Папуша вінавата маўчаў, і не апраўдваўся, і не абражаўся, што дзед яго, кандыдата, лае, як вучня. Дзед часта на паляванні пад гарачую руку і лаяўся, і строіў кепікі з паляўнічых, і яны ніколі не крыўдзіліся. Нязручна ім было абражацца. Дзед Варава ведаў плаўні, як свае кішэні. У гады вайны быў тут правадніком у партызан — «галоўным лоцманам», як яго тады называлі. І ўсе паляўнічыя ведалі: калі паедзеш з дзедам на паляванне, ніколі без дзічыны не застанешся.
Колькі б ні прыязджаў пасля таго Папуша, заўсёды горка ўздыхаў, успамінаючы сваю «дарагую тапельніцу» (ён гаварыў пра яе, як пра жывую істоту, з пяшчотай і сумам). А калі «мазаў» — кідаў на зямлю сваю цяперашнюю «тулячку» і ледзь не таптаў яе нагамі:
— Праклятая! Хіба гэта стрэльба?! Аглобля габляваная! Лапаціна! Эх, калі б была жывая мая тапельніца! Хіба б я прамазаў па той качцы?!
Усё гэта азначала, што стрэльба і сапраўды для яго была вельмі каштоўнай рэччу і ныраць па яе варта было.
— Але што ж тады азначае той «вермахт», «падаруначак ад немцаў»? — сказаў я. — І тыя «дваццаць жалезных», і ўсё астатняе?
Да звычайнай, няхай сабе нават стэндавай стрэльбы ўсе гэтыя таямнічыя шпіёнскія словы ніяк не падыходзілі.
— Не, яны не па стрэльбу, — упэўнена сказаў Ява. — Гэта точна! Папуша, памятаеш, гаварыў, што ён добра таму заплаціць, хто яе выцягне, каб толькі выцягнулі. Дык чаго ж хавацца...
Правільна, я ўспомніў, Папуша так гаварыў. І ён заплаціў бы нават больш, чым тая стрэльба каштавала, бо, акрамя ўсяго, верыў, што ад яе залежала яго паляўнічае шчасце (штосьці залішне часта «мазаў» ён са сваёй новай «тулячкі»).
Варыянт са стрэльбай адпадаў.
Тым часам Бурміла зноў нырнуў, смешна дрыгнуўшы над вадой нагамі ў ластах. І амаль што адразу вынырнуў. З трубкі, якую ён трымаў у роце, як з фантана, метры на два ўгару, лупянула вада. Потым кашаль і лаянка:
— А... няхай яго чорт! Гэта ж утаплюся, і квіт! Навошта яно мне патрэбна!
— Ну, ша-ша-ша! Як хлапчук! — скрывіўся Кныш.
— Гэта чортавая маска мяне падводзіць, — Бурміла рвануў з твару маску. — Я думаю, што гэта так, як у процівагазе, і пачынаю дыхаць. А там — вада... Адразу захлынаюся. У мяне ж жабраў няма.
— Значыцца, трэба падстрахаваць. Падстрахаваць трэба. Прывяжам да тваёй нагі вяроўку, я канец у руцэ буду трымаць — для страхоўкі. У выпадку чаго, я раз — і выцягну. Але тое ўжо іншым разам. На сёння досыць. — Кныш глянуў на гадзіннік: — А то я на аэрадром спазняюся. Я ж табе казаў — спецзаданне.
Мы пераглянуліся.
«Аэрадром», «спецзаданне»... Гэта нешта такое... Адным словам, кроў з носа — мы павінны ведаць, што гэта за спецзаданне на аэрадроме.
— Гайда! — шэпча Ява і хапаецца за вясло. Я таксама.
Ніколі яшчэ наша пласкадонка не імчалася так, як цяпер. Вада ажно вірылася за кармой. Нам патрэбна было абавязкова раней Кныша даплысці да берага.
РАЗДЗЕЛ V. Кішэнная атамная бомба на транзістарах. Хто такі Фарадзеевіч
І вось мы ўжо штосілы бяжым па вуліцы. Убягаем на калгасны падворак, дзе стаіць грузавік Кныша, і адразу тармозім. Фу! Тут ужо бегчы нельга, бо звернем на сябе ўвагу. А нам трэба незаўважна, паціхеньку залезці ў кузаў грузавіка.
І мы, засунуўшы рукі ў кішэні і незалежна паплёўваючы, павольна сунемся па падворку. Насустрач белазуба ўсміхаецца замурзаны (усё аблічча ў мазуце) камбайнер Грыць Кучарэнка.
— Здароў, хлопцы! Што — гайку якую-небудзь трэба?
— Ды не, так проста... Гуляем... — раўнадушна цвыркнуў праз зубы Ява.
— Ну, глядзіце мне, калі паўкамбайна прападзе, ногі паадкручваю, — смяецца Грыць і ідзе ў адчыненыя дзверы майстэрні.
Мы азіраемся. Здаецца, ніхто не бачыць.
— На абардаж! — дае каманду Ява.
Раз-раз-раз! Гоп! Ён ужо ў кузаве. Цяпер я.
Раз-раз-раз!.. Др-р-р!..
А каб цябе!.. Зачапіўся і — як штаны на плоце — на два бакі звесіўся. Ні туды, ні сюды.
Ява хапае мяне за каўнер — смык! Др-р-р-рррр... Гоп! Як жаба, ляпнуўся я ў кузаў. Лып — такі добры кавалак штаноў трохвугольнікам адваліўся, цела маё грэшнае нябёсам выставіў. Ой, і пападзе мне ад маці! Што ж, давядзецца цярпець, за шпіёнамі ганяцца — не ў шашкі гуляць.
Толькі б Кныш у кузаў не зазірнуў... Бо павыкідвае за шкіркі, як шчанят, ён такі! Колькі ні прасі: «Дзядзька, пакатайце» — ніколі не возьме. І схавацца, прыкрыцца няма чым — зусім парожні кузаў.
Ажно вось бразнулі дзверцы, завурчаў матор — уздрыгнула і рушыла з месца машына.
Читать дальше