— З кім менавіта?
— З мулой [6] Адукаваны чалавек.
Абдулвахабам.
— Абдулвахабам?! — Барадач спахмурнеў і нейкім новым позіркам агледзеў юнака з галавы да ног. — Хто ён вам? Ці не брат?
— Не, мы проста аднавяскоўцы. Хачу перадаць яму вестку ад бацькі.
— Абдулвахаба тут няма, — сказаў мужчына пасля нядоўгай развагі.
Малады чалавек пытальна пазіраў на яго.
— Ваш зямляк выявіў чорную няўдзячнасць... — неахвотна пачаў барадач. — Ён быў варты шыбеніцы, але, дзякуй Усявышняму, вялікі султан памілаваў яго... Не вучобе аддаў ён перавагу, а лайдацтву... Абдулвахаб пайшоў з медрэсэ.
— Ён вярнуўся дахаты?
— Вы можаце знайсці яго ў ханацы.
— Тут? — хлопец кіўнуў у бок ханакі, насупраць медрэсэ.
— Не, сюды ён не зазірае. Пашукайце яго на ўскраіне...
Да вечаровай малітвы яшчэ заставалася трохі часу, і малады чалавек вырашыў перш за ўсё дамовіцца наконт месца ў караван-сараі. Адыходзячы ў Самарканд, ён разлічваў, што яму паспрыяе Абдулвахаб: зямляк у чужым горадзе — немалая падмога. Цяпер жа даводзілася абыходзіцца сваімі сіламі...
Землі іхніх бацькоў былі побач. Але ўгоддзі Абдулвахабавага бацькі ў некалькі разоў большыя. На ягоных палях рабілі шмат жыхароў кішлака. А па перадгор'ях — ад Андзіжана да Оша — пасвіліся ягоныя статкі... Шамсібек вучыўся з Абдулвахабам у адной школе; баеў сын ужо тады не вызначаўся рупнасцю і кемлівасцю. Але тым не менш, выконваючы бацькаву волю, ён накіраваўся ў сталічнае медрэсэ. Уладкаваўшы сына, Байбува вярнуўся ў свой кішлак вельмі задаволены. З той пары яго нашчадка клікалі не іначай як «мула Абдулвахаб»...
Пакінуўшы каня ў стайні, малады чалавек заняў адзін з верхніх пакояў. Потым спусціўся ў двор і, памыўшыся з меднага кумгана, накіраваўся на малітву.
Дарогай ён разглядваў усіх сустрэчных у надзеі сустрэць знаёмы твар. Але Абдулвахаба не было відаць ні на вуліцы, ні ў шматлюднай мячэці.
Прачытаўшы малітву, юнак правёў далонямі па твары і разам з усімі стаў прабірацца да выхаду. Каля мінарэта ён убачыў двух дэрвішаў і рушыў да іх у надзеі даведацца пра свайго школьнага таварыша. Ён ужо адкрыў рот для прывітання, як адзін з дэрвішаў усклікнуў:
— Шамсібек!
Малады чалавек са здзіўленнем пазнаў у схуднелым пачарнелым абадранцу Абдулвахаба. Скура на скулах, што выпіралі з твару, лупілася, вочы глыбока запалі і ліхаманкава блішчалі...
Абняўшыся, землякі пакрочылі ў бліжэйшую чайхану. Абдулвахаб пажвавеў: не кожны дзень удаецца сустрэць аднавяскоўца! Шамсібек жа быў засмучаны: у гэтым ссохлым дэрвішу амаль нічога не нагадвала пра жыццярадаснага і квітучага хлопца, які шэсць гадоў назад пакінуў родны кішлак. Усеўшыся каля хауза [7] Басейн.
, сябры пэўны час маўчалі. Нарэшце Шамсібек спытаўся:
— Ты кінуў медрэсэ?
— Я выракся блюзнерскага мудравання, якое пашыралі служкі пекла! — усклікнуў Абдулвахаб. — Але вера ў замагільную аддзяку прывяла мяне да піра [8] Духоўны настаўнік.
. Блажэнны той, хто вымольвае ва Ўсявышняга міласці для людзей, — няма справы больш пачэснай, як штодзённае, штогадзіннае служэнне Алаху!
Ледзь заўважна ўсміхнуўшыся, Шамсібек адпіў глыток зялёнай гарбаты з піялы. Потым, гледзячы проста ў вочы дэрвішу, прачытаў:
Ты ж сам мяне з гліны зляпіў! — Што ж рабіць мне?
Мяне, як тканіну, саткаў. — Што ж рабіць мне?
І зло і дабро, што здзяйсняю, прадвызначыў ты.
Лёс мой сам ты накрэсліў на лбе маім! — Што ж рабіць мне?
Піяла заскакала ў Абдулвахабавай руцэ. У вачах яго ўспыхнуў змрочны агонь.
— Пабойся Алаха! — гучна прамовіў ён. — Малі яго: няхай ён даруе табе гэты грэх!
Людзі, што сядзелі на суседняй суфе [9] Земляное ўзвышша.
, з цікавасцю паглядзелі ў іхні бок.
— Пра што ты гаворыш? — спакойна адказаў Шамсібек. — Гэта словы Амара Хаяма. Паэт кажа: усё, што ні ёсць на свеце, усё ад Бога. У тым ліку і нашыя грахі, і нашыя добрыя справы. Якая карысць у тым, каб, аддаўшыся багамоллю, адрачыся назаўжды ад весялосці? Хіба не грэх дарма губіць сваё жыццё?
— Прыкусі язык! Не слухайся падбухторвання служак пекла!
— Хай гэта словы д'яблапаклонніка, а праведны шлях — гэта шлях духоўнага ўдасканалення Хаджы Ахрора. Але як жа быць з тваімі ранейшымі заняткамі? Няўжо здабыццё ведаў — грэх?
Абдулвахаб непрыязна зірнуў на земляка, але змаўчаў. Размова іх перарвалася. Шамсібек паглядваў на прысутных у чайхане, а дэрвіш, утаропіўшыся ў зямлю, перабіраў ружанец.
Чайханшчык прынёс свежай гарбаты. Абдулвахаб узняў вочы на земляка:
Читать дальше