— Слава, заспявай што-небудзь.
Гэта быў амаль ужо здзек: як ён мог спяваць, так вяслуючы!
— Я пяю толькі п'яны, — прахрыпеў хлопец без усмешкі.
Яна зразумела, што даволі, бо цярпенне яго вычэрпваецца, і закамандавала:
— Права руля. Да тых кустоў. Адпачнём.
Славік азірнуўся і «высушыў» левае вясло. Лодка крута павярнула да берага, уткнулася носам у травяністую купіну. Ён, закінуўшы вёслы, выскачыў першы, выцягнуў нос лодкі на бераг. Яна, сыходзячы, падала яму руку. Ён рэзка пацягнуў яе да сябе, схапіў на рукі, лёгка падняў, цяжка дыхаючы; паспрабаваў цалаваць, нягледзячы на тое, што міма праплывалі другія лодкі.
Маша далонямі ўперлася яму ў твар, у вусны. Ён пацалаваў халодную ад частага мыцця спіртамі і эфірамі далоню. Дзяўчына спрытна, як рыбіна, выслізнула з яго абдымкаў. Адскочыла. З нядобрымі вачамі Славік ступіў да яе. Яна не адступала. Стаяла ў ваяўнічай позе, залажыўшы рукі за спіну.
— Ну!.. Паспрабуй! Атрымаеш такую аплявуху, што апынешся ў рацэ. Не лезь са сваімі пацалункамі… пакуль што…
Гэтае «пакуль што» неяк адразу астудзіла разгарачанага і ўзлаванага цяжкім веславаннем хлопца.
— Пакуль што? А калі можна будзе?
— Ніколі!
Ён весела засмяяўся.
— Ніколі? Тады дазволь цяпер пацалаваць хоць край сукенкі. Ці твой пальчык. Адзін. Любы з дваццаці.
Яна таксама не стрымала ўсмешку:
— Блазен! Калі-небудзь ты моцна пагарыш за свае дурныя жартачкі.
Яна з апаскай абышла яго, ускочыла ў лодку, села за вёслы:
— Адпіхні.
Лодка захісталася. Славік стаяў ззаду, трымаючы раўнавагу, дыхаў ёй у патыліцу, у залатыя косы. Як яму хацелася пацалаваць іх. Што за ліха! Ніколі яшчэ яму не хацелася так пацалаваць ніводную дзяўчыну, хоць цалаваўся ён з многімі. Яна як бы адгадала яго намер.
— Праходзь на карму. Але да мяне не дакранайся, а то будзеш за бартом. — Пасунулася на лавачцы, адхілілася ўбок. Але калі лодка, якую круціла плынь, хіснулася, схапіла яго за руку, падтрымала.
Яна скіравала не ўніз, а таксама ўверх і веславала лёгка, роўна, спорна. Славік, зразумеўшы, што яна знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, ужо зусім сур'ёзна думаючы, як бы ёй адпомсціць.
Але яна сказала проста, па-сяброўску:
— Ты, дурань, траха не сапсаваў мне настрой. А ў мяне сёння такі настрой!
— Ад чаго гэта?
— Не ведаю. Быў кансіліум у Савіч. Сэрца яе ўсе прафесары прызналі нармальным. Цудоўная аперацыя! Антона Кузьміча віншавалі.
— А хто гэты Савіч?
— Гэты! Соф'я Савіч! Няўжо ты нічога не ведаеш? — вельмі здзівілася Маша. — Табе Яраш не расказваў?
— Ты думаеш, я з Ярашам штодня п'ю чай?
— А бацька твой?
— Бацька заклапочаны, каб перавыхаваць мяне.
— О, я табе раскажу.
Яна павярнула лодку назад, уніз па плыні, і, амаль не вяслуючы, толькі накіроўваючы, каб не круціла, пачала расказваць, што ведала, пра Зосю, пра яе бацьку, пра Яраша, Тараса. Славік слухаў, як казку, без скептыцызму, удумліва, забыўшыся на сваю крыўду і ўсе іншыя пачуцці. Калі яна дайшла да аперацыі, ён недаверліва спытаў:
— Ты сама бачыла, як ён дабраўся да сэрца?
— Дзівак! Я аперацыйная сястра. Ты ведаеш, што робіць аперацыйная сястра?
Ён засаромеўся свайго пытання.
Дзіўна, яе расказ не проста зацікавіў хлопца. Ён неяк зусім з іншага боку адкрыў яму самую Машу. Пры першай сустрэчы і цяпер ён глядзеў на яе як на незвычайную, па-свойму цікавую і прыгожую, дасціпную і вясёлую дзяўчыну, з якой прыемна правесці час. Ён не ўнікаў у сутнасць яе прафесіі і ў самую сутнасць як чалавека, які трохі больш пажыў і, безумоўна, значна больш пабачыў. Цяпер ён адчуў гэта, і ў яго з'явілася павага да яе — такая, як да Яраша, да Тараса, да Галыгі, да ўсіх, хто меў цікавую і карысную, на яго думку, для людзей прафесію і цвёрдыя погляды на жыццё.
Машу здзівіла, крыху спалохала і нават расчаравала, калі пасля катання Славіка быццам падмянілі. Пакуль яна разлічвалася і забірала дакумент, ён стаў сур'ёзны да паважнасці, рахмана-сцішаны і ветлівы. Можа, таму позна ўвечары, каля яе кватэры, яна не вырвала сваёй рукі і не абурылася, калі ён раптам на развітанне сціснуў яе тонкія пальцы, нахіліўся і пацалаваў іх.
Ёй упершыню быў прыемны такі пацалунак.
А на другі дзень ёй пазваніў Тарас. У бальніцу. Яна толькі скончыла з хірургам Лапацінай аперацыю. Дзяжурная па аддзяленню сястра паклікала яе да тэлефона, амаль таямніча паведаміўшы:
— Трэці раз звоніць.
Маша падумала, што гэта Славік, і пайшла незадаволеная, сярдзітая, збіраючыся добранька прабраць яго.
Читать дальше