— Я не талстовец. Ён ударыў першы.
— Трэба расказаць Валянціне Андрэеўне.
— Навошта?
— Ты ж расказаў мне. І ўсё стала на месца. А ён не здагадаецца зрабіць гэта…
Валянціна Андрэеўна, не даслухаўшы, занепакоілася. Маці ёсць маці. Славік здаўся ёй маленькі, бездапаможны, збіты да паўсмерці дарослым і дужым хлопцам. У яе з'явілася нядобрае пачуццё да Тараса, хоць сваім цвярозым розумам яна добра ўсведамляла, што больш разумна, як зрабіў Тарас, зрабіць нельга — у руках у іх была смерць.
Яны ўтраіх шукалі Славіка на лузе. Маці гукала. Адгукалася рэха.
Нізіны зацягвала туманам.
Халадала.
Матчына трывога расла. Яраш супакойваў жанчыну:
— Упэўнены, Валя, што ён драпануў у горад. Яму сорамна паказвацца на вочы. Давайце паедзем — і ён будзе дома.
Яна папрасіла:
— Антон, не расказвай Кірылу. Баюся, ён не зразумее.
Недарэчна, што чалавек, які павінен разумець усе рухі чалавечай душы, раптам не зразумее ўласнага сына. Ён, Яраш, усіх разумее.
Шыковіч сядзеў дома, чытаў новы раман свайго сталічнага сябра.
Яраш сказаў, што забыўся зрабіць важнае назначэнне цяжкаму пасляаперацыйнаму хвораму.
— Што ты забыўся — гэта, мабыць, хлусіш, ты ніколі нічога не забываеш. Тут вось, — Кірыла ляпнуў па часопісе, — адзін разумны герой кажа: найлепшаму сябру не давярай дзвюх рэчаў — машыны і жонкі.
— Не вельмі разумны твой герой.
— А я табе давяраю дужа часта і машыну і жонку.
— Валя паедзе са мной, між іншым.
— А яна што там забылася?
— Не бойся, едзе і Галіна. Няхай пракатаюцца.
— Цісніце на ўсе педалі. Не будзеце хоць перашкаджаць.
Антон Кузьміч не мог не ўзяць жонкі, бо добра ведаў, што спакойнай Галіна не будзе, ведаючы, што ён паехаў у ноч з жанчынай, хоць гэтая жанчына і Валянціна Андрэеўна, жонка сябра, маці дарослых дзяцей.
* * *
Валянціна Андрэеўна супакоілася толькі каля дома, калі ўбачыла, што вокны кватэры асветлены.
У яе быў свой ключ. Яна ўвайшла непрыкметна. Заглянула праз шкляныя дзверы ў пакой. Славік ляжаў на канапе без сарочкі, мокры ручнік закрываў левае вока і шчаку. На падлозе стаяла раскаркаваная бутэлька дарагога каньяку. Быў уключаны прыёмнік. Далёкая спявачка даволі прыемным меца-сапрана спявала на чужой мове сумную песню.
Славік ствараў сабе настрой. Яму хацелася, каб была роспач, душэўная дэпрэсія, каб зрабіўся ненавісным увесь свет. Але такі настрой не прыходзіў. Была, праўда, злосць, заставаўся боль. Але недзе ў мазгавых глыбінях цяплілася думка, што ўсё скончылася для яго не так ужо дрэнна. Жыла недзе побач са злосцю ранейшая павага да Тараса. Разам з тым яму хацелася пераканаць сябе, што ён завёў брыгадзіра ў больш няёмкае становішча, чым апынуўся сам. «Няхай паспрабуе растлумачыць мой нявыхад на работу».
Але тут жа зноў закіпала злосць і на Тараса і на Машу. Зноў пачыналася напружаная работа разгарачанага мозгу: як адпомсціць ім? Потым з'явілася думка, што ўчынак яго наіўны (больш за ўсё ён баяўся наіўнасці і сентыментальнасці), і сэрца пачалі апякаць дробныя і непрыемныя іскры сораму. Гэта, бадай, было самае пакутлівае пачуццё. Ён тушыў гэтыя іскры маленькімі глыткамі каньяку.
Не расплюшчваючы вачэй, ён працягнуў руку па бутэльку… І раптам адчуў, што хтосьці забраў бутэльку з-пад яго рукі. Ён падхапіўся з прымхлівым страхам.
Каля канапы стаяла маці.
— Мама?! — і зноў упаў на падушку.
Валянціна Андрэеўна паставіла бутэльку на стол. Падсунула крэсла, села побач, як каля хворага. Паглядзела ў яго здаровае вока. Моўчкі адгарнула ручнік, разглядзела сіняк.
— Не глядзі так, мама, — папрасіў Славік.
— Божа мой! Які ты малы яшчэ і дурны. Калі ты ў мяне паразумнееш?
Малы задзіра, ён крычаў не так даўно ў адказ на папрокі маці: «А чаго яны самі лезуць?» Цяпер ён крыкнуў амаль гэтак жа:
— А чаму яны не даюць мне жыцця?
— Хто табе не дае жыцця?
— Усе!
— Хто «ўсе»? Усе жадаюць табе дабра. Усе хочуць, каб ты стаў чалавекам.
— І б'юць па мордзе?
— А ты хацеў, каб стралялі? Дурань! Скажы дзякуй. — Яна паднялася ў злосці і пайшла на кухню, захапіўшы каньяк.
Славік зразумеў, што маці ўсё ведае. Тарас расказаў. Гэта страшэнна ўразіла: выходзіць, Тарас мог адразу проста так вось пра ўсё расказаць. Можа, смяяўся нават? Смяяліся ўсе разам: Яраш, бацька, маці, малая Наташка… Дуэль здалася цяпер да дзікасці наіўнай. Сорам пекануў жаркім полымем. Славік закрыў увесь твар мокрым ручніком.
Шыковіч не любіў восені. Увосень яму дрэнна працавалася. Нават улетку лепш. Дзіўна! Большасць пісьменнікаў мінулага пісалі ў сваіх успамінах, што найлепшы творчы перыяд — асеннія месяцы.
Читать дальше