Неба тым часам усё хмурнела. Смуга зрабілася хмарай і схавала сонца. Дождж пачаў ісці баязліва, па кроплі, нібы нехаця, а потым хлынуў такі лівень, што канапасам нідзе не было месца. На поплаве сталі лужыны. Белае Балота, дасюль зусім сухое, ператварылася ў азярыну. Заляскацелі перуны. Воддаль задымілася сасна, апаленая маланкай. Хто стаяў пад дрэвам ці сядзеў на карачках пад кустом, выскачылі на гала. Коні збіліся ў кучу.
Дождж ліў каля гадзіны. На канапасах не было сухой ніткі, але ніхто не чуў холаду. Калі развеялася хмара, сонца ўжо высока стаяла ў небе. Сушыліся на сонцы і ветры. А падлеткі нават і не думалі сушыцца. Яны качаліся і поўзалі па лужынах. Андрэй сядзеў на купіне і глядзеў, што яны вытвараюць. Калісьці і ён быў такі. Нават горшы. Ён бы не толькі сам поўзаў па лужынах, а разам з сябрукамі зацягнуў бы туды не аднаго жаніха і выквацаў бы ў гразь.
Андрэй думаў, што да яго вельмі скора прыйшла сталасць. Было маленства, а пасля яго адразу насунулася сталасць. Маладосці сапраўднай не было. Вось цяпер і павінна была б быць маладосць, сама гады, але сталасць, мабыць, прыходзіць не праз гады, а праз выпрабаванні.
Ян Сташэвіч падышоў да яго і сеў на купіне, падклаўшы пад сябе аброці. Сёння і яму прыйшлося быць канапасам, бо Тамаш-валацуга прыйшоў з пагулянкі раніцаю. Ян ужо коней выводзіў з хлява, толькі і паспеў прыгразіць сыну, што калі не дай бог байструка якой дзеўцы зробіць, то няхай і дамоў не варочаецца. Аджартаваўся, сукін сын. Яго, маўляў, на такую работу не наймаюць, а дарэмна рабіць няма дурных. Ці сказаў бы Ян такое свайму бацьку? А яго сын сказаў.
— Ты да памінак рыхтуешся? — запытаў у Андрэя.
— Не...
— Дык чаму ж ты? — узлаваўся Ян.— Праз тыдзень памінкі ж.
— Ведаю. Вазьму ў Арлоўскага гарэлкі, а жанкі падрыхтуюць сёе-тое...
— Каго будзеш зваць?
— Тых, хто памог пахаваць.
— Адбі тэлеграму Аляксандры.
— Адбіў ужо.
— Добра зрабіў. На пахаванні яна не была, на памінкі павінна прыехаць.
Ян памаўчаў нядоўга.
— Узбагацела, гадаўка, бацьку пахаваць не прыехала. Я напісаў ёй. Папросту напісаў, няхай крыўдзіцца, калі хоча. І напісаў, каб гарэлкі прывезла. Чорт яе не возьме, не згалее, а ў цябе наперадзе расходаў шмат.
Андрэю непрыемна было слухаць тое, што ён ведаў сам. Гэтыя расходы не давалі яму спакою.
— Ты не крывіся. Што баліць, пра тое трэба гаварыць, а не маўчаць. Ты думаеш, я таму напісаў Аляксандры, што яна вельмі на памінках патрэбна? Без яе абышліся б. Але з ёй пагаварыць трэба. Пра Алену думаю, а не пра Аляксандру. Выпхнуць яе трэба адсюль як мага далей... Як мага далей! Сам ведаеш: злягліся яны з Юзікам Громам. Людзі ўжо гавораць.
Андрэй пазелянеў, сціснуў кулакі.
— Заб’ю, калі што якое!.. Мне тата перад смерцю гаварыў...
— Пачакай,— Ян мякка крануўся Андрэевай рукі.— Ён жа не загадваў табе забіваць яе, а толькі замуж за Халусту не аддаваць.
— Можа яны пад плотам пажаніліся...
— Не. Да гэтага не дойдзе. Не такая Алена дзеўка... Дык от я таму і напісаў Аляксандры, каб прыехала. Трэба ёй сказаць, каб жаніха Алене шукала. Далей адсюль, як мага... Бо не дай бог за Халусту пойдзе, то яны яе навучаць! Яна бацькаву спадчыну падзяліць захоча. Зямлю!
— Што? — запытаў Андрэй дзікім голасам.— Зямлю?! Паўвалоку дзяліць?
— Ціха. Я з дзядзькам Юстынем гаварыў пра гэта. Толькі ты пасагу яе не чапай. Калі з грашыма прыпрэ — памагу.
— Дзякуй табе, Ян... Пасаг я маме аддаў. Няхай яна сцеражэ.
— Малайчына. Алене і выгляду не падай, што гаварылі пра гэта.
— Хіба я не ведаю, Ян!..
Коней павялі дамоў, калі сонца падышло пад поўдзень. Андрэй усю дарогу думаў пра Алену. Як адбіць яе ад Грома? Што можна зрабіць? Пагаварыць з маткай? Але яна нічога не паможа, а толькі напсуе. Раскажа Алене, а тая яшчэ горш узлуецца.
Дома была толькі Алена. Маці спала ў сенцах. Андрэй уважліва паглядзеў на сястру, і яна злавіла яго позірк.
— Чаму ты так на мяне глядзіш?
— Як?
— Нібы бачыш першы раз.
— Здаецца табе... Мокры я ўвесь... Дай бялізну, ды памыцца трэба.
Потым яна падала яму абедаць. Андрэй еў, але думкі не пакідалі яго. Алена перад люстэркам расчэсвала свае доўгія прыгожыя валасы. Андрэй зрэдку пазіраў на яе. Ён і сапраўды глядзеў на яе так, нібы бачыў першы раз. Прыгожая ў яго сястра. Ён першы раз наглядаў за ёю не як брат, а паставіўшы сябе на месца чужога маладога чалавека. Хоць бы таго самага Юзіка Грома. Прыгожая, нічога не скажаш. Высокага росту, стройная, ладная. Твар прыгожы, можа крыху ганарлівы. Асабліва вочы — не то карыя, не то зеленаватыя, глыбокія. Маленькі рот з прыгожымі белымі, як рэпа, зубамі. А нос дзявочы, і нічога лепшага пра яго нельга сказаць. Каб такая дзяўчына ды дасталася Юзіку Халусту, дурному Грому! І ён і ўся яго праклятая сям’я не варты яе нагі.
Читать дальше