Ланьён, што знача «Разнік», слаўны пераможнік, з вялікім шаломам на галаве і панцырам, апінаючым спераду й ззаду ягоны магутны торс, выглядаў, бы вялізны блішчасты жук на жоўтым пяску арэны. Не менш слаўны рэтыярыюс Календыё выступіў супраць яго. Глядзельнікі пачалі закладацца: — Пяцьсот сэстэрцый за галам!
— Пяцьсот за Календыем!
— На Геркулеса! Тысячу!
— Дзве тысячы!
Тым часам гал, дайшоўшы да сярэдзіны арэны, пачаў зноў падавацца назад з настаўленым мячом і, зніжаючы голаў, уважна цікаваў праз атворышчы ў прылбіцы на праціўніка, а лёгкі статны рэтыярыюс, зусім голы, толькі з перапаскаю ў паясніцы, кружынеў прытка ля цяжкага ворага, лоўка махаючы сеццю, нахіляючы або падымаючы трызубец ды пеючы абыдную песню сетнікаў: Non te peto, piscem peto, Quid me fugis, Gallo?.. Але гал не ўцякаў, бо зараз затрымаўся і пачаў абяртацца ледзь прыкметным рухам так, каб заўсёды мець спераду праціўніка. Глядзельнікі кемілі дасканальна, што гэны цяжкі, закаваны ў медзь асілак рыхтуецца да рашучага нечаканага скоку. Сетнік, прымеж таго, то прыскокваў, то адскокваў, робячы сваім трызубам так прыткія рухі, што ледзь было льго іх зацеміць. Дзынк зубоў аб шчыт данёсся некалькі разоў, але гал ані крануўся з мейсца, даючы гэным доказ надзвычайнае свае сілы. Уся ўвага ягоная звярталася не на трызуб, а на сетку, якая безустанку лётала над ягонай галавою, бы шуляк злавесны. Прысутныя, затрымаўшы ў грудзях дыханне, сачылі знатоцкую йгру гладыятараў. Ланьён, падабраўшы момант, рынуўся ўрэшце на суперніка, а той з такою ж хуткасцю выкруціўся з-пад ягонага мяча й паднятае рукі ды, выпраставаўшыся, кінуў сеткай.
Гал спрытным абаротам на мейсцы затрымаў яе шчытом, і расскочыліся абодва. Амфітэатр загрымеў: «Macte!», а ў ніжэйшых шэрагах пачаліся заклады. Сам цэзар, які спачатку гутарыў з вясталкаю Рубрыяй, не цікавячыся дагэтуль відовішчам, звярнуў голаў да арэны.
А яны змагаліся далей так спраўна ды з такою трапнасцю ў рухах, што іншы раз здавалася, не расходзіцца ім пра смерць і жыццё, толькі пра паказ зручнасці. Ланьён два разы шчэ выкруціўся з сеткі і зноўку адступаў да берагу арэны. Тады тыя, што ставілі супраць яго, не хочучы, каб адпачыў, пачалі крычаць: «Наступай!» Гал паслухаў і кінуўся ўперад. Рука сетніка ўміг аблілася крывёю, і сетка звісла. Ланьён прыгнуўся й скочыў, манючыся адмераць апошні ўдар. Але ў тым жа моманце Календыё, які знарок прыкінуўся немачным, перагнуўся ўбок, меч пайшоў міма, а ён, усунуўшы трызуб між кален праціўніка, зваліў яго на зямлю.
Той зрываўся ўстаць, але воміг спавілі яго фатальныя шнуры, у якіх кажным рухам заблытваў мацней рукі й ногі. Прымеж таго, трызубец прыцінаў яго раз за разам да зямлі. Яшчэ раз натужыўся, аблакаціўся на руцэ й напружыўся, каб устаць — дарма! Падняў яшчэ да галавы млеючую руку, якая не магла ўжо ўтрымаць мяча, і ўпаў плячыма. Календыё прыціснуў яму зубамі вілаў шыю да зямлі і, абапёршыся на іх тронку, звярнуўся ў бок цэзаравае ложы.
Увесь цырк аж дрыжэў ад воплескаў ды людскога рыку. Для тых, што ставілі стаўкі на Календыё, быў ён у той хвіліне вялікшым, чым цэзар, але якраз дзеля таго згасла ў іх заўзятасць і супраць Ланьёна, які коштам собскае крыві напоўніў ім кішэні. Дык раздвоіліся жаданні народу. На ўсіх лавах паказаліся напалову галасы смерці і галасы злітавання, але сетнік глядзеў толькі ў ложа цэзара й вясталак, чакаючы, што яны прысудзяць.
На жаль, Нэрон не любіў Ланьёна, бо на апошніх ігрышчах перад пажарам, закладаючыся супраць яго, прайграў Ліцынію немалую суму, дык высунуў руку з подыюма і паказаў вялікім пальцам у зямлю. Вясталкі воміг паўтарылі тое самае. Тады Календыё стаў каленам на грудзёх гала, выняў кароткі нож з-за пояса і, адгарнуўшы панцыр на шыі праціўніка, усунуў яму па самае трымальна нож у горла.
— Peractum est! — разляглося па ўсім амфітэатры.
А Ланьён дрыгаў яшчэ нейкі час, бы зарэзаны вол, рыў нагамі пясок, урэшце выпруціўся і сканаў.
Мэркур не патрабаваў правяраць распаленым жалезам, ці жыве яшчэ.
Хутка вынеслі яго; выступілі іншыя пары, а пасля закіпела бітва цэлых аддзелаў. Народ удзельнічаў у ёй душою, сэрцам, вачыма; выў, роў, свістаў, біў брава, рагатаў, пабуджаў да барацьбы змагароў, шалеў. На арэне раздзеленыя на два фронты гладыятары змагаліся з заядласцю дзікіх звяроў: грудзі з грудзьмі здырваліся, мускулы спляталіся ў смяротным скурчы, трашчалі ў ставах волатныя часціны цела, мячы тапіліся ў грудзях і жыватох, збялелыя вусны бухалі крывёю на пясок. Колькінаццаць навікоў пад канец так ужахнулася, што, вырваўшыся з сумятні, пачалі ўцякаць, але мастыгофоры загналі іх назад у бой дысцыплінамі з волавам на канцы. На пяску парабіліся вялікія цёмныя плямы; штораз больш нагіх і ўзброеных цел ляжала покатам, бы снапы. Жывыя змагаліся, топчучыся па трупах і спатыкаючыся аб параскіданую зброю, крывавілі ногі паламаным рыштункам, падалі. Народ аж заходзіўся з радасці, упойваўся смерцю, дыхаў ёю, насычаў вочы ейным відовішчам і з раскошай удыхаў у грудзі ейны подых.
Читать дальше