Ляпей жабрачы лёс,
У рукі кій, за плечы торба;
Ляпей страха нябёс,
Бясконцы шлях і леры корба...
Верш Уладзімера Жылкі! -- успомніў я. -- Але-ж паэта сасланы, і творы ягоныя забаронены, а можа й папалены? Хутка зразумеў: Балевіч, пэўна, меркаваў, што яго тут ніхто не пачуе, і пад уплывам красы пушчы захапіўся красой жылкаўскай лірыкі. Каб не паставіць яго ў няёмкае становішча, я прыцішыўся на мейсцы, разьлічваючы, што ён пастаіць-пастаіць дый пойдзе ў іншы бок ад мяне. Але гэтак ня здарылася: праз колькі часу ён скіраваўся якраз у напрамку да мяне. Я адчуваў сябе не на мейсцы: час неспакойны, арышты, ссылкі, у тым ліку й паважаных асоб з самой партыі, асабліва зь ліку беларусаў! Чалавек можа падумаць: шпіёніў, падслухваў... Мне нічога іншага не заставалася, як ісьці яму насустрач.
Балевіч ня выявіў ніякае трывогі. Спыніўся, убачыўшы мяне, і спакойна заўважыў:
-- Як добра тут, га?! Зірніце на гэтыя шапкі соснаў! Ані варухнуцца! Стаяць і быццам-бы дрэмлюць у ціхай задуме! Бог ты мой, які цудоўны наш беларускі лес! Здаецца, нідзе больш такога няма! Сапраўды, я адчуваю сябе памаладзеўшым на дзясяткі год...
-- А колькі-ж вам у сапраўднасьці?
-- Не паверыце! Усяго толькі на чацьверты дзясятак падбіраецца...
-- А галава ўжо сівее!
-- Ня дзіва...
Ён глядзеў на мяне сваімі сінімі спакойнымі вачыма, такімі сінімі, як сёньняшняе неба.
-- Хіба так цяжка? -- адважыўся я спытаць.
-- Ці цяжка, пытаецеся? Звар’яцець можна! Дый вар’ююць! -- задумаўся. -- Ото, стаў пад сасну й гляджу... Музыка гэтых вашых сабачонак... От, нейдзе выкручваецца, думаю, з-пад іх маленькая істота, на мове нашай -- заяц! Хітрыць, блытае сьлед... Адным словам, робіць тое самае, што й мы з вамі ў падобнай сытуацыі, -- засьмяяўся, -- калі насядуць са-ба-чон-кі!.. Здаецца яму часам, урэшце адарваўся, перахітрыў, уцёк; можна прысесьці й адпачыць, а тут зноў сабачонкі... Якія ў яго могуць быць у гэты час адчуваньні?! І ўспомніўся мне верш Уладзімера Жылкі, той, дзе паэта гаворыць:
Ляпей жабрачы лёс,
У рукі кій, за плечы торба...
Люблю беларускую лірыку! -- выклікнуў. -- І шкадую, што яе цяпер так незаслужана рэжуць!
Падзьмула цёплым вецярком. Сосны маркотна зашумелі. Зачапіўшыся за зялёныя кроны кражаў, сонца пачало сплываць на дол. У гэтую пару дні кароткія, і мы скіраваліся да шашы. Спачатку йшлі краем засекі. Усюды ляжаў павалены лес: і ў шуртах, і проста калодамі на зямлі. Там-сям ужо пакрыўся грыбком, спарахнеў, гніў...
-- Правая рука ня ведае, што робіць левая, -- капануўшы нагой гнілое палена, прамовіў Балевіч. -- Плян нарыхтовак лесу нашы бюракраты склалі, у Маскве зацьвердзілі й перадалі ЛесБелу для выкананьня, а пра тое, што няма каму й няма на чым вывезьці лес, забыліся... І ляжыць цяпер, грыбком аброс, гніе... а ў горадзе няма чым кватэру абагрэць...
-- Ну, вось, і я якраз думаў пра гэта, седзячы там, на пні. Вы -- партыйны, а я -- беспартыйны, але мы абодвы беларусы, і думкі нашыя ў адносінах да дабра нашае бацькаўшчыны цякуць у адным напрамку. Скажыце-ж, калі ласка, як гэта здарылася, што мы згубілі ўладу над сваім дабром?!
Пытаньне, відаць, дужа заскочыла Балевіча. Ён неяк зусім па-інакшаму зірнуў на мяне й маўчаў. Пасьля ўжо сказаў:
-- Думаецца мне, што тут адбыло галоўную ролю бытуючае ў нашым народзе перакананьне, што мы -- нізшыя й мусім выконваць нейчую волю. Гэта зусім не азначае, што мы былі заўсягды такімі! Якраз наадварот! Вам, напэўна, ведама, што крывічы й дрыгавічы былі найлепшымі калёнізатарамі, гаспадарамі, будаўнікамі, умелі ладзіць з суседзямі й пашырылі сваю ўладу далёка за межы сучаснай Беларускай рэспублікі ўва ўсіх напрамках... А літоўскім плямёнам накінулі навет сваю мову й культуру! Комплекс нізшасьці гэтай пачаў расьці ў нашай псыхіцы ад часоў, калі нас выраклася наша кіруючая эліта. Гэта -- вынік Люблінскай вуніі!
-- Здрада, значыць?!
-- Так, можна назваць гэта здрадай: народ пакінуты быў на волю лёсу й на ганьбу хцівых суседзяў... «Сьмерд! Быдла!» Гэтак, бясспрэчна, было з боку нашага экстэнсыўнага заходняга суседа... А ўсходні?! Ён ведае толькі адно: браць тое, што дрэнна ляжыць...
-- Здрада! Так, здрада, гэта, бадай, бясспрэчна! -- прамовіў я ў разгубленасьці. -- І мусіла-б яна быць урокам для нас. Тым часам здраднікі -- о Божа! -- і цяпер, калі ўжо фізычна выразана наша другая эліта, вырасшая на новых пачатках, пляскаюць у далоні й крычаць: «Хвала! Патапіць нацдэмаў!» Быццам-бы не разумеюць, што, па сутнасьці, ніякіх нацдэмаў, як ворагаў, ня было, быў страх у акупанта перад растучай нашай сілай...
Читать дальше