Яна ўзняла вочы, усміхнулася і спытала:
— Аддалі вам правы?
— О! — здзівіўся Шыковіч. — Вам ужо расказалі? Аддалі, але замянілі, чэрці, талон. Аднак віншую вас. Паверце, як я рады за вас! Гэтаму чарадзею трэба пры жыцці паставіць помнік. Праўда? — кіўнуў ён на Яраша, які зачыняў машыну на ключ.
Яна, Зося, і Маша адказалі яму аднолькавымі ўсмешкамі любві да чарадзея. А сам чарадзей сярдзіта нахмурыўся:
— Пайшлі. Ад Кірылы Васільевіча вы пачуеце яшчэ нямала казак.
— Чакай, — спыніў яго Шыковіч. — Соф'ю Сцяпанаўну правяду да кватэры я. Прашу, — ён жартаўліва падставіў ёй локаць.
І яна, на здзіўленне Машы, даволі грацыёзна абаперлася на яго руку і пайшла ўпэўнена, цвёрда, у нагу з ім. Па бальнічным садзе яна так упэўнена не хадзіла яшчэ. Маша зірнула на Антона Кузьміча. Той кіўнуў галавой задаволена і, здалося ёй, упершыню з гонарам, як бы кажучы: «Вось што мы здольны зрабіць з вамі».
На пляцоўцы другога паверха Кірыла спыніўся, дастаў з кішэні тонкі ключык ад французскага замка, амаль урачыста перадаў яго Зосі.
Усе ўбачылі, што рука яе задрыжала. Яна доўга глядзела на ключ.
— Адчыняйце.
Яна павярнулася і доўга не магла пацэліць у замочную шчыліну.
Потым, як бы ўзрадаваўшыся, што дзверы адчыніліся, хутка ўвайшла ў цемнаваты цесны калідорчык, павярнула налева і спынілася ў шырокіх дзвярах, аслепленая бляскам мэблі, эстампаў на сценах, агнём букета, зіхаценнем бутэлькі шампанскага, пералівамі яблык, груш, вінаграду, торта і яшчэ многага іншага, чым быў устаўлены нізкі стол на тонкіх ножках.
Убачыла ўсё гэта Зося, і яе зноў апанаваў страх, можа, апошні. Яна азірнулася і як бы паклікала на дапамогу:
— Антон Кузьміч!
Яраш прайшоў міма яе і, ні на каго не гледзячы, сказаў збянтэжана, а таму трошкі сярдзіта:
— Ну, ну… без усяго… без здзіўлення. Пасля, пасля… Усё гэта ваша. Жывіце. А мы зараз вып'ем за ваша здароўе… За наваселле, Маша! — Ён, каб нечым заняць сябе, пачаў перастаўляць шклянкі, яны меладычна зазвінелі. Падняў бутэльку з шампанскім.
— Чакай! Сапсуеш усю ўрачыстасць! — Шыковіч любіў эфекты.
Яны, усе трое, замітусіліся каля стала, на нейкі міг, відаць, забыўшыся на гаспадыню, якая ўсё яшчэ, аслепленая і аглушаная, стаяла ў парозе. А потым раптам ступіла ўперад, сапраўды як сляпая, выставіўшы перад сабой рукі. Падышла да Яраша, маленькая, просценькая, як дзяўчынка, у пакамечанай штапельнай сукенцы, палажыла рукі на шырокія грудзі яго, зазірнула знізу ў вочы і раптам прытулілася тварам да сэрца яго і… бязгучна зарыдала. Ён зусім збянтэжыўся. Не ведаў, што рабіць. Шырока расставіў рукі, трымаючы ў адной бутэльку. Ён як бы баяўся да яе дакрануцца, не мог адарваць ад сябе. У вялікай разгубленасці паўтараў:
— Не трэба… Не трэба… Што вы… Калі ласка… Зося… Соф'я Сцяпанаўна!..
Маша ўміг злётала на кухню і вярнулася са шклянкай вады. Але Шыковіч кіўнуў ёй: «Не трэба. Не чапайце», — і асцярожна забраў ад Яраша бутэльку з шампанскім.
Машы падабалася гэтая гульня — сустракацца па чарзе то з адным, то з другім. Яе калегі, напэўна, вельмі здзівіліся б, каб даведаліся, што яна, Маша Літвін, сур'ёзная, разважлівая, акуратная, сумленная і не такая юная ўжо — дваццаць тры гады, — здольная на гэткія жарты. Ды і не такая красуня, каб так млелі хлопцы. Сама яна таксама лічыла сябе непрыгожай, пакутавала ад гэтага, старалася ўпрыгожыць сябе моднымі плаццямі і прычоскамі, але ўпотай амаль рыхтавалася пражыць «векавухай» (так у іх вёсцы называюць старых дзевак). Ды раптам гэтыя хлопцы, кожны па-свойму, адкрылі яе прыгажосць, адкрылі для сябе, а самае галоўнае — для яе самой. Яна асабліва адчула гэта на канцэрце і пасля належным чынам асэнсавала. Канцэрт, праўда, выклікаў цэлую гаму пачуццяў, самых супярэчлівых, але ўсё-такі найважнейшым для яе было адкрыццё: яна можа падабацца. Гэта акрыліла яе. Яна была ўдзячна і Славіку, і Тарасу. Яны былі розныя, вельмі непадобныя, але шмат у чым дапаўнялі адзін аднаго. Каб сплавіць іх характары, рысы і звычкі ў адно, то вельмі можа быць, што ў такога хлопца яна закахалася б адразу, такі набліжаўся б да яе ідэалу.
Тарас ёй здаўся спачатку сумным. Нават у кампаніі сваіх хлопцаў на канцэрце ён, брыгадзір, трымаўся неяк збоку, тон задавалі смяшлівы Косця і не вельмі гаманкі, але надзвычай дасціпны Генрых. Але пасля двух-трох спатканняў яна пераканалася, наколькі ён глыбейшы і разумнейшы за Славіка, як многа ведае — так многа, што ёй зрабілася боязна. Ён расказваў сур'ёзна, але цікава. Ён да ўсяго ставіўся з цяжкаватай сур'ёзнасцю, з большай, чым нават яго прыёмны бацька, які ўмеў павесяліцца і пажартаваць. А Славік, наадварот, падабаўся ёй за несур'ёзнасць, за лёгкасць, бесклапотнасць. І за іронію.
Читать дальше