальше