-- Вперёд! -- крыкнуў Нэрон.
Кузьма з благаньнем зірнуў на начальніка й прамовіў:
-- Дазвольце глыток вады -- з чалавекам нядобра...
-- З чалавекам?! Контрык?!
-- Урка! -- зь нейкім нутраным узрушаньнем ухапіўся за гэта Кузьма. -- У дошку свой! Памылкова залез не ў сваю кішэню...
Веданьне Кузьмой блатнога жаргону, як відаць, пераканала Нэрона, і ён паскакаў далей.
-- Паехаў? -- спытаў Алесь. -- Але нашто вы мяне мучаеце? Вы жадаеце, каб я йшоў у імя дружбы?
-- Калі ты ня можаш ісьці, мы цябе панясем.
-- Добра! Я буду ісьці!
Ён падняўся, але хутка пачаў зноў ападаць. Сябры трымалі яго -- адзін з правага, другі зь левага боку.
-- Трымайся, Алеська! Ужо нядоўга. Абхапі мяне за шыю левай рукой, а Орліка правай!
Калі Нэрон пад’ехаў да іх зноў, яны ўжо амаль дагналі астатніх. Зьняўшы шапку, Кузьма ў нейкім непераможным экстазе ўзьняў свой худы твар да неба. Уздыхнуў. І ў гэты мамэнт адчуў, што наўкола іх адбываецца нешта надзвычайнае. Падбадзёрыў Алеся, ведаючы добра, што гэта найлепей захоўвае сілы.
-- Вось ужо хутка! Ужо хутка!.. Ты чуеш, Алесь, як нейдзе грукочуць панцыры? Гэта йдзе наша вызваленьне...
-- Наша вызваленьне? Чаму?
-- Гэта-ж рухаецца фронт... Адступаюць!.. Адступаюць!.. Алесь, можа, праз паўгадзіны мы будзем вольныя... І вось калі-небудзь зьбярэмся й будзем сьмяяцца з усяго гэтага...
Насустрач ляцела аўта, падымаючы хмары пылу, з-за якога нічога ня было відаць. Калі напасьледак небасхіл адкрыўся, паказаўся ўсхваляваны Нэрон. Ён размахваў наганам і крычаў:
-- Назад!.. Вярні з шасэ!.. Пастраляю!.. Тррр!..
Кулі ляцелі над іх галавамі. Ляглі! Калёна аддалялася ўсё больш і больш. Крык Нэрона адчуваўся слабей. Але рухацца ня было сілы. Урэшце папаўзьлі ўсё далей і далей ад дарогі, час ад часу адпачываючы ў жыце. Да іх даносіўся трэск кулямётаў, бухалі гарматы. Над імі кружыў самалёт. І выбухла бомба. Зямля, здаецца, заварушылася пад нагамі. Потым самалёт павярнуў да шашы, відавочна, заўважыўшы войска. Калі ён пралятаў над галавой, былі відаць чорныя кругі на ягоных крылах, а ў іх адзнакі чужой дзяржавы. Адпаўзьлі далей ад дарогі. Урэшце перад імі адчынілася лонка -- жыта скончылася. Вады на ёй не знайшлі, але мох быў вільготны. Яны камамі заціскалі яго ў далонях і смакталі. Алесю адразу-ж стала лягчэй. Ляглі ў траву і аддаліся прыемнаму адпачынку...
Кузьме ўсё яшчэ ня верылася, што гэта вызваленьне. Хутка пяць год, як яго заарыштавалі. Успомніў Падкаблука, вобраз якога да гэтага часу быў заслонены больш агіднымі тварамі.
Орлік заўважыў:
-- Як-бы хацелася цяпер спаткацца із сваім сьледчым!
Глядзелі ў неба. Пасьля вязьніцы яно здавалася ім цудоўна-празрыстым...
-- Якое шчасьце быць вольным! -- прамовіў Кузьма. І потым да Орліка: -- Ты кажаш, хацеў-бы спаткацца із сваім сьледчым?! Не, дружа, яны для мяне ня існуюць! Я ведаю, такія тыпы заўсёды былі й будуць! На гэтых пачварах трымаецца ўсякая ўлада...
-- Ці будзе чалавецва калі-небудзь вольным?
-- Я магу сказаць толькі адно: чым вышэй цывілізацыя, тым мацней няволя... Ты кажаш -- парадокс? Але з гэтага няма выйсьця! Цывілізацыя забівае чалавека!..
-- Наўжо ў людзей ня хопіць розуму, каб жыць па-братэрску? -- запярэчыў Орлік.
-- Ты бачыш, што здарылася на аднэй шостай зямной кулі ад гэтай спробы?!
-- Ну, гэта іншая справа: тут проста дыктат аднае асобы...
-- Гэтых асоб высоўвае час. Расея ня хоча быць больш адсталай: мы, маўляў, ня горшыя за вас!
-- Значыць, праліцьцё крыві застанецца й надалей?
-- Усё роўна: праліцьцём крыві ці брудам, дымам, занячышчэньнем паветра, атручэньнем водных рэсурсаў, жорсткай эксплуатацыяй натуральных багацьцяў -- цывілізацыя зробіць сваю справу! А што датычыць мяне, я цяпер нічога не жадаю. І ня хочу ні аб чым думаць. Досыць мне гэтага! Хачу толькі аднаго: вольна дыхаць...
Ён заплюшчыў вочы й доўга ляжаў так моўчкі.
Бойка цягнулася нядоўга, усяго хвілін дзесяць, пятнаццаць. Ужо даўно заціх і рух калёны. Цяпер можна было паглядзець, што робіцца наўкола. Падняліся з травы: нідзе ніякага жыльля ня было. А есьці й піць хацелася страшэнна. Кожны трымаў у рукох пучок моху й высмактваў зь яго вільгаць. Калі-б жыта было сьпелым, можна было-б падмацавацца калосьсем. Але яно толькі пачало налівацца. Ірвалі і елі шчаўе. Ізноў ляжалі ў траве, бо ногі млелі й слабелі. Алесь увесь час спаў. Твар ягоны быў нядобрага колеру, пад вачыма лягла пухліна. Дыхаў цяжка й няроўна. Ён цяпер быў для Кузьмы й Орліка праблемай: як яго даставіць у такое мейсца, дзе знойдзецца такі-сякі мэдыцынскі пэрсаналь? Дзе ёсьць тут паблізу такое мейсца? Некалі разам зь іншымі студэнтамі Орлік быў мабілізаваны на час летніх вакацыяў на торфараспрацоўкі. Успомніў, ехалі па гэтым-жа шляху. Калі-б торпазавод знайшоўся блізка, было-б добра. Там ёсьць мэдыцынскі пункт і жыве знаёмы лекар. Але памяць не магла падказаць, як дабрацца да торпазаводу.
Читать дальше